15 чэрвеня 2024, Субота, 23:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы не шукаюць вакансій і звальняюцца ў нікуды

3
Беларусы не шукаюць вакансій і звальняюцца ў нікуды

Экспертка – пра новыя рэаліі беларускага рынку працы.

Наймальнікам не стае персаналу, а вакансій становіцца больш, чым ахвотных іх заняць. На рынку працы шмат працы, але добрай працы мала, піша myfin.by.

Працадаўцы ў папярэднія крызісы звальнялі супрацоўнікаў, а цяпер людзі часцей звальняюцца самі. Праз палітычную сітуацыю ў краіне і дэмаграфічную яму 90-х ёсць нястача спашукальнікаў ва ўзросце 20–35 гадоў. Пра гэтыя праблемы і падыходы да іх развязання расказала дырэктарка rabota.by Святлана Шапарава. Экспертка прааналізавала стан рынку працы ў 2021 годзе.

Спашукальнікі не спяшаюцца заняць вакансіі

У 2021 годзе з'явілася вялікая колькасць вакансій – прырост на 34%. Але спашукальнікі не спяшаліся адгукацца на вакансіі, некаторыя атрымлівалі прапановы, але не выходзілі на працу. Экспертка параўнала колькасць рэзюмэ на адну вакансію. Так, калі ў 20-м годзе было ад 9 да 12 рэзюмэ на 1 вакансію, то ў 2021 годзе на фоне росту вакансій назіралася зніжэнне спашукальніцкай актыўнасці (5-6 рэзюмэ на 1 вакансію). Драмы тут няма, але істотнае зніжэнне росту водгукаў на вакансіі відавочнае.

Калі некалькі чыннікаў сыходзяцца адначасова разам – гэтую сітуацыю называюць "ідэальны шторм". Гэта і адбылося летась.

Праз дэмаграфічную яму Беларусь адчувае значнае зніжэнне спашукальнікаў ва ўзросце 20–35 гадоў. Экспертка звярнула ўвагу на тое, што ўзроставыя кагорты 20–24 і 25–29 гадоў цягам 10 гадоў будуць сталець і пераходзіць у кагорту 30–39 гадоў, і там таксама будзе адчувацца дэфіцыт. "Гэта вельмі важны момант: мы разумеем, што фізічна людзей недастаткова, нашых суайчыннікаў у найбліжэйшыя 10 гадоў больш не будзе, іх колькасць не папоўніцца", – адзначае Святлана Шапарава.

Як беларусы адчуваюць сябе на рынку працы

Летась шэраг спашукальнікаў надумалі прыпыніць пошук працы праз эканамічную сітуацыю (неразуменне сітуацыі і таго, што адбываецца), і таму, што недастатковай была "падушка бяспекі". Частка людзей не шукалі новую працу, бо не хацелі мяняць прафесійную сферу.

Таксама, паводле словаў спашукальнікаў, прычынай іх пасіўнасці на рынку працы летась было і тое, што рэзюмэ спашукальнікаў не праглядаецца, яны не атрымліваюць адказу ад працадаўцаў. Некаторыя не адчуваюць упэўненасці і сілаў на пошук новай працы, у часткі з іх ёсць асцярогі не атрымаць працу праз узрост.

Многія спашукальнікі, якія паспяхова прайшлі складаны пандэмійны перыяд са сваімі кампаніямі, заставаліся да іх лаяльнымі. Супрацоўнікі не сыходзілі, баючыся нявызначанасці, і тым больш заставаліся лаяльныя, калі бачылі, што кампаніі не скарачалі павальна персанал, а падтрымлівалі і матывавалі сваіх працаўнікоў.

Плюс адбіўся чыннік пандэміі: хтосьці хварэў, хтосьці кінуў усе сілы на аднаўленне, хтосьці баяўся выходзіць у анлайн, і нават калі кампаніі не перайшлі на дыстанцыйную працу, людзі самі сябе ізалявалі і менш стасункавалі. Усё гэта наклала пэўны адбітак на людзей. Вельмі многія адчулі выгаранне, як эмацыйнае, так і прафесійнае. Такі перыяд называецца "вялікае знясіленне".

Людзі сталі звальняцца ў нікуды

У 2021-м годзе ў людзей з'явілася разуменне таго, што працы на рынку шмат, але добрай мала. Калі ўсё прыблізна аднолькава, то няма асаблівага сэнсу нешта мяняць. Напрыклад, працоўны персанал, тыя, хто цяпер запатрабаваны на рынку, выразна пачыналі ўсведамляць, што вакансій шмат. Калі чалавек сёння звольніцца, а заўтра выйдзе на рынак працы, дык паслязаўтра ён ужо знойдзе новую працу і будзе зарабляць неабходныя яму грошы.

Гэты экзістэнцыйны крызіс летась рэальна накрыў людзей, яны сталі звальняцца ў нікуды, адзначыла экспертка. Тое, што адбываецца ў нас – гэта не ўнікальна, гэта адбываецца і ў Расеі, і ва ўсім свеце. Спашукальнікі становяцца пасіўнымі, яны часта не даходзяць да сумоўя для атрымання працы, звальняюцца.

Усё больш людзей чакаюць клопату ад сваіх працадаўцаў.

Кадравы адток

Летась было звольнена значна больш людзей, чым нанята на працу. І блізу 64,5 тысячы працаўнікоў, можна сказаць, згубіліся і не былі папоўненыя. Тысячы не вярнуліся на свае працоўныя месцы. Нехта заняў чакальную пазіцыю, нехта надумаў змяніць сферу дзейнасці і ўзяў паўзу. Частка супрацоўнікаў задумалася пра рэлакацыю і спланавала пераезд.

У найбліжэйшыя 10 гадоў будзе недастаткова персаналу ва ўзросце 20-30 гадоў. Зразумела, што спашукальнік толькі пачынае разумець, што хоча годнай аплаты. А не таямніца, што на многія пазіцыі, асабліва з цяжкай фізічнай працай, узровень заробку можа быць ніжэйшы за ўзровень рынку. У будучыні, калі спашукальнік зразумее сваю каштоўнасць канчаткова, працадаўцы змушаныя будуць паднімаць заработную плату на ўзровень рынку.

Рынак памяняўся за апошнія два гады, персаналу перастала ставаць, рэзюмавала Святлана Шапарава. І гэта толькі пачатак. Складаная дэмаграфічная сітуацыя будзе надоўга. Апроч дэфіцыту людзей нас чакае заробкавая гонка. Працаваць з рынкам па-старому ўжо не атрымаецца. Можна перабудоўваць працэсы, працаваць з персаналам усярэдзіне кампаній. Трэба інакш займацца прывабліваннем спашукальнікаў. У той самы час структурныя змены на рынку таксама нас чакаюць. У пошуку персаналу, рынкавай прапановы вакансій сёння трэба выкарыстоўваць усе маркетынгавыя тэхналогіі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках