27 красавiка 2024, Субота, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Іду на працу як на свята»

12
«Іду на працу як на свята»

Як беларус адкрыў дзве СТА ў Варшаве.

Аляксандр з Гародні ўжо некалькі гадоў жыве ў Варшаве і час дарма не губляе. Тры гады таму ён адкрыў з сябрамі з Гародні першы аўтасэрвіс у польскай сталіцы, а нядаўна яшчэ адзін. Працуюць у яго на сэрвісе выключна беларусы, да гэтага ён прыйшоў метадам «проб і памылак», а вось кліенты розныя - і суайчыннікі і палякі. расказвае пра тое, як працуе аўтасэрвіс гарадзенца.

Аўтасэрвіс знаходзіцца ў раёне прыватнай забудовы, побач паркі і шмат зеляніны. Вакол ціха, а на станцыі не змаўкае праца. У чатырох боксах працуюць 5 аўтамайстроў розных профіляў: ад аўтаэлектрыка і адмыслоўца па ўсталяванню газавага абсталявання, да майстроў па рамонце рухавікоў і падвескі.

- Чаму ты наважыў адкрыць другі аўтасэрвіс?

- Скажу шчыра, я хацеў пазіцыянавацца інакш. Першы сэрвіс мы шырока разрэкламавалі сярод расейскамоўнага насельніцтва, да нас добра паехалі, запіс ідзе на некалькі дзён наперад, але сярэдні чэк не такі высокі, як мог бы быць. Што мы ні рабілі, польскія аўтаўладальнікі не ехалі, а яны прызвычаіліся плаціць больш. Таму я пастанавіў адкрыць СТА яшчэ і ў іншым месцы, даваць рэкламу толькі на польскай і засяродзіцца менавіта на мясцовым насельніцтве.

- Атрымалася?

- Не зусім, - усміхаецца Аляксандр. – Паціху пра нас сталі даведвацца расейскамоўныя хлопцы і цяпер у нас на пад'ёмніках зноў аўтамабілі беларусаў, украінцаў і расейцаў. Але ўсё адно, я вельмі рады, што так здарылася. Няма пагоні за высокімі коштамі, затое атмасфера максімальна прыемная. Я атрымліваю задавальненне ад сэрвісу і ад кліентаў, са шматлікімі мы пасябравалі, іду на працу як на свята. Кліенты-палякі таксама ёсць, я вывучыў польскую мову, мой мэнэджар карэнны паляк - мы без пытанняў абслугоўваем аўто мясцовых кіроўцаў, але пагоні за імі ўжо няма.

Паводле ацэнак Аляксандра, цяпер у яго на сэрвісе 40% мясцовых кіроўцаў. Польскія кіроўцы ў асноўным прыязджаюць з найбліжэйшых вуліц і становяцца сталымі кліентамі. Яны паступова пачынаюць раіць беларускі аўтасэрвіс сваім знаёмым. І, здаецца, гэта правільны шлях: палякі прывыклі давяраць рэкамендацыям і ў момант пошуку аўтамайстра пытаюцца ў сяброў, чытаюць у Фэйсбуку, а ўжо потым едуць на незнаёмы сэрвіс.

- Ты набыў гэтыя памяшканні?

- Узяў у арэнду. Тут ужо некалі спрабавалі развіваць аўтасэрвіс, усё пабудавалі менавіта для абслугоўвання аўтамабіляў, але з розных прычынаў справа не пайшла. Гаспадар доўга шукаў, хто мог бы прадоўжыць яго пачынанні і тут я яго знайшоў. Мы пазнаёміліся, мне спадабаўся будынак і колькасць ужо ўсталяванага абсталявання, а яму спадабалася, як мы развіваем свой першы аўтасэрвіс. У выніку мы прыйшлі да дамоўленасці. Больш за тое, мы сталі так добра падтрымліваць стасункі, што да нас прыйшоў працаваць яго сын Патрык, які цяпер узначальвае наш рэсэпшэн - мае стасункі з кліентамі, заганяе і выганяе аўтамабілі з боксаў, заказвае запчасткі. Ён і расейскую мову з намі падцягнуў, цяпер ужо ўсё разумее. Мусіць, усё разумее, - смяецца ён.

- А як ты знаходзіш майстроў і адкуль усе хлопцы?

– У асноўным працуе «сарафаннае радыё». На першы сэрвіс пачалі працаўладкоўвацца аўтамайстры з Беларусі, сталі рэкамендаваць сваіх сяброў і так удалося набраць дастаткова моцную каманду. Былі ў нас і майстры з іншых расейскамоўных краін, але неяк не склалася. Можа, не шанцавала. У выніку цяпер у нас на абодвух сэрвісах працуюць толькі нашы беларусы. Хтосьці пераехаў назусім ці надоўга, а хтосьці працуе вахтавым метадам. Жыве пару месяцаў у нас на СТА і потым - дадому. Але не палохайцеся, у нас тут нармальныя ўмовы, я ўсё пакажу, - кажа Аляксандр.

- А якія ў цябе выдаткі на ўтрыманне памяшканняў? Плошча ўсяго комплексу не маленькая, як ён ацяпляецца?

- Асноўныя выдаткі - гэта арэнда, ацяпленне і электрычнасць. На электрычнасць марнуем амаль 1000 злотых на месяц (амаль 550 беларускіх рублёў). Ацяпляем газам, мы падключаем балоны і выходзіць вельмі дорага. На тыдзень аддаём 1 000 злотых на абаграванне (2 200 беларускіх рублёў за месяц), а яшчэ не холадна. Уласнік абяцае падключыць нас да цэнтральнага ацяплення, тады будзе танней.

– Мазутам паліць можна?

- У Польшчы катлы на вадкім паліве забароненыя, усё праз смог. Варшава - не самы чысты горад у гэтым плане і нам свой унёсак у забруджванне ўносіць нельга. Дарэчы, тут вельмі строга з утылізацыяй адкідаў. Напрыклад, аліву мы не можам проста так камусьці аддаць, спаліць ці выкінуць. Трэба падпісаць кантракт з тымі, хто утылізуе адкіды. І калі за ўтылізацыю алівы нам даплачваюць блізу 0,18 злотых за літр, то за ўсё астатняе плацім мы. Напрыклад, нядаўна здавалі дзве бочкі з фільтрамі, заплацілі амаль 600 злотых (330 беларускіх рублёў). Плаціць трэба за ўтылізацыю антыфрызаў, акумулятараў, пластыка, рыззя і гэтак далей.

У адным з памяшканняў мы ўсталёўваем газавае абсталяванне на аўтамабілі. Для мяне было адкрыццём тое, як шмат у Польшчы Toyota Prius перайшлі на газ. І такое адчуванне, то гэты кірунак становіцца ўсё больш папулярным. У нас ёсць усё абсталяванне і ўсе кампаненты для ўстаноўкі ГБА, праўда, балоны на месцы не трымаем. Іх заказваем індывідуальна пад кожнага кліента. Пастаўшчыкі прывозяць патрэбны балон цягам дзвюх гадзін. Так, у прынцыпе, з усімі запчасткамі. Дзве гадзіны - у цябе на сэрвісе патрэбная запчастка, - кажа Аляксандр.

У іншым памяшканні ў нас працуе аўтаэлектрык, вельмі прафесійны хлопец з Менска, робіць усе тыпы работ, - кажа Аляксандр і паказвае, наколькі зручны кампактны аўтамабільны пад'ёмнік у цэнтры бокса.

Побач яшчэ адно памяшканне з шынамантажным абсталяваннем. Аляксандр гаворыць, што шынамантаж не асноўны профіль станцыі, але перыядычна гэта паслуга патрэбная.

- Якія кошты шынамантажу цяпер у Польшчы?

- Самыя хадавыя колы R16 мяняем за 160 злотых (90 беларускіх рублёў, для параўнання, у Гародні гэтая паслуга каштуе 30-40 рублёў). Дарэчы, у Польшчы зімовая гума неабавязковая, але кіроўцы самі масава пераходзяць на зімовыя шыны.

Ён прыводзіць у прыклад і іншыя кошты:

Агулам памяняць счапленне ў стандартным аўтамабілі - ад 700 да 1000 злотых.

Замена рамяня ГРМ - ад 700 злотых.

Падвеска (перакінуць дыскі, калодкі) - 150 злотых.

Замена алівы ў рухавіку - ад 80 злотых.

Калі параўнаць з коштамі, якія нам агучваў Аляксандр у 2020 годзе, то рост заўважны. Напрыклад, замена алівы каштавала 50 злотых, замена счаплення 600. Дарэчы, кошты ў Гародні таксама выраслі, у той час шынамантаж R16 каштаваў 20-25 рублёў.

Кіроўца Alfa Romeo, які толькі што заехаў на пад'ёмнік, прывёз з сабой падарунак для персаналу СТА - ён перадаў Аляксандру пакет з прадуктамі.

- Тут мяса, сыр і яшчэ нейкія далікатэсы. Гэта нечакана і прыемна. Мы добра ведаем гэтага хлопца, гэта такі жэст падзякі, смачны, - усміхаецца суразмоўца, разглядаючы падарунак на кухні.

Аляксандр з журналістамі ўзняўся на другі паверх аўтасэрвісу.

Тут добраўпарадкаваныя пад жыллё два пакоі, ёсць санвузлы, халадзільнікі, пліткі, пральная машына.

- Вось тут і жывуць нашы майстры, у каго няма ў Варшаве свайго жылля. Неяк прыязджаў з Гародні і тут жыў мой сябар. Для сталага пражывання месца хацелася б пабольш, але як часовы варыянт гэта нядрэнна, - кажа Аляксандр, паказваючы пакоі.

На першым паверсе побач з боксамі ёсць «рэсэпшэн». Тут і працуе самы «польскамоўны» чалец каманды - Патрык.

Цяпер два аўтасэрвісы AlDiTo ўзаемадзейнічаюць у цесным звязку. На першым сэрвісе праводзяць больш складаныя і працяглыя працы (сэрвісам кіруе гарадзенец Зміцер і гарадзенскі аўтамайстар Анатоль, які раней узначальваў СТА «Будзь на хаду» на вуліцы Дамброўскага, цяпер гэты сэрвіс належыць яго сябру), а на другім аўтасэрвісе AlDiTo ў Варшаве працуе Аляксандр. Тут таксама праводзяць складаныя рамонты, але ў асноўным спецыялізуюцца на аўтаэлектрыцы, абслугоўванні падвескі і рухавікоў.

- Што далей? Трэці аўтасэрвіс і цэлая сетка ў Польшчы?

– Калі мы размаўлялі ў мінулы раз, я казаў, што хачу адкрыць фарбавальны цэх. Але выявілася, што адкрыць другі сэрвіс па накатанай прасцей, чым разабрацца з новым тыпам дзейнасці. І ўсё ж мы цяпер падбіраем фарбавальную камеру і шукаем аўтамаляра, каб адкрыць афарбоўку на першым сэрвісе. Плошча там дазваляе. А потым так, хацелася б яшчэ трэці сэрвіс у іншай частцы Варшавы. Пра сетку не загадваю, не ўсё так лёгка даецца, як здаецца з першага позірку.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках