«Рэальнасць у беларускіх уладаў чым далей, тым больш альтэрнатыўная»
5- 16.08.2022, 11:40
- 7,786

ФОТА: TUT.BY
Ад стрэсу, мусіць.
Вось прэм'ер Галоўчанка чуе сігналы, піша Telegram-канал "Лісты да дачкі".
Шмат сігналаў. Сігналы сказалі яму, што Захад хоча супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі. Вельмі хоча. Проста саромеецца пра гэта сказаць. Таму сігналіць непасрэдна беларускаму ўраду. Каб ніхто раптам не пачуў.
А ўсё чаму? Таму што ў іх там цемра, голад, саранча і энэргетычны крызіс. А няма ж лепшага выратавання ад энэргетычнага крызісу, чым беларуская драўніна, пелеты і, не пабаюся гэтага слова, можа, нават і еўрапелеты.
Гэта значыць, засталося ўсяго нічога. Дачакацца, пакуль лядоўня памяняе ўладу на Захадзе. А потым ужо беларускія ўлады разгорнуць свае еўрапелеты і з еўрапелетамі наперавес пойдуць адваёўваць заходнія рынкі.
Але пакуль з пелетамі не задалося, Міністэрства прамысловасці пастанавіла пабудаваць свой уласны, айчынны аўтамабіль. Вось чаму яго 25 гадоў не атрымалася пабудаваць? Бо імпартазамяшчэння правільнага не было. А з правільным імпартазамяшчэннем яны табе ў два разы больш айчынных аўтамабіляў пабудуюць. Было нуль, будзе ў два разы больш.
Вось айчыннае пакаванне для малака зрабіць пакуль не атрымліваецца. Але што такое пакаванне? Дробязь, несалідная штука. Якія з яе тэхналагічныя прарывы? Іншая рэч адразу айчынны аўтамабіль.
Але самая альтэрнатыўная, вядома, рэальнасць у беларускіх вайскоўцаў. Бо яна ў іх не толькі альтэрнатыўная, але яшчэ і супярэчлівая. Вось, з аднаго боку, беларускія вайскоўцы б'юцца як ільвы, абараняючы межы саюзнай дзяржавы ад падступнага монстра NATO. І дзень б'юцца, і ноч б'юцца. Патронаў халастых не шкадуюць. І заўваж, з нязменным поспехам. Бо як не бачылі мы раней тут ніводнага монстра NATO, так і цяпер не бачым.
А з іншага боку, яны ж пры гэтым не прымаюць ніякага ўдзелу ва «ўзброеным супрацьстаянні» ва Украіне. Ні-ні. Увогуле ніякага. Вось прадстаўнік беларускага Міністэрства абароны так і сказаў. Што ніякага ўдзелу не бяруць. А толькі выказваюць жаданне канструктыўнага супрацоўніцтва. Ну, прайшлі з беларускай зямлі танкі, ну, самалёты пабамбілі, ну, ракетамі пастралялі. Дык а шо? Вы там, можа, пакрыўдзіліся ці што?
Але з альтэрнатыўнай міралюбнасцю ёсць адна маленькая праблема. Гэта альтэрнатыўны аўтамабіль можна імпартазамяшчаць у сваім тэлевізары на сваё поўнае задавальненне. А калі ты з кімсьці не ваюеш, патрэбен усё ж такі нейкі кансэнсус. Мала расказаць пра гэта ў сваім тэлевізары. Трэба яшчэ пераканаць таго, з кім ты не ваюеш, у тым, што ты з ім не ваюеш. Калі адзін бок з усіх сіл не ваюе, а іншы раптам не паверыць. Вось украінскі амбасадар у Беларусі не паверыў. І параіў беларускім уладам адкарэктаваць сваю рэальнасць у бок большай рэалістычнасці.
І, прабач, не магу не зрабіць малюсенькі гістарычны адступ. Днямі пры раскопах Старога Менска археолагі знайшлі дно чыгуна з трызубцам, знакам Рурыкавічаў. З тым, ад якога пайшоў сучасны ўкраінскі герб. Так трэба сказаць, што няма адзінага меркавання, што насамрэч значыў гэты трызубец. Усё ж дзіўна было б для Рурыкавічаў услаўляць старажытнагрэцкага бога Нептуна. І ёсць распаўсюджанае меркаванне, што трызубец – зусім не трызубец. А схематычная выява сокала ў атацы, да якога дынастыя Рурыкавічаў мела некаторую прыхільнасць.