У Крыме раздаюцца магутныя выбухі: пад Джанкоем гарыць расейская вайсковая частка
52- 16.08.2022, 8:33
- 45,870

Паведамляецца аб патраплянні УСУ ў склад боепрыпасаў ворага.
Раніцай 16 жніўня ў Джанкойскім раёне акупаванага Крыма прагрымелі магутныя выбухі. Аб гэтым паведамляюць мясцовыя Telegram-каналы.
Са звестак відавочцаў, былі чуваць гучныя выбухі. На відэа патрапілі слупы чорнага дыму.
«Крымінформ» піша, што выбухі адбыліся ў раёне сяла Майскае недалёка ад Джанкоя. Мясцовыя жыхары выкладваюць відэа пажару на тэрыторыі трансфарматарнай падстанцыі.
Кіраўнік Меджліса крымска-татарскага народа Рэфат Чубараў напісаў у Facebook, што на тэрыторыі часова акупаванага Крыма гарыць расейская вайсковая частка.
«Паведамляюць з часова акупаванага Крыма: удалае патраплянне па вайсковай частцы оркаў у пасёлку Qalay (цяпер Азоўскае) Джанкойскага раёна. Выбухі раздаюцца цягам гадзіны», - напісаў Чубараў.
Ён дадаў, што трапілі ў сховішча з боепрыпасамі, «гукі ад выбухаў далёка пракатваюцца па стэпе».
«Гаўляйтэр акупаванага Крыма Аксёнаў тэрмінова адправіўся ў сяло Майскае Джанкойскага раёна. Вёска Майскае знаходзіцца на адлегласці 1 кіламетр ад пасёлка Qalay/Азоўскае», - дадаў Рэфат Чубараў.
Адзначым, што афіцыйнай інфармацыі аб сітуацыі пакуль няма.