19 траўня 2024, Нядзеля, 22:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэнісіста Новака Джокавіча дэпартавалі з Аўстраліі

13
Тэнісіста Новака Джокавіча дэпартавалі з Аўстраліі

У нядзелю вечарам спартовец вылецеў з Мельбурна ў Дубай.

Тэнісіста Новака Джокавіча дэпартавалі з Аўстраліі, пасля таго як Федэральны суд адхіліў яго апеляцыю на паўторнае ануляванне візы. У нядзелю ўвечары спартовец вылецеў з Мельбурна ў Дубай, паведамляе ВВС.

Калегія з трох суддзяў на чале з Джэймсам Алсопам пагадзілася з пастановай міністра ў справах іміграцыі, які разважыў, што выдача візы невакцынаванаму ад ковіда Джокавічу можа справакаваць усплёск антыпрышчэпачных настрояў.

Такім чынам, Джокавіч не зможа згуляць у Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, перамога ў якім дала б яму чыстае першае месца паводле колькасці тытулаў на турнірах Вялікага шалома.

Джокавіч заявіў, што вельмі расчараваны пастановай суда, але будзе яе паважаць. "Я буду супрацоўнічаць з уладамі ў тым, што да майго ад'езду з краіны", - гаворыцца ў заяве спартоўца.

На матчы ў панядзелак замест Джокавіча выступіць італьянец Сальваторэ Каруза, які займае 150-е месца ў рэйтынгу ATP.

"Чарга сумных падзей"

Фота: Reuters

Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) заявіла, што адсутнасць Новака Джокавіча на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі стане стратай для турніру. Тым не менш у арганізацыі падкрэслілі, што па-ранейшаму настойліва рэкамендуюць вакцынавацца ўсім гульцам.

Паводле заявы ATP, ануляванне аўстралійскай візы Джокавіча ставіць кропку ў "чарзе сумных падзей".

Прэм'ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан вітаў пастанову суда, заявіўшы, што яна дапаможа захаваць межы трывалымі і гарантаваць бяспеку аўстралійцаў.

Адвакат урада Стывен Лойд адказаў, што для ўрада важны сам той факт, што цяпер, у пачатку 2022 года, Джокавіч дагэтуль не прышчапіўся.

"Цалкам лагічна выказаць здагадку, што чалавек, які займае такое становішча ў грамадстве, мог зрабіць прышчэпкі, калі б хацеў", - сказаў адвакат.

Адзінаццаць дзён спрэчак

Першы раз віза Джокавіча была ануляваная 6 студзеня: пасля прыбыцця спартоўца ў Мельбурн супрацоўнікі памежнай службы Аўстраліі заявілі, што ён не змог давесці, што сапраўды мае права на медычны адвод ад вакцынацыі.

Джокавіч правёў некалькі дзён у цэнтры для мігрантаў, якія падлягалі дэпартацыі, перш чым аўстралійскі суд распарадзіўся яго вызваліць і аднавіць візу. Суддзя пастанавіў, што супрацоўнікі памежнай службы ў парушэнне працэдуры не далі спартоўцу дастаткова часу, каб ён змог атрымаць і падаць неабходныя паперы.

Спартовец змог прыступіць да трэніровак, а пакуль ён трэніраваўся, у прэсе з'явілася шмат падрабязнасцяў, якія ўсё больш распальвалі аўстралійскае грамадства. Сярод іншага Джокавіч прызнаўся, што ўдзельнічаў у грамадскім мерапрыемстве ў Сербіі, ведаючы, што заражаны ковідам.

Фота: EUROLEAGUE/GETTY

У пятніцу ўвечары міністр у справах іміграцыі Алекс Хоўк другім разам ануляваў візу Джокавіча, скарыстаўшыся пунктамі закона аб міграцыі, якія дазваляюць міністру дэпартаваць кожнага, хто можа несці рызыку для "здароўя, бяспекі і правапарадку аўстралійскага грамадства".

Прэм'ер-міністр краіны Скот Морысан заявіў, што гэтая пастанова была старанна абдумана, і ўрад прыслухаўся да тых суграмадзянаў, якія рэзка крытыкавалі яго за пастанову ўпусціць невакцынаванага спартоўца ў краіну.

З дакументаў, пададзеных у суд, вынікае, што Хоўк пастанавіў ануляваць візу тэнісіста, бо, з яго пункту гледжання, прысутнасць невацынаванага спартоўца можа распаліць у людзях антыпрышчэпачныя настроі і нават справакаваць беспарадкі.

Новак Джокавіч цяпер дзеліць першае месца ў колькасці пераможаных турніраў Вялікага шалома з Роджэрам Федэрэрам і Рафаэлем Надалем: ва ўсіх траіх - па 20 перамог. На гэтым Australian Open серб спадзяваўся выйсці на чыстае першае месца і стаць найлепшым тэнісістам у гісторыі. У Australian Open ён перамагаў дзевяць разоў, у тым ліку апошнія тры гады.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках