4 снежня 2022, Нядзеля, 22:54
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лукашэнкі скончыліся халуі

45
У Лукашэнкі скончыліся халуі

На «Гродна Азоте» дырэктара-дурня замянілі на дырэктара-дубалома.

Некаторыя беларускія прызначэнцы могуць пачынаць выпускаць цэлыя альманахі з самымі рознымі інструкцыямі аб разбурэнні эканомікі Беларусі. Здаецца, проста немагчыма настолькі бяздарна кіраваць прадпрыемствамі і складваецца адчуванне, што іх недзе гэтаму навучалі.

На гэтым этапе беларусы назіраюць за эпічным заходам аднаго з самых буйных і важных прадпрыемстваў Беларусі – "Гродна Азота". Былі часы і танаж прадукцыі прадпрыемства карміў усю Гарадзенскую вобласць. Будучы адным з самых стабільных экспарцёраў азотных угнаенняў прадпрыемства з'яўлялася буйной крыніцай валюты для беларускай эканомікі.

У 2020 годзе свет даведаўся пра прадпрыемства не толькі як пра пастаўшчыка ўгнаенняў. Гучны пратэст працоўных супраць фальсіфікацыі выбараў не проста здзівіў увесь свет, а прымусіў лукашыстаў адступіць і спыніць гвалт на вуліцах Гародні. Спалоханы дыктатар тэрмінова ўжыў захады і прызначыў свайго асабістага халуя Ігара Ляшэнку на месца дырэктара, каб "навесці парадак". Але паняцце парадку ў прызначэнца – гэта поўная разруха. Менш за два гады сышло, каб знішчыць флагман беларускай прамысловасці.

Свой шлях на прадпрыемстве Ляшэнка пачаў са звальненняў прафесіяналаў вытворчасці, што прывяло да вялізнай колькасці аварый, выцечак, пазапланавых прыпыненняў за 2021 – 2022 год. Вельмі рэдка можна пачуць пра яго хоць нешта дадатнае. Сваю неадукаванасць і нявопытнасць ён з лішкам кампенсаваў хамствам, што таксама выклікала хвалю звальненняў. Ляшэнка не ўзяў да ўвагі, што "Гродна Азот" спецыфічнае прадпрыемства, з даўно састарэлым абсталяваннем могуць справіцца толькі прафесіяналы, якія год за годам атрымлівалі каласальны досвед працы на ім. Не стала старажылаў завода і – вынік відавочны.

Фіналам ягонай скандальнай кар'еры стала апошняя паломка, якая адбылася ў жніўні ў цэху "Карбамід-3". Выйсце са строю калоны нідэрландскай вытворчасці, якая не мае аналагаў, надоўга замарозіла працу двух цэхаў.

Ляшэнку спалохалі выцечкі фатаграфій са змятай калонай, запоўненымі складамі з прадукцыяй, а таксама некаторыя дыялогі, запісаныя на дыктафон. Сваім, магчыма, апошнім распараджэннем ён забараніў выкарыстанне смартфонаў на прадпрыемстве і запатрабаваў набываць кнопкавыя тэлефоны за кошт працоўных.

Неўзабаве на прадпрыемстве будуць змены: чакаецца змена аднаго дурня на іншага, яшчэ больш непісьменнага. Паводле апошняй інфармацыі з прадпрыемства, Ігара Ляшэнку звальняюць за халатнасць і непрафесіяналізм.

Відавочна, што ў Лукашэнкі з кадрамі настолькі ўсё дрэнна, што на месца дырэктара небяспечнага хімічнага прадпрыемства прэтэндуе былы міністр унутраных справаў Юры Караеў. У 2020 годзе дыктатар прызначыў яго інспектарам Гарадзенскай вобласці. Гэты персанаж адрозніваецца асаблівай нянавісцю да беларускага народа. Ён асабіста аддаваў загад аб затрыманні блогера Сяргея Ціханоўскага на пікеце ў Гародні, а таксама заклікаў сілавікоў "нікога не шкадаваць". Дарэчы, ён не мае ніякай спецыяльнай адукацыі ў сферы мэнэджмэнту і, тым больш, у сферы хімічнай вытворчасці.

Падобна, "Гродна Азот" чакаюць яшчэ цяжэйшыя часы: дырэктара-дурня замянілі на дырэктара-дубалома. Гэта будзе выдатнай дапамогай у працы санкцый, якія павольна, але дакладна дабіваюць прадпрыемства. З невукамі ў кіраўніцтве гэты працэс паскараецца ў разы. Прыклад Ляшэнкі – прамое сведчанне. У гэтай сітуацыі выпрацоўкай прадукцыі, вывядзеннем прадпрыемства з крызісу і атрыманнем прыбытку займацца проста няма каму. Новая хваля адтоку кадраў у выніку прывядзе да поўнага закрыцця флагмана беларускай хімічнай галіны.

 Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!» 

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».