8 снежня 2022, Чацвер, 6:33
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

ААН адрэагавала на выхад беларускага рэжыму з Орхуса

6
ААН адрэагавала на выхад беларускага рэжыму з Орхуса

Беларусь выйшла з канвенцыі 18 ліпеня.

Беларусь выйшла з міжнароднай канвенцыі, якая абараняе праваабарончую дзейнасць у сферы экалогіі. Са слоў профільных прадстаўнікоў ААН, гэта можа мець наступствы для аховы навакольнага асяроддзя.

Экспэрты ААН у правах чалавека асудзілі пастанову Беларусі выйсці з ліку ўдзельнікаў «Канвенцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця пастаноў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя», вядомай як Орхуская канвенцыя.

Аб гэтым заяўлена на афіцыйным сайце ААН, звяртае ўвагу thinktanks.by.

Беларусь выйшла з канвенцыі 18 ліпеня. У адпаведнасці з артыкулам 21 Орхускай канвенцыі выхад Беларусі са складу ўдзельнікаў Канвенцыі набудзе законную моц 24 кастрычніка 2022 года.

Са слоў улад, Беларусь «сутыкнулася з прадузятым і дыскрымінацыйным стаўленнем з боку кіроўных органаў Канвенцыі».

Орхуская канвенцыя была адобраная ў горадзе Орхусе (Данія) і набыла моц у 2001 годзе. На сёння яе ўдзельнікамі з'яўляюцца 44 дзяржавы рэгіёна. Канвенцыя забараняе пераслед праваабаронцаў, якія бароняць права на чыстае навакольнае асяроддзе.

Прадстаўнікі грамадскасці атрымалі магчымасць падаваць у гэты Камітэт справы аб меркаваным невыкананні правоў, прапісаных у дамове.

«З 2014 года Архускі Камітэт уважліва вывучае выпадкі пераследу і прыгнёту абаронцаў экалагічных правоў у Беларусі і працуе над тым, каб дапамагчы дзяржаве ліквідаваць такія праблемы. У 2021 годзе Камітэт устанавіў, што Беларусь дагэтуль не выканала яго рэкамендацыі, і выказаў сур'ёзную занепакоенасць тым, што становішча абаронцаў навакольнага асяроддзя ў краіне імкліва пагаршаецца», - гаворыцца ў паведамленні ААН.

Пазіцыя беларускага рэжыму

«У існых умовах немагчымы паўнавартасны ўдзел Беларусі ў Канвенцыі. Артыкулам 21 гэтай міжнароднай дамовы прадугледжана, што кожны бок мае права выйсці з Канвенцыі. Такое выйсце не прывядзе да спынення ўдасканалення нацыянальнай сістэмы ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады і насельніцтва ў сферы экалагічнай палітыкі», - гаворыцца ў заяве краіны.

Адказ ААН

З гэтай нагоды профільныя прадстаўнікі ААН заявілі: «Краіна, якая незадаволеная пастановай, вынесенай Камітэтам у выкананні, замест таго, каб выйсці з Канвенцыі, павінна ўзмацніць сваю прыхільнасць правам чалавека, устойліваму развіццю і экалагічнай дэмакратыі».

Яны падкрэслілі, што «абарона эколагаў ад парушэнняў, якія чыняцца як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі суб'ектамі, мае вызначальнае значэнне для аховы навакольнага асяроддзя і правоў чалавека».

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».