16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 0:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін: Расея на шкоду сабе прадаўжае развіваць атамны праект у Беларусі

44
Пуцін: Расея на шкоду сабе прадаўжае развіваць атамны праект у Беларусі

Пра гэта кіраўнік РФ заявіў на сустрэчы з Лукашэнкам.

Расея задаволеная тым, як выбудоўваюцца яе стасункі з Беларуссю. І Беларусь «з'яўляецца, безумоўна, нашай хаўрусніцай у самым прамым сэнсе гэтага слова». Пра гэта заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску, паведамляе ягоная прэс-служба.

«Сёння сапраўды хацелі – і пра гэта дамаўляліся з Аляксандрам Рыгоравічам – падвесці некаторыя вынікі працы ўрадаў і розных установаў, перш за ўсё ў сферы эканомікі. Хачу адзначыць, што і так усім добра вядома, але ўсё ж трэба падкрэсліць, што Беларусь з'яўляецца не толькі нашай добрай суседкай, з якой мы працуем, беручы да ўвагі інтарэсы адно аднаго, цягам усіх папярэдніх дзесяцігоддзяў, але Беларусь з'яўляецца, безумоўна, нашай хаўрусніцай у самым прамым сэнсе гэтага слова», – сказаў Пуцін.

У якасці прыкладу паспяховасці супрацоўніцтва ён прывёў БелАЭС, нягледзячы на тое, што Расея прадаўжае гэты праект «на шкоду сабе».

«Як мы адзначалі з Аляксандрам Рыгоравічам, Расея на шкоду сабе, тым не менш, прадаўжае атамны праект. Атамную электрастанцыю будуем, першы блок працуе, і ён замяшчае блізу 4,5 млрд куб м газу. Маглі б пастаўляць газ дадаткова, а замест гэтага электрастанцыя працуе і аб'ём электраэнэргіі, якая выпрацоўваецца, адпавядае 4,5 млрд куб м газу, які “Газпром” мог бы пастаўляць на беларускі рынак, але цяпер не пастаўляе», – расказаў Пуцін.

Паводле ягоных словаў, РФ гатовая і далей развіваць гэты праект – будаваць блокі, рыхтаваць кадры і гэтак далей.

Нагадаем, сёння, 19 снежня, міністр энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч заявіў, што ў Беларусі абмяркоўваецца будаўніцтва трэцяга энэргаблока БелАЭС ці новай атамнай электрастанцыі.

Беларуская атамная станцыя ўзведзеная паводле тыпавога расейскага праекта і складаецца з двух энэргаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Генеральным падраднікам выступіла кампанія «Атамбудэкспарт» (уваходзіць у карпарацыю «Расатам»).

Першы энэргаблок БелАЭС увялі ў эксплуатацыю 7 лістапада 2020 года. Усяго ж з моманту запуску ён прастойваў больш за палову часу і выпрацаваў палову аб'ёму электраэнэргіі, запланаванага на адзін год працы. Другі блок збіраюцца ўвесці ў эксплуатацыю ў першым квартале 2023 гады. Пасля ўвядзення ў працу другога энэргаблока БелАЭС тэарэтычна зможа выпрацоўваць блізу 18 млдр кВт•г за год. Куды падзець столькі электраэнэргіі, пакуль не вельмі зразумела, бо ўнутраны рынак столькі спажыць не можа, а рынак краінаў Балтыі, на якія раней спадзяваліся ўлады, закрыўся ў сувязі са шматлікімі выклікамі і рызыкамі, звязанымі з супрацоўніцтвам з Менскам. Хоць, нават будучы даступным, гэты рынак не змог бы спажыць такую колькасць электраэнэргіі.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках