19 сакавiка 2024, aўторак, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі афіцэр: Камандзіры вайсковых частак заявілі, што не пойдуць ва Украіну

49
Беларускі афіцэр: Камандзіры вайсковых частак заявілі, што не пойдуць ва Украіну
Аляксандр Пануца

Беларусы зробяць усё, каб не ўзяць удзелу ў вайне.

Аляксандр Пануца - афіцэр запасу з Гомеля, зварот якога да беларускіх вайскоўцаў у першыя дні вайны прачыталі і паглядзелі дзясяткі тысяч чалавек. У грамадскае жыццё ён прыйшоў яшчэ ў 2012 годзе, калі яму давялося змагацца за свае маёмасныя правы.

У 2020 годзе не змог застацца ў баку ад падзей, за што патрапіў пад пераслед. У гутарцы з праектам «Штодзень» ён расказвае пра тое, ці быў эфект ад яго антываеннага звароту і якія сапраўдныя настроі пануюць сярод беларускіх афіцэраў.

- На які эфект разлічвалі, калі запісалі зварот да беларускіх вайскоўцаў у першыя дні вайны?

- Я разлічваў на тое, што ва Узброеных Сілах Беларусі знаходзіцца да 80% даволі адукаваных хлопцаў, якія атрымлівалі добрыя веды і якія не могуць быць дурнымі па факце. Я спадзяюся, яны разумеюць тое, што адбываецца, у тым ліку тое, што РФ імкнецца далучыць беларускіх вайскоўцаў да гэтай вайны.

У мяне быў разлік на тое, што я буду для іх такім «цвярозым поглядам з боку», бо я даўно не служу. Акрамя таго, у мяне добрая рэпутацыя сярод шматлікіх беларускіх афіцэраў, з якімі вучыўся і служыў. Адпаведна, я меў надзею, што мой зварот да тых людзей, сярод якіх амаль 50% супраць гэтай вайны, прывядзе да таго, каб яны не пайшлі ваяваць ва Украіну, каб не запэцкалі краіну ў брудзе, каб прынялі правільную пастанову.

- Ці ёсць нейкая зваротная сувязь з афіцэрамі, да якіх вы звярталіся? Хто-небудзь з іх спрабаваў з вамі пагаварыць?

- Зваротная сувязь ёсць. Калі шчыра сказаць, нават падумаць не мог, што так масава адрэагуюць. Многія адгукнуліся, ад каго я гэтага і не чакаў зусім. Я пачуў нават тых, каго не чуў гадоў 10. Яны звязаліся са мной, выказалі сваё меркаванне, для іх было важна, каб я пачуў іх меркаванне. Многія сказалі, што адкрыта выступіць з пратэстам не могуць, бо будуць пакараныя заканадаўствам, але зробяць усё, у тым ліку тое, што калі іх увядуць на тэрыторыю Украіны, то яны будуць здавацца ў палон.

- Многія вайсковыя аналітыкі і экспэрты выказвалі меркаванне аб нежаданні беларускіх вайсковых ваяваць ва Украіне. Наколькі гэтыя адзнакі адпавядаюць рэчаіснасці?

- Я не магу, на жаль, казаць ад імя ўсіх, але тыя, хто са мной звязаўся, мяне запэўнілі, што зробяць усё, каб не браць удзелу ў вайне. Дадам, што гэта казалі людзі, якія з'яўляюцца, у тым ліку, камандзірамі частак.

- Наколькі беларускія афіцэры сябе добра адчуваюць у эмацыйна-маральным плане, улічваючы, што Беларусь запэцкалі ў гісторыю агрэсіі супраць Украіны?

- Будзем казаць адкрыта, што людзі, якія выдатна ўсведамлялі прыроду беларускага рэжыму, даўно сышлі з сілавых структур, у тым ліку і я. Яны зразумелі, што сабой уяўляе цяперашняя ўлада. А што тычыцца тых, хто застаўся служыць, то, як мы бачылі ў 2020 годзе, у гэтых людзей ад паняцця афіцэр адна назва засталася. Я вельмі сумняваюся, што іх мучыць сумленне. Фактычныя паводзіны гэтых афіцэраў і іх словы падчас нашых размоваў паказваюць, што яны баяцца за сваю шкуру. Тут справа не ў сумленні, што яны нібыта хвалююцца аб тым, што пра іх падумаюць блізкія ці нейкія там міжнародныя арганізацыі, калі яны ўвойдуць на тэрыторыю Украіны. Проста яны выдатна разумеюць розніцу паміж бабулькамі з плакатамі на мірных беларускіх пратэстах і ўзброенымі да зубоў украінцамі, 80% з якіх прайшлі праз АТА (антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны, якая працягвалася з 2014 да 2022 года, — заўв. рэд.). Гэта не столькі сумленне, колькі проста страх за сваю шкуру.

- Як вы ацэньваеце баяздольнасць ўкраінскага войска? Ці робіце вы нейкія высновы, зыходзячы з вашай вайсковай адукацыі?

- Я не толькі раблю высновы, але і кожны дзень трымаю сувязь з сябрамі з Украіны, некаторыя з якіх з'яўляюцца дзейнымі афіцэрамі. Частку свайго навучання я праходзіў у Сумскім артылерыйскім інстытуце ва Украіне. І таму ў мяне шмат украінскіх сяброў засталося пасля гэтага навучання.

Мы ўвесь час знаходзімся на сувязі, падтрымліваем добрыя стасункі. Яны расказваюць з першых вуснаў інфармацыю, кажуць, як і што праходзіць. На гэты момант я ацэньваю баяздольнасць УСУ як вельмі высокую з тым улікам, што свайго якаснага і сучаснага ўзбраення ў іх было на два тыдні ў пачатку вайны, але пры далейшай падтрымцы Еўропы і ЗША баяздольнасць украінскага войска вырасла.

Але будзем казаць адкрыта: ваюе не зброя, ваююць людзі. Маральны стан людзей, якія ваююць за Радзіму, і акупантаў, якія нападаюць на іншую краіну без прычыны, - гэта розны баявы дух. Калі чалавек абараняе свой дом, а яму супрацьстаіць расейскі вайсковец тэрміновай службы, то гэта розныя матывацыі. Не трэба таксама забывацца, што з 2014 года ва Украіне праходзіць АТА. І да гэтага АТА прыцягвалася амаль 70% баяздольнага насельніцтва Украіны, якое мае рэальны баявы досвед. Зразумела, што у РФ больш рэсурсаў, але маральныя акалічнасці зніжаюць баяздольнасць пуцінскага войска на дзясяткі адсоткаў.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках