4 траўня 2024, Субота, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі дыпламат пры ААН падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць палітыкі Пуціна

10
Расейскі дыпламат пры ААН падаў у адстаўку на знак пратэсту супраць палітыкі Пуціна

Ён заявіў, што яму "яшчэ ніколі не было так сорамна за сваю краіну".

Супрацоўнік расейскага сталага прадстаўніцтва пры ААН у Жэневе Барыс Бондараў заявіў аб сваёй адстаўцы праз вайну з Украінай. З ягоных слоў, за час дыпламатычнай службы яму яшчэ ніколі не было так сорамна за сваю краіну і працу, паведамляе «Радыё Свабода».

«Развязаная Пуціным агрэсіўная вайна з Украінай, а па факце з усім заходнім светам, — не толькі злачынства супраць украінскага народа, але і, бадай, самае цяжкае злачынства супраць народа Расеі», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы LinkedIn.

Бондараў, паводле сайта аддзялення ААН у Жэневе, займаў у сталым прадстаўніцтве пасаду дарадцы. З ягоных слоў, ён знаходзіўся на дыпламатычнай службе 20 гадоў. «На жаль, усе гэтыя дваццаць гадоў узровень хлусні і непрафесіяналізму ў рабоце МЗС увесь час узрастаў», — заявіў дыпламат.

Са слоў Бондарава, міністэрства замежных спраў Расеі больш не займаецца дыпламатыяй, а «сее хлусню, распальванне і вайну». «У Расеі больш не засталося хаўруснікаў», — напісаў ён, патлумачыўшы гэта агрэсіўнай палітыкай Масквы. З ягоных слоў, ён хацеў бы прадоўжыць кар'еру, але мяркуе, што заставацца на дзяржслужбе цяпер раўназначна здрадзе Радзімы.

Бондараў, імаверна, стаў першым расейскім кадравым дыпламатам, які афіцыйна заявіў аб сваёй адстаўцы праз вайну. МЗС яе пакуль не каментавала.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках