19 жнiўня 2022, Пятніца, 9:04
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Дэфолт Беларусі будуць памятаць доўга

17
Эканаміст: Дэфолт Беларусі будуць памятаць доўга

У беларускіх банках грошай засталося няшмат.

Пастанова беларускіх уладаў выконваць знешнія фінансавыя абавязальніцтвы ў беларускіх рублях – гэта ўжо дэфолт ці яшчэ не? У выпадку калі дэфолт Беларусі будзе афіцыйна абвешчаны, якія наступствы гэта будзе мець для фінансавай сістэмы краіны? Наколькі доўгае «рэха» спараджае дэфолт, як доўга яго памятае сусветны рынак?

На гэтыя пытанні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC Зміцер Крук.

– Беларускія ўлады абвясцілі, што будуць выконваць свае міжнародныя фінансавыя абавязацельніцтвы ў нацыянальнай валюце.

«Выкананне пазыковых абавязальніцтваў у дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе праводзіцца ў беларускіх рублях паводле курсу Нацыянальнага банка на дату плацяжу», – паведаміла прэс-служба ўраду.

Гэта ўжо дэфолт ці яшчэ не?

– Кароткі адказ – не, пакуль дэфолту яшчэ няма. Але верагоднасць таго, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя два тыдні, вельмі высокая. Сам факт дэфолту звычайна фіксуецца рэйтынгавымі агенцтвамі на базе выпуску каштоўных папераў, калі ёсць падставы сцвярджаць, што грошы не дайшлі да крэдытораў. Гэта фіксуецца пасля так званага grace period – ільготнага перыяду, які ў нашым выпадку будзе складаць 15 дзён.

Мы маем дэкларацыю беларускага ўраду. Калі ўсё будзе паводле гэтай дэкларацыі, то рэйтынгавыя агенцтвы могуць прысвоіць Беларусі дэфолтавы рэйтынг. Але не выключана, што Беларусь, як і Расея, будзе аспрэчваць самы факт дэфолту. У пастанове беларускага ўраду ёсць агаворка, што з некаторымі інвестарамі могуць расплаціцца не беларускімі рублямі, а інакш.

Гіпатэтычна можна дапусціць, што беларускія ўлады захоўваюць для сябе магчымасць плаціць далярамі. Я не выключаю, што беларускія ўлады хочуць правесці сегрэгацыю «сяброўскіх» і «несяброўскіх» інвестараў. Магчыма, што «несяброўскім» інвестарам Беларусь прадоўжыць плаціць у далярах, каб унікнуць дэфолту.

– Я правільна зразумеў, што менавіта «несяброўскім» будуць плаціць па-ранейшаму ў далярах? Маўляў, а з сябрамі разбярэмся па-сяброўску?

– Так. Вялікая верагоднасць, што «сяброўскія» інвестары пагодзяцца атрымаць свае выплаты ў беларускіх рублях. Міністр фінансаў Юры Селіверстаў казаў, што ўрад і хацеў бы заплаціць у далярах нават некаторым «сяброўскім» інвестарам, скажам, расейскім інвестыцыйным фондам, але ім заплаціць у далярах немагчыма, бо датычна гэтых расейскіх фондаў дзейнічаюць санкцыі. І я не выключаю, што гэтая дэкларацыя ўраду была абумоўленая менавіта гэтым чыннікам.

Калі ўсё ж праз 15 дзён рэйтынгавыя агенцтвы абвесцяць, што ў Беларусі дэфолт, то пачнецца спрэчка, якая ўжо пачалася з Расеяй – гэта сапраўдны дэфолт ці не.

Гэтая дыскусія адбываецца ў фінансавых колах, з'явілася паняцце «паўдэфолт». Юрыдычна дэфолт будзе зафіксаваны, але каб ён быў паўнавартасны, урад павінен не мець магчымасцяў выконваць свае абавязальніцтвы.

Расейскія ўлады кажуць, што гэта не яны не маюць магчымасцяў выконваць свае абавязальніцтвы, гэта іх прымусілі не выконваць іх.

Думаю, што калі адпаведны вердыкт рэйтынгавыя агенцтвы вынесуць датычна Беларусі, беларускі бок заявіць тое самае, што заяўляе расейскі – дэфолт несапраўдны, дэфолту няма.

– Калі беларускі ўрад стане плаціць інвестарам у беларускіх рублях, то для пастановы рэйтынгавых агенцтваў трэба, каб інвестары пачалі абурацца, скандаліць? Тэарэтычна яны ж могуць і прамаўчаць, палічыўшы, што лепш атрымаць сваё хоць у беларускіх рублях, чым не атрымаць увогуле нічога?

– Так, тэарэтычны шанец на гэта ёсць. Калі ўсе крэдыторы публічна не выкажуць нязгоды з тым, што ім заплацілі не ў валюце, абумоўленай дамовай, то ў рэйтынгавых агенцтваў не будзе падставаў абвяшчаць пра дэфолт Беларусі. Але беларускія бонды трымаюць і заходнія інвестыцыйныя фонды, таму выглядае малаверагодным, што прынамсі яны пагодзяцца на новы парадак выплатаў, прапанаваны беларускім урадам.

– Ну, а калі ўсё ж рэалізуецца найбольш верагодны сцэнар і рэйтынгавыя агенцтвы абвесцяць, што Беларусь – у стане дэфолту, якія наступствы для нацыянальнай фінансавай сістэмы ад гэтага будуць?

Калісьці беларускі эканаміст Міхаіл Залескі на такое пытанне адказаў: вам абыякава, якой сілы вецер дзьме над вашай магілай. Можа, з абвяшчэннем дэфолту Беларусі так і будзе? Непалітычных крэдытаў Беларусі і так даўно ніхто не дае, і без дэфолту. Дык можа на дэфолт больш, на дэфолт менш – вынік паводле формулы Залескага?

– Кароткатэрміновыя наступствы цяперашняга дэфолту не будуць такімі разбуральнымі, як у 1998 годзе. Збольшага ўсё ўжо разбурана да гэтага часу.

Ёсць падставы меркаваць, што справядлівая формула Міхаіла. Але яна больш пасуе да расейскага кейсу. Першапачатковая рэакцыя не будзе такая, як на расейскі дэфолт 1998 года або на аргенцінскі пачатак нулявых ХХІ стагоддзя. Такіх наступстваў, як тады – разбурэння фінансавай сістэмы, масавага банкруцтва банкаў – не будзе ў гэтым выпадку.

Будзе працаваць логіка формулы Залескага – тое, што ўжо памерла, памерці не можа. Трагічныя наступствы для беларускай фінансавай сістэмы адбыліся за два апошнія гады.

Але што ўсё ж будзе і чаму для нас гэта больш небяспечна, чым для Расеі? У Расеі ёсць запас трываласці ў выглядзе золатавалютных рэзерваў, у выглядзе сальда бюджэту. А ў нас літаральна кожная капейка на рахунку.

Ёсць банкі, якія прадаўжаюць працаваць з беларускімі банкамі, гатовыя абслугоўваць імпартна-экспартныя аперацыі, гатовыя дапамагаць у разліках з заходнімі банкамі. Гэта банкі такіх краінаў, як Турцыя, Казахстан, Грузія. Вось для іх вердыкт рэйтынгавых агенцтваў наконт дэфолту Беларусі – гэта дадатковая перашкода. І цяпер беларускі бізнэс пакутуе ад таго, што з ім ніхто не хоча мець справу. Пасля абвяшчэння дэфолту сітуацыя з гэтым пагоршыцца.

У беларускіх банках заходніх грошай засталося няшмат, але ёсць грошы краінаў «трэцяга свету», Кітая, напрыклад. І ў шматлікіх дамовах пра гэтыя грошы прапісаныя так званыя кавенанты – умовы, што ў выпадку дэфолту атрымальніка пазыкі, у гэтым выпадку Беларусі, крэдытор мае права патрабаваць датэрміновага вяртання пазыкі. Расея на такія нязручнасці можа не зважаць праз свой запас трываласці. Таму Армагедона, чагосьці падобнага да 1998 года, цяпер не будзе. Але тое, што гэта стане дадатковым чыннікам турбулентнасці на беларускім фінансавым рынку, – гэта так.

– А што будзе з курсам беларускіх дзяржаўных еўрабондаў? Наколькі я разумею, калі ў краіне дэфолт, яе дзяржаўныя каштоўныя паперы маюць кошт смецця. Гэта будзе мець нейкае значэнне?

– Дык яны ўжо з такімі коштамі і гандлююцца. Якраз усё паводле формулы Залескага. Там ліквіднасць амаль нулявая. Яны гандлююцца з коштам 10–15% ад наміналу. Гэта ўжо дэфолтавы стан. У найлепшыя часы яны гандляваліся з 95–105% ад наміналу.

– Калі дэфолт Беларусі адбудзецца, то як доўга рынак будзе яго памятаць? У паведамленні агенцтва Bloomberg пра цяперашні дэфолт Расеі мяне ўразіла згадванне, што апошні раз такое ў Расеі было ў 1918 (!) годзе. Гэта калі бальшавікі адмовіліся плаціць царскія пазыкі. 104 гады прайшло, шмат што за гэты час адбылося, мякка кажучы. А рынак памятае той ленінскі дэфолт.

Вось пройдзе час, скончыцца вайна, сыдзе Лукашэнка, узнікне ў Беларусі дэмакратычны ўрад, які будзе весці адказную фінансавую палітыку. Але, магчыма, у гэтай цудоўнай будучыні для нейкага інданезійскага ці бразільскага інвестара ўвесь гэты прагрэс у малавядомай ім Belarus не будзе мець ніякага значэння. А будзе мець значэнне адно – той факт, што ў 2022 годзе ў гэтай краіне адбыўся дэфолт. І ўсё, кропка, грошы туды лепш не ўкладваць, – вызначаць гэтыя інвестары. Так не будзе?

– Дзякуй вам за гэтае пытанне. Гэта мой асноўны аргумент, чаму я заўсёды кажу, што я супраць дэфолту. Мы шмат спрачаемся з калегамі на гэты конт. Многія з іх гавораць, што калі дэфолт з фінансавых прычынаў амаль неўнікнёны, то не трэба задоўжваць, і гэта можа стаць нават ачышчальнай працэдурай для эканомікі. Да пэўнай ступені я магу з гэтым пагадзіцца. Але калі мы будзем разважаць пра доўгатэрміновую перспектыву, то ўступае ў гульню тое, пра што вы сказалі. Дэфолт пакідае за сабой доўгую памяць, не на гады, а нават на дзесяцігоддзі.

Гэта не азначае, што беларуская пазыка, беларускія бонды тады не будуць набываць ніколі і ніхто. Але ён, па-першае, будзе даражэйшым, чым быў бы без дэфолту. А па-другое, усё роўна стаўленне да беларускіх бондаў будзе скептычнае. Як гавораць футбольныя заўзятары, гульня забываецца, а лік на табло застаецца. Прычыны дэфолту забудуцца, сам ягоны факт будуць памятаць доўга. І для інвестараў радок пра дэфолт у крэдытным дасье Беларусі будзе вельмі важны.

Для мяне была нечаканасцю гэтая пастанова ўрада і Нацбанка пра выплату пазыкаў рублямі. Я думаў, што яны будуць задоўжваць гэтую пастанову як мага далей, да лютага 2023 года. Тады трэба будзе выплачваць больш за 800 мільёнаў даляраў.

Я не маю пэўнага адказу, чаму яны пайшлі на гэта цяпер. Адна з версій – гэта імкненне выдаць фінансавы дэфолт за «паўдэфолт», зачапіцца за расейскую сітуацыю, сказаўшы, што ў нас адбылося тое самае. Хоць насамрэч нашая сітуацыя вельмі адрозніваецца ад расейскай.

– А ці не магчыма, што гэта зрабіць папрасілі, прапанавалі, параілі расейцы?

– Гэта не выключана. Тут вельмі вялікі палітычны складнік – у гэтай пастанове. Карыстаючыся толькі фінансавай логікай, яго цяжка абгрунтаваць. Да апошняга часу беларускія ўлады кіраваліся прынцыпам – не спальваць усе масты. Большасць іх спаленая, але ўсе спальваць не хацелі.

Як жартуе адзін мой калега, ва ўрадзе моцная партыя «вяртання ў 2019 год». Гэтая пастанова спальвае калі не ўсе, то шмат з тых нямногіх мастоў, якія яшчэ засталіся. Таму я не выключаю, што гэта сапраўды магла быць расейская прапанова, і гэта магло быць вызначальным чыннікам.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».