2 траўня 2024, Чацвер, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанчына з відэа перастрэлкі ў Менску – хто яна?

8
Жанчына з відэа перастрэлкі ў Менску – хто яна?

Некалькі невядомых раней фактаў пра Марыю Успенскую.

Учора ў Менску падчас перастрэлкі ў кватэры былі забітыя супрацоўнік КДБ і мужчына, які знаходзіўся ў кватэры. Ягоная асоба вызначаная: гэта 31-гадовы Андрэй Зэльцэр, супрацоўнік EPAM і аматар спорту. Але пра жанчыну, якая таксама з'яўляецца на відэа аператыўнай здымкі, пакуль інфармацыі мала.

Сайт zerkalo.io сабраў усё, што вядома пра яе на гэты момант.

Анкетныя звесткі

Як атрымалася даведацца, жанчыну на відэа клічуць Марыя Успенская, ёй 40 гадоў. З Андрэем Зэльцэрам яна распісаная з 2011 года, і гэта ўжо другі шлюб для жанчыны. У 2007 яна выходзіла замуж за Аляксандра Успенскага – і тады ж змяніла дзявочае прозвішча Юрчанка.

Атрымалася даведацца, што Марыя практычна з самага нараджэння прапісаная ў кватэры на Якубоўскага, у якой адбыўся інцыдэнт. Хутчэй за ўсё, гэта яе жылплошча, якая «перайшла ў спадчыну» ад бацькоў. Некаторыя чытачы паведамлялі нам, што Марыя вучылася ў менскай школе № 151 – яна якраз размешчаная на Якубоўскага.

Таксама вядома пра два месцы працы Марыі: у 2003-м яна была працаўладкаваная ў «ДорОрс» эканамісткай. Да моманту ўчорашняй трагедыі жанчына працавала прадаўцом у сетцы крамаў «Міла».

У Марыі ёсць сын, яго завуць Уладзіслаў.

«Вельмі жыццярадасная, вельмі кахала мужа»

На ўмовах ананімнасці мы здолелі пагутарыць з сяброўкай Марыі. Дзяўчына падкрэслівае, што сяброўкамі яны з ёй не былі: проста добра размаўлялі.

– Маша заўсёды на пазітыве, вельмі жыццярадасная. Яна вельмі кахала мужа і вельмі даражыла стасункамі з ім. Яны з Андрэем хадзілі да псіхолагаў: праблемаў не было, проста для яшчэ больш моцных стасункаў, – удакладняе дзяўчына. – У Машы сапраўды быў вельмі малады прыгожы муж. Часта ў выходны яны прыязджалі разам на працу на патрэбу – там я іх удваіх і бачыла.

Паводле словаў суразмоўцы, Марыя не згадвала нічога, што хоць бы ў тэорыі магло паказваць на магчымасць таго, што адбылося.

– Узорная, шчасная сям'я. Учора, калі я ўбачыла відэа – быў шок. А калі даведалася, што яна на Акрэсціна, а Андрэй забіты, не ўкладвалася ў галаве. Як такое магло адбыцца? – задаецца пытаннем дзяўчына. – Не ведаю, як яна гэта перажыве.

Таксама мы знайшлі яшчэ аднаго чалавека, знаёмага з Марыяй – дзяўчыну, з якой яна збірала подпісы пасля выбараў.

– Дзяўчына з відэа дапамагала мне збіраць подпісы. Пасля выбараў, пачынаючы з 10 жніўня, мы з ёй хадзілі па пад'ездах і прасілі падпісацца тых, хто галасаваў за Ціханоўскую. Хацелі банальна паказаць, што іх больш за 100, як паказана ў афіцыйным пратаколе, – кажа суразмоўца. – Відавочна, [Андрэй і Марыя] ніякія не тэрарысты. Проста актыўныя людзі.

Дзяўчына заўважыла, што падчас збору подпісаў яны не паспелі шмат пагутарыць. У асноўным Марыя гаварыла пра дзіця:

– Пра дзіця згадвала, пра мужа не. Толькі тое, што ён моцна маладзейшы за яе. Я здзівілася, што ёй пад 40 было, – успамінае суразмоўца. – Яна вельмі энэргічная і баявая. Відаць было, што даўно жыве ў тым доме: калі праходзілі па пад'ездзе, ведала, каму лепш нават не грукаць у дзверы. А пазнаёміў нас іншы назіральнік з майго ўчастка. Яны з Марыяй вельмі добра былі знаёмыя.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках