10 траўня 2024, Пятніца, 10:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вячаславу Сіўчыку — 60 гадоў

13
Вячаславу Сіўчыку — 60 гадоў

Мы зможам перамагчы гэтую сістэму.

Лідар руху салідарнасці «Разам», адна з самых заўважных фігур беларускага супраціву Вячаслаў Сіўчык сёння адзначае юбілей — 60 гадоў.

Разам з сайтам Charter97.org апазіцыйны палітык узгадаў самыя яскравыя моманты барацьбы за свабоду, а таксама падзяліўся сваім бачаннем Беларусі будучыні.

— Вы ўжо больш за трыццаць гадоў у беларускім супраціве. Ці думалі вы, калі пачыналі свой палітычны шлях, што барацьба зацягнецца на дзясяцігоддзі?

- Калі я далучыўся да палітычнай барацьбы, у мяне было адчуванне, што адбудзецца «штурм Бастыліі», мы выганім камуністаў, а я займуся зусім іншымі справамі. Але ж вы ведаеце найноўшую гісторыю Беларусі: была толькі кароткачасовая адліга, усяго некалькі гадоў — канец «перабудовы», перыяд незалежнасці і да моманту прыходу да ўлады гэтай пачвары, прозвішча якой Лукашэнка.

Таму проста не было магчымасці ўхіліцца, бо сітуацыя ў Беларусі заўжды была крытычнай. Цяпер, калі мы з вамі размаўляем, яна проста катастрафічная. У такой сітуацыі нашая краіна і наш народ яшчэ не былі за апошнія сто гадоў.

- У дзявяностых вы арганізавалі шмат яскравых акцый пратэсту. Сярод іх - перацяты праспект Скарыны, калі вы пратэставалі супраць спробаў Ельцына і Лукашэнкі стварыць «саюзную дзяржаву». Як гэта было?

- На той момант была пэўная дэмакратызацыя Расейскай Федэрацыі. У тым ліку, там былі розныя СМІ, якія мелі дастаткова вялікую аўдыторыю ў Беларусі. І ў тыя дні трансляваліся дзве галоўныя падзеі: Лукашэнка з Ельцыным нешта падпісваюць у Маскве, дзе дыктатар нават біў шклянкі з гарэлкай на радасцях, адначасова з гэтым менчукі перакрывалі галоўны праспект Скарыны. Гэта было зроблена двойчы - у 1998-м і 1999-м гадах, прычым праспект мы трымалі прыкладна па паўгадзіны.

Мы паказалі не толькі ўсяму свету, але найперш самім беларусам, што незалежнасць — найвышэйшая каштоўнасць, якую трэба бараніць у кожнай сітуацыі. І гэта паўплывала на далейшыя падзеі ў Беларусі.

- Гледзячы на гады супраціву, чым можа ганарыцца Вячаслаў Сіўчык?

- Ёсць шмат прычын для гонару - гэта вясна 1996-га года, шэраг іншых кампаній, пра якія сёння многія забыліся, у тым ліку - і вясна 1997-га, якая праходзіла ў вельмі цяжкіх варунках, але яна ўсё ж была. Вядома, гэта і перацінанне праспекта, пра якое вы як раз успомнілі.

Не менш важнай была антыпуцінская акцыя, калі ён вылез са сваімі «мухамі і катлетамі». Калі Пуцін пасля гэтай заявы першы раз прыляцеў у Беларусь, мы патрабавалі, каб ён прасіў прабачэння ў беларускай нацыі. Гэта ўбачыў не толькі ўвесь свет, але і беларусы. Таму што ў той момант пуцінская хеўра яшчэ не прыватызавала ўсе СМІ, якія былі ў Маскве.

І, вядома, больш за ўсё можна ганарыцца Плошчай Кастуся Каліноўскага (абарона намётавага мястэчка ў цэнтры Менска ў 2006-м годзе – заўв. рэд.). Гэта ў пэўнай меры было цудам. Ужо пасля здарэння падзей многія разважалі, як трэба было дзейнічаць, што правільна было зроблена, а што не так. Але гэтыя больш за тры дні, калі ўтрымліваўся востраў свабоды ў цэнтры Менска, — сапраўдны беларускі цуд. Мы пратэставалі насуперак і лукашэнкаўскім структурам, і маскоўскім. Па шэрагу фактараў я магу сцвярджаць, што да разгону Плошчы Кастуся Каліноўскага падключыліся расейскія спецслужбы.

- Калі ў дваццатым годзе беларускі народ выйшаў на вуліцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, ці адчувалі вы пераемнасць? Бо такія людзі, як вы, пранеслі нацыянальны сцяг праз гады.

- Абсалютна. Больш за тое, мне заўсёды вельмі было непрыемна, калі спрабавалі супрацьпаставіць так званую старую апазіцыю тым палітыкам, якія былі народжаныя гэтым апошнім выбарчым фарсам, які праходзіў падчас сусветнай пандэміі і ва ўмовах гібрыднай вайны Расейскай Федэрацыі супраць Беларусі.

Паслугачы Лукашэнкі былі бандытамі яшчэ ў 20 стагоддзі. Тады былі забітыя лідары беларускай апазіцыі: Віктар Ганчар, Юры Захаранка, Генадзь Карпенка. За гэтыя злачынствы бандытаў на чале з Лукашэнкам ніхто не прыцягнуў да адказнасці. Але кожны чалавек, які сутыкаўся з гэтай бандай, разумеў боль кожнага, хто трапляў у канцлагер на Акрэсціна ды іншыя канцлагеры.

Трэба ганарыцца, што беларусы ў тых умовах выявіліся здольнымі да масавага народнага супраціву. Мы не павінны забывацца на тыя сотні тысяч і мільёны грамадзян, якія пад бел-чырвона-белымі сцягамі выходзілі не толькі ў Менску, не толькі ў буйных гарадах, а практычна ва ўсіх населеных пунктах Беларусі. Чарговы раз беларусы нагадалі свету, што ёсць Беларусь і ёсць беларускі народ.

Нашу краіну сёння ператварылі ў канцлагер. Аднак самае галоўнае ў такіх цяжкіх умовах - каб беларуская нацыянальная цікавасць і беларуская салідарнасць былі не проста словамі ці тэзісамі, а падтрымліваліся ўсімі беларусамі. Наперадзе ў нас яшчэ вельмі цяжкія выпрабаванні, нацыя здольная іх прайсці з меншымі ахвярамі толькі пасля аб'яднання менавіта беларускіх сіл.

Яшчэ раз звяртаю ўвагу на трагічныя падзеі 2020-га года, калі практычна паводле маскоўскага плана была замененая апазіцыя. На жаль, пра гэта мала гавораць, але гэта праўда. Не варта забываць, што сёння ў лукашэнкаўскіх турмах знаходзяцца лідары апазіцыі: Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў, лідары «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель і Максім Вінярскі, адзін з кіраўнікоў вядомага творчага аб'яднання «Пагоня» Генадзь Драздоў, Алесь Пушкін, шэраг іншых грамадскіх дзеячаў. Тут можна называць шмат прозвішчаў гераічных людзей.

Таксама варта звярнуць увагу на абсалютную хлусню, якую сабе дазваляў Лукашэнка, што ён «нібыта не ваюе з жанчынамі». У нас ёсць сапраўдныя беларускія гераіні - Паліна Шарэнда-Панасюк, Вольга Залатар, якіх разлучылі з дзецьмі і кінулі ў турму.

У 2021-м годзе мы рыхтавалі адну з акцый салідарнасці з беларускімі палітвязнямі і пастанавілі, што на ёй будзе ўзгадана сто імёнаў. Але падрыхтоўка да гэтай акцыі прынесла нечаканасці нават для мяне. Выявілася, што дагэтуль так і не была праведзеная нармальная структурацыя спісаў беларускіх палітвязняў.

Іншы момант — выявілася, што больш за сотню палітвязняў, якія на той момант знаходзіліся ў лукашэнкаўскіх турмах, я ведаю асабіста. Гэта было вельмі балюча. Мы ўсе абавязаныя гэтым людзям, бо яны, знаходзячыся ў абсалютна нечалавечых умовах, даюць надзею ўсяму беларускаму народу, рэальна змагаючыся за свабоду ўсёй краіны і ўсёй нацыі.

Мы павінны ісці хвалямі беларускай салідарнасці, бо палітвязняў, на вялікі жаль, вельмі шмат. Лічбы, пра якія мы сёння ведаем, гэта толькі вяршыня айсберга.

Не варта забывацца, з чаго пачынаўся беларускі нацыянальны вызваленчы рух. Знакамітая газета Кастуся Каліноўскага, якая натхняла беларусаў, абсалютна не выпадкова называлася «Мужыцкая праўда». Важна казаць праўду пра тую банду, якая, на жаль, ужо даўно кіруе Беларуссю.

У 2020-м годзе яна ператварылася з лукашэнкаўскай банды ў лукашысцка-пуцінскую, бо ўплыў Масквы на сілавыя структуры вырас менавіта за кошт падзей таго года. Стала магчымай трагедыя, якую мы можам назіраць сёння - выкарыстанне тэрыторыі Беларусі падчас расейска-ўкраінскай вайны.

Па-другое, важна праводзіць тыя кампаніі салідарнасці, якія яшчэ можна ладзіць. Усякая падтрымка палітвязняў і іх сем'яў дарагога каштуе, бо гэта чалавечнасць, такія рэчы дапамагаюць людзям змагацца з нелюдзямі. Сённяшні рэжым Аляксандра Лукашэнкі абсалютна бесчалавечны. Яго ўлада мае гэбэшны генезіс, страшны генезіс, які ў 20-м стагоддзі забраў дзясяткі мільёнаў жыццяў, у тым ліку і беларусаў.

- Гледзячы на сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, на што нам спадзявацца, што рабіць, каб набліжаць свабодную Беларусь?

- Спадзявацца трэба толькі на саміх сябе. Гэта вялікая памылка, калі нехта спадзяецца на нейкія цуды па-за самім беларускім народам, нягледзячы на вельмі жорсткую сітуацыю. Жадаем мы гэтага ці не жадаем, у Беларусь вярнуліся сталінскія часы.

Вы ведаеце, што пачынаючы з 9 жніўня 2020-га года і нават перад гэтай датай, усё лета 2020-га года, катаванні ў лукашэнкаўскіх турмах ідуць паводле раскладу. Не спыняецца той рэпрэсіўны канвеер, калі кожны дзень беларусаў арыштоўваюць, штодзень у розных раёнах краіны карнікі захопліваюць новых і новых беларусаў.

У гэтых варунках толькі супраціўленне беларускага народа можа выратаваць Беларусь.

Я звяртаю вашу ўвагу, што адзін з самых вядомых беларускіх палітвязняў, адзін з лідараў беларускай апазіцыі Павел Севярынец, нават знаходзячыся ў лукашэнкаўскай турме, здолеў перадаць свае малюнкі на волю. Дзякуючы гэтаму быў выдадзены каляндар на 2023 год, які змяшчае неабходны сёння кожнаму беларусу лозунг: «Беларусь — гэта святое».

Вакол нашых адвечных лозунгаў і трэба кансалідаваць беларускую нацыю, бо мы маем абавязак выканаць запавет Кастуся Каліноўскага, выканаць галоўную палітычную мэту беларускага народа, каб менавіта беларусы выбіралі тую ўладу, якую яны хочуць. Толькі праз разуменне таго, што Беларусь - гэта нашы людзі, мы зможам перамагчы гэтую нечалавечую сістэму, якая ўжо занадта доўга кіруе нашай краінай.

- Якой вы бачыце Беларусь у будучыні, каб можна было сказаць: «Менавіта за такую краіну я змагаўся ўсё сваё жыццё»?

- Такой жа, якой яе бачылі нашы папярэднікі сто гадоў таму і нават раней. Мы - еўрапейцы, беларуская культура і беларуская гісторыя - гэта еўрапейская культура і еўрапейская гісторыя. Таму нашая мэта такая ж, якая была і ў папярэдніх пакаленняў беларускіх адраджэнцаў — каб Беларусь была свабоднай, еўрапейскай, заможнай краінай. Нягледзячы на ўсю гэтую лукашэнкаўскую банду, нягледзячы на той тэрор, які яны накіравалі супраць беларускага народа, гэта не проста мара - так будзе! І вельмі хацелася б, каб гэта было ўсё ж хутчэй. Хвароба, якая называецца «Лукашэнка», вельмі моцна зацягнулася.

Даведка Charter97.org

Вячаслаў Сіўчык нарадзіўся 18 снежня 1962 года ў Менску. Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў партыі Беларускі Народны Фронт, лідар руху салідарнасці «Разам».

У 1984 годзе скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у ВА «Грузмарберагаабарона», «Беларусьгеалогія» і ў Нацыянальнай акадэміі навук. З 1998 да 2001 года быў галоўным рэдактарам бюлетэня «Кірмаш».

Старшыня Беларускага цэнтра «Захад» ва Украіне з 2011 года.

Заяўнік і арганізатар вулічных акцыяў дэмакратычнай апазіцыі, у тым ліку Дня Волі і «Чарнобыльскага шляху», розных гадоў. Неаднаразова прыцягваўся за гэта да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці. Адзін з першых палітвязняў рэжыму Лукашэнкі.

Каардынатар беларускіх удзельнікаў украінскай «Аранжавай рэвалюцыі» (2004-2005). Адзін з арганізатараў намётавага лагера на Кастрычніцкай плошчы 20-24 сакавіка 2006 года.

Жанаты. Мае двух сыноў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках