16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 0:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады Францыі запатрабавалі ад Total павысіць заробкі працоўным страйкоўцам НПЗ

4
Улады Францыі запатрабавалі ад Total павысіць заробкі працоўным страйкоўцам НПЗ

Супрацоўнікі страйкуюць ужо некалькі тыдняў.

Страйк супрацоўнікаў нафтасховішчаў і нафтаперапрацоўчых заводаў, які доўжыцца ўжо некалькі тыдняў, пакінуў блізу трэці АЗС у Францыі без паліва. Вытворчасць бензіну ўпала больш як на 60 адсоткаў. Перамовы прафзвязаў з нафтавымі кампаніямі пра павышэнне заробкаў пакуль не даюць вынікаў, паведамляе The Moscow Times.

Абстаноўка можа абвастрыцца: федэрацыя прафзвязаў энэргетычных кампаній FNME-CGT заклікала 18 кастрычніка пачаць агульнанацыянальны страйк супрацоўнікаў энэргетычнага сектару, які распаўсюдзіцца на такія кампаніі, як электраэнэргетычная Electricite de France (EDF) і газавая Engie.

Сітуацыя ў энэргетычнай галіне Францыі ўскладняецца нізкай выпрацоўкай электрычнасці атамнымі электрастанцыямі, на якія раней прыпадала блізу 80 адсоткаў электрагенерацыі ў краіне. Планавыя і пазапланавыя рамонтныя працы праходзяць амаль на палове з 56 рэактараў, і супрацоўнікі пяці АЭС ужо далучыліся да страйку.

У супрацьстаянне сталі ўключацца міністры. Пачынаць перамовы з прафзвязам CGT ужо позна, заявіў радыё RTL міністр фінансаў Бруна Ле Мэр:

Калі б вы ведалі, якія прыбыткі яны атрымліваюць... У кампаній, якія маюць магутнасці, ёсць абавязак павысіць заробкі, і Total – адна з іх.

Яго падтрымала міністарка энэргетыкі Аньес Панье-Рюнашэ. «Total трэба падняць заробкі», – сказала яна, але пры гэтым дадала, што ўрад можа прымусіць супрацоўнікаў нафтасховішчаў вярнуцца на працу. У чацвер на іх указанне аднавіла працу ў адгрузцы паліва частка супрацоўнікаў Exxon Mobil; некаторыя сябры прафзвязу (але не CGT) дамовіліся пра павышэнне заробку на 6,5%.

Пакуль прадаўжаецца блакада аб'ектаў, умовы для вядзення перамоваў адсутнічаюць, заявіла Total, але дадала, што ў снежні выплаціць сваім супрацоўнікам ва ўсім свеце бонус памерам месячнага заробку. Кампанія таксама паведаміла, што ўжо сказала прафзвязам пра свой намер разгледзець павышэнне заробкаў на 6% у 2023 г., каб кампенсаваць інфляцыю гэтага года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках