16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 2:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пуцін упісваецца ў сцэнар антыхрыста»

14
«Пуцін упісваецца ў сцэнар антыхрыста»
ВЫНІКІ РАСЕЙСКАГА БАМБАВАННЯ ЧАРНІГАВА
ФОТА: УНІАН

Каталіцкія дзеячы Польшчы звярнуліся да Папы Рымскага праз вайну ва Украіне.

Група польскіх каталіцкіх дзеячаў звярнулася да Папы Рымскага Францішка наконт вайны ва Украіне. Калектыўны зварот падпісалі больш за паўсотні каталіцкіх журналістаў, літаратараў, навукоўцаў, святароў і манахаў, паведамляе «Белсат».

У сваім лісце яны адзначаюць, што канфлікт ва Украіне працягваецца з 2014 года, а «24 лютага Расея ўварвалася ва Украіну, пачаўшы не канфлікт, названы спецаперацыяй, а сапраўдную вайну».

«Гінуць украінскія салдаты, нявінныя ўкраінскія дзеці, жанчыны і мірныя жыхары, знішчаюцца матэрыяльныя каштоўнасці, якія цяжкай працай аднаўляліся пасля камунізму. Штодня мы назіраем паведамленні аб актах тэрору, якія можна тлумачыць як ваенныя злачынствы. На сённяшні дзень палякі прынялі амаль 700 000 уцекачоў ад вайны, большасць з якіх размясцілі ў сваіх дамах», - гаворыцца ў лісце.

На думку падпісантаў, каталікі «павінны дакладна паведаміць, на чыім баку праўда, а дзе зло».

«Таму мы просім Вашую святасць, узняць усемагутны голас біскупа Рымскага супраць агрэсіі пуцінскай Расеі супраць бязгрэшнай Украіны, каб пераканаўча сказаць, хто з'яўляецца вінаватым, а хто ахвярай у гэтым канфлікце», - пішуць каталіцкія дзеячы Польшчы.

На іх думку, «Пуцін упісваецца ў сцэнар антыхрыста, які сее смерць і прыносіць няшчасце», а падтрымка вайны Маскоўскім патрыярхам Кірылам з'яўляецца «вераадступніцтвам».

«Украіна перад тварам смерці, пажарышчаў і хлуслівай прапаганды вядзе справядлівую і маральна законную вайну, і словы аб спыненні канфлікту і правядзенні дыялогу падчас таго, калі трывае бойня Харкава і Кіева, гучаць неяк двухсэнсоўна і пазбаўляюць каталікоў усяго свету надзеі на голас справядлівасці, які павінен быць пачуты перш за ўсё ў сітуацыі безвыходнасці. Пры ўсёй драматычнасці мы бачым, што ў гэтай сітуацыі актуальным дзеяннем будзе не дыялог, а параза зла», - заяўляюць падпісанты ліста.

З іх слоў «прычынай захопніцкага зла быў не нейкі там уяўны эгаізм, а нянавісць, якая сыходзіць ад уладаў у Маскве, і, на жаль, пры актыўнай ухвале і блюзнерскім блаславенні патрыярха Кірыла».

Каталіцкія дзеячы падкрэслілі, што Пуцін імкнецца адрадзіць савецкую «імперыю зла». Не з'яўляецца ён і кансерватарам, бо «кансерватызм азначае таксама і павагу да жыцця, і права на суверэнітэт, якіх ён і праваслаўная царква, што яго падтрымала, паслядоўна не прызнаюць».

«Мы просім Вашую святасць пайсці па шляху вашых папярэднікаў, выразна агучыўшы заклік да агрэсара адступіць! Асудзіць злачынствы супраць украінцаў і падкрэсліць іх права на тэрытарыяльнае адзінства дзяржавы. Калі ў свеце павінен быць мір, Украіна павінна перамагчы ў гэтай справядлівай вайне, як вайсковым, так і невайсковым шляхам», - гаворыцца ў лісце.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках