2 траўня 2024, Чацвер, 2:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што на гэты момант вядома пра праграміста, які застрэліў супрацоўніка КДБ

61
Што на гэты момант вядома пра праграміста, які застрэліў супрацоўніка КДБ
АНДРЭЙ ЗЭЛЬЦЭР

У момант трагедыі сына Андрэя Зэльцэра дома не было.

Амаль адразу пасля паведамлення пра здарэнне ў Менску ў кватэры на вуліцы Якубоўскага з'явіліся звесткі пра стралка – яго завуць Андрэй Зэльцэр, ён айцішнік з Менска і працаваў у ЕРАМ.

Пазней супрацоўнікі кампаніі і сябры мужчыны пацвердзілі zerkalo.io: на відэа са стральбой яны пазналі Андрэя.

– У яго запамінальная знешнасць, – тлумачыць сябар Андрэя, які пазнаў яго на відэа.

На кадрах, кажа ён, кватэра, дзе Андрэй жыў з жонкай і сынам. Хлопчыку, мяркуе, гадоў 9–10. Паводле словаў суседзяў, у момант трагедыі дзіцяці дома не было. Ён сышоў у школу.

Вядома, што Андрэю 31 год. Мяркуючы з звестак «Укантакце», у 2008-м ён атрымаў дыплом у менскім каледжы бізнэсу і права. На Facebook знайшлася старонка з ягоным фота ды імем. Там амаль ніякай інфармацыі пра чалавека, можна толькі заўважыць, што сярод ягоных сяброў нямала людзей з тэхнічнай адукацыяй, якія працуюць у IT. А вось сярод падпісак карыстальніка – толькі старонка, прысвечаная фехтаванню.

– Андрэй кандыдат у майстры спорту ў рапіры, але цяпер трэніруецца на шаблі. Займаецца ён у аматарскім клубе. Там год таму мы і пазнаёміліся, – расказвае прыяцель маладога чалавека. – Трэніроўкі ў яго тройчы на тыдзень, і ён іх не прапускае. Учора з 20 да 22 ён таксама быў на занятку. Я заязджаў у клуб са сваімі пытаннямі, і мы ненадоўга перасекліся. Настрой у яго быў добры, як заўсёды, на пазітыве.

КАЛАЖ: ЗДЫМКІ АНДРЭЯ ЗЭЛЬЦЭРА З ЯГОНАГА INSTAGRAM @ANDREWZELTSER

У Instagram мянчук актыўна дзяліўся здымкамі з трэніровак. «Не выйсці з кулі на спаборніцтвах – зроблена. Усё бывае першы раз», – напісаў ён чатыры дні таму ў сацсетках. (У фехтаванні «куляй» звычайна называюць групу ўдзельнікаў на спаборніцтвах. – рэд.)

Мяркуючы з адзнакаў да здымкаў, яны былі зробленыя ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» пад Менскам. Адзначым, што на мінулым тыдні там якраз праходзіў Рэспубліканскі турнір наймацнейшых у фехтаванні, удзельнічалі 180 чалавек. Акрамя таго, у верасні малады чалавек дзяліўся сваімі фота з веламарафону і трэйлавага забегу «Kaspersky Race Купалле», дзе ўзяў некалькі медалёў.

– Ён увесь час ездзіў на нейкія спартовыя турніры, – прадаўжае расказваць сябар і кажа, што Андрэй вельмі таварыскі чалавек. – Паўтара тыдні таму мы з ім прайшліся па парку. Звычайна, калі ў яго здараліся нейкія праблемы, ён пра іх расказваў, але тут не адчувалася нічога падазронага. Ён не казаў, што з боку міліцыі ці КДБ да яго ёсць нейкія пытанні. Вёў ён сябе абсалютна спакойна.

КАЛАЖ: ЗДЫМКІ АНДРЭЯ ЗЭЛЬЦЭРА З ЯГОНАГА INSTAGRAM @ANDREWZELTSER

Следчы камітэт паведаміў, што жонку Андрэя Зэльцэра затрымалі ўчора ўвечары.

«Ягоная 40-гадовая жонка, якая таксама праводзіла відэаздымку злачынства і судзейнічала ягонаму здзяйсненню, затрыманая паводле падазрэння ў суўдзеле забойства супрацоўніка КДБ», – дадалі ва ўстанове.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках