5 траўня 2024, Нядзеля, 6:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каліновец: Калі б Статкевіч быў на волі, гісторыя Беларусі была б іншай

11
Каліновец: Калі б Статкевіч быў на волі, гісторыя Беларусі была б іншай
ВАЛЯНЦІН ТРОЦКІ

Беларускі добраахвотнік заклікаў вайскоўцаў павярнуць зброю супраць Лукашэнкі.

Паплечнік палітвязня Мікалая Статкевіча, актывіст «Народнай Грамады» Валянцін Троцкі ваюе на перадавой ва Украіне.

Беларускі добраахвотнік, які камандуе падраздзяленнем УСУ, у інтэрв'ю сайту Charter97.org параіў лукашэнкаўскім вайскоўцам зрабіць правільны выбар.

- Вы нарадзіліся ва Украіне, але актыўна змагаліся за свабоду Беларусі, выходзячы на акцыі пратэсту. Кім вы сябе больш адчуваеце: украінцам ці беларусам?

- Я нарадзіўся ва ўкраінскім Жытоміры, але з'яўляюся грамадзянінам Беларусі. Таму гэтыя дзве краіны для мяне роўныя па значэнні, у мяне няма адчування, што я належу да нейкай краіны больш, а да нейкай менш. Для мяне аднолькава каштоўныя, важныя і значныя гэтыя дзве краіны. У Беларусі ў мяне з'явілася шмат сяброў, многія з якіх зараз сядзяць у турмах паводле несправядлівых прысудаў. Іх пасадзілі за тое, што яны думалі не так, як хоча ўрад.

Мне пашчасціла застацца на волі, таму магу зараз прыносіць больш карысці, чым і займаюся. Знаходзячыся ў шэрагах узброеных сіл Украіны я зараз ваюю супраць Расейскай Федэрацыі, якая цяпер з'яўляецца крыніцай зла для ўсяго свету. Я ваюю ў складзе палка Каліноўскага, а менавіта - батальёна «Тэрор». Наш батальён называецца такім страшным словам не таму, што ў нас нейкія асаблівыя метады, проста наш добры таварыш, пабрацім, які меў пазыўны «Тэрор», загінуў. Таму ў ягоны гонар мы назвалі так наш батальён.

- Полк Каліноўскага - гэта працяг барацьбы, якая пачалася ў Беларусі?

- Адназначна. Мы спрабавалі змяніць сітуацыю ў Беларусі мірным шляхам, нягледзячы на тое, што супраць нас выкарысталі зброю, забівалі нашых таварышаў. Я яшчэ тады быў глыбока перакананы, што гэта шлях у нікуды.

Улічваючы шматлікія чыннікі, я змушаны быў узгадняць свае дзеянні з агульнай тэндэнцыяй. Напрыклад, калі пачыналіся нейкія абвастрэнні, а я проста спрабаваў паказаць, што буду пераходзіць да нейкіх больш жорсткіх метадаў адпору, недзе ззаду знаходзіліся нейкія людзі, якія пачыналі называць мяне правакатарам. І гэта было вельмі непрыемна.

Ведаеце, калі вораг супраць цябе - гэта адна справа. А іншае - людзі тваіх поглядаў, меркаванняў, аднадумцы. Я не ведаю, што гэта за людзі. Яны, як правіла, размаўлялі на вельмі чыстай расейскай мове. Для мяне загадка, адкуль яны браліся ў такой колькасці, але іх было дастаткова.

Да валанцёрскага руху таксама вельмі вялікія пытанні былі. Калі “Народная Грамада” з “Еўрапейскай Беларуссю” пайшлі на Акрэсціна ў спробе вызваліць нашых зняволеных, там быў пояс валанцёраў, якія проста кідаліся на нас з кулакамі. Гэта вельмі было непрыемна, моцна перашкодзіла нашым планам і дагэтуль выклікае пэўныя асацыяцыі, дрэнныя думкі. Усякае было.

Але зараз у мяне ёсць магчымасць, як і ў маіх пабрацімаў, рэальна са зброяй супрацьстаяць ворагам. Цяпер мы супрацьстаім агрэсіі Расеі супраць Украіны. Але, зразумела, у будучыні мы хочам паўдзельнічаць у вызваленні Беларусі ад дыктатуры Лукашэнкі. Думаю, мы будзем той рэальнай асноўнай сілай, якая зможа фактычна нешта зрабіць. Годзе гэтых размоў, гэтых спроб зрабіць усё мірна. Дабро павінна быць з кулакамі. А ў гэтым выпадку на баку дабра яшчэ і зброя, і гэта добра.

- Якой думкі ўкраінскія байцы пра беларускіх добраахвотнікаў?

- На перадавой мы часта сутыкаемся з УСУ, і яны вельмі высокага меркавання пра нас. Мяне дзівіла, што ты проста робіш сваю працу, а табе кажуць, што "вы малайцы". Можа, такім чынам стымулююць, але гэтага зашмат.

Відавочна, што напраўду так і ёсць. У беларусаў вельмі высокая матывацыя ў той справе, якой мы займаемся. Мы стараемся быць лепшымі.

— Калі можаце, раскажыце нам пра баявыя дзеянні, у якіх вы бралі ўдзел?

- Цяпер у мяне іх было ўжо дастаткова. Я з'яўляюся камандзірам мінамётнага падраздзялення, у нас ротны мінамёт 82-га калібру. Хоць ён не такі ўжо дальнабойны, прыходзіцца таемна падбірацца да пазіцый ворага на мінімальную адлегласць і весці адтуль агонь. Пры адкрыцці агню супраціўнік вельмі хутка пачынае адказваць. Прычым калі мы выпускаем дзесяць набояў, то ў наш бок ляціць сто, а то і болей, у іх у гэтым плане няма нейкіх абмежаванняў. Складваецца ўражанне, што рэсурсы ў супраціўніка бязмерныя. Але затое мы працуем дакладна, мы лепш наводзім, дакладней распрацоўваем план аперацыі.

Сэнс у тым, што калі пачынаюць па табе працаваць, а твой разлік паспеў выпусціць дзесяць-шаснаццаць мін, ты ведаеш, што ў цябе яшчэ дваццаць ёсць. Па табе ўжо ляціць, але ты абавязаны зрабіць сваю працу. Па заканчэнні серыі мы бяжым у сховішча, разумеючы, што ў нас ёсць яшчэ дастатковую колькасць мэт і дастатковую колькасць мін, якія можна эфектыўна выкарыстоўваць. І мы ўсведамляем, што па нас будуць працаваць у адказ.

Каб не парушыць пэўныя прынцыпы і ўстаноўкі, пакуль не буду называць горад, у раёне якога адбылася адна з такіх бітваў. На адным выездзе мы так пяць разоў выбягалі пад агнём супраціўніка, зладзілі абстрэл і ізноў схаваліся. Чакалі, пакуль крыху сціхне абстрэл, і зноў выбягалі, працавалі і зноў хаваліся. І Гасподзь на нашым баку, таму што ніхто тады не пацярпеў. Хоць лупілі па нас вельмі шчыльна і з усяго, што толькі можна. Былі такія “прыходы”, што нават дасведчаныя байцы УСУ, якія даўжэй за нас знаходзіліся на перадавой, не разумелі, што менавіта па нас працуе. Гэта быў самы запамінальны бой.

Потым мы ў апраметнай цемры выехалі з-пад абстрэлу ў бяспечную зону, таму што ўключыўшы святло становішся вельмі добрай мішэнню. Прычым месцы для нас былі не вельмі знаёмыя. Оркі, як мы іх завём, знаходзіліся і злева, і справа, і ззаду. У цябе ёсць кірунак, а дарог шмат, па якіх можна ехаць. І трэба абраць правільны шлях, каб не патрапіць пад агонь, трэба ў правільным кірунку пакінуць пазіцыю. І ўсё тады атрымалася, як было задумана.

Гэтая аперацыя запомнілася як самы небяспечны і самы ўдалы наш выезд. Потым карэкціроўшчыкі нам расказалі, што мы трапілі ў некалькі наглядальных пунктаў. Міна нават патрапіла ў БМП, якая ў выніку была выведзеная з ладу. А для мінамётнага разліку гэта вельмі вялікі поспех. Мы тады шмат спраў нарабілі, навялі страху там. Удалося нават прыкрыць адступленне ДРГ УСУ, якая выходзіла з аднаго з раёнаў пасля выканання баявой задачы. Пасля гэтага наш разлік ва ўрачыстай абстаноўцы, ужо на базе, узнагародзілі спецыяльнымі шэўронамі.

- Як вы ацэньваеце працэсы, якія адбываюцца на фронце, на якой стадыі цяпер вайна?

- У самым пачатку вайны Расея, ужываючы тактыку такіх наскокаў па пэўных кірунках, зрабіла вялікую памылку, спадзеючыся, што ім лёгка ўдасца дайсці да Кіева. УСУ атрымалася эфектыўна адбіць гэты напад. Зноў жа, не маючы акрэсленага фронту, у правільных месцах расставіўшы свае баявыя падраздзяленні, Украіна дала адпор расейскім войскам.

Цяпер вайна набыла больш пазіцыйны характар, выразна абазначаны лініі фронту. Дзесьці бываюць млявыя сутыкненні, дзесьці наадварот ідуць вельмі інтэнсіўныя баі. Гэта нагадвае ўжо шмат разоў прачытаную ў кнігах і ўбачаную ў фільмах гісторыю Другой сусветнай вайны і нават Першай, дзе два супраціўнікі супрацьстаяць адзін аднаму на нейкай адлегласці. Такая пазіцыйная вайна, як правіла, бывае працяглай. Арганізоўваюцца вылазкі, артылерыйскія налёты, бываюць бітвы з выкарыстаннем індывідуальнай стралковай зброі. Усё гэта ў розных выпадках прыводзіць да розных вынікаў.

Вядома, характар вайны прыкметна адрозніваецца ад таго, што было ў пачатку. Гэта, мусіць, неабходная нейкая стадыя. Хочацца, вядома, хутчэй разабрацца з гэтымі вырадкамі, але, што можам, мы робім.

- Вы - адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Мікалая Статкевіча, сапраўднага афіцэра і лідара беларускай апазіцыі. Калі б Мікола Статкевіч быў сёння на волі, чым бы ён займаўся?

- Мікалай Статкевіч - асоба вельмі для мяне значная, улічваючы што ён, па-першае, вайсковец, а па-другое, мае вялікі палітычны досвед. І гэта не толькі маё глыбокае перакананне. Я чую гэта ад сваіх таварышаў, калі мы размаўляем і абмяркоўваем падзеі ў Беларусі, як гэта ўсё магло б развівацца. Усё ведаюць, што гісторыя не трывае ўмоўнага ладу. Але калі б (гэтае меркаванне навакольных) Статкевіч нейкім чынам застаўся на волі, уся гісторыя Беларусі магла б развівацца зусім па-іншаму і ў правільным кірунку.

У нашай партыі, "Народная Грамада", ёсць праграма, у якой падрабязна апісаны імкненні, якія мы выказвалі яшчэ да падзей 20-га года. Яны засталіся актуальнымі. Мы бачым Беларусь свабоднай, дэмакратычнай, сяброўскай да ўсіх суседзяў. У краіне павінна быць парламенцка-прэзідэнцкая форма кіравання, істотна ўрэзаныя паўнамоцтвы прэзідэнта і яго функцыі. Павінны мець абсалютную свабоду асноўныя тры структуры ўлады: судовая, выканаўчая і заканадаўчая.

Калі б Статкевіч быў на волі, мы б, хутчэй за ўсё, ужо жылі ў свабоднай Беларусі, былі б у звязку з Украінай супраць Расеі, супраць гэтай крыніцы пекла.

- Наколькі рэальны напад Лукашэнкі на Украіну?

- Я не люблю рабіць прагнозы, таму што да 23 лютага думаў, што ўсе гэтыя размовы пра магчымасць татальнага нападу Расеі на Украіну беспадстаўныя і пустыя. Я не Ванга, не бяруся прагназаваць.

Магу сказаць толькі чаго я хачу. Хачу, каб гэтая вайна скончылася як мага хутчэй. Як кажа мая мама, яна верніца: "Няхай Гасподзь усім даруе". Я ж дадаю: "Тым, хто пакаецца з боку оркаў". Як будзе напраўду - цяжка прагназаваць. Я толькі веру ў безумоўную перамогу Украіны. Стратэгічна Украіна ўжо перамагла, засталося тактычна даціснуць. Калі ўжо Пуцін і ягоная арда не дайшлі да Кіева, значыць ужо саступілі. Нам дапамагае ўвесь цывілізаваны свет, на Расею накладзены вялізныя санкцыі і гэтак далей. Бачачы ўсё гэта, я разумею, што Украіна пераможа.

- Што б вы сказалі беларускім вайскоўцам, якіх, магчыма, усё ж адправяць на гэтую вайну?

- Яны і так разумеюць, што сапраўднымі братамі з'яўляюцца ўкраінцы. Расея тут – з боку-прыпёку. Не трэба з ёй ваяваць супраць Украіны. Але я ведаю, што ёсць усялякія магчымасці прымусу. Беларускім вайскоўцам, як мінімум, трэба выканаць нейтралітэт. Калі гэтага не ўдасца зрабіць і іх пагоняць на гэтую бойню, то трэба здавацца. Калі яны здадуцца ўкраінцам, то ў іх будзе магчымасць у далейшым альбо проста не ўдзельнічаць у вайне, альбо змагацца на баку справядлівасці супраць дыктатуры, супраць зла. Найлепшым варыянтам было б, вядома ж, паўстанне ў Беларусі, калі беларускія вайскоўцы павярнулі б зброю супраць рэжыму Лукашэнкі, які заганяе ў гэтую патавую сітуацыю народ Беларусі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках