2 траўня 2024, Чацвер, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія сусветныя маркі, якія пайшлі з РФ, паказалі рэкордны прыбытак

5
Нямецкія сусветныя маркі, якія пайшлі з РФ, паказалі рэкордны прыбытак

Кампаніі апублікавалі фінансавыя справаздачы.

Вялікія нямецкія кампаніі, якія пайшлі з Расеі пасля пачатку шырокамаштабнай вайны РФ супраць Украіны, паказалі істотныя прыбыткі за другі квартал 2022 года. Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.

Сярод такіх кампаній – аўтабудаўнікі Mercedes-Benz і Daimler Truck, Volkswagen і BMW, вытворца моднага адзення Hugo Boss, вядомая марка спартовага адзення Puma.

Так, сусветны лідар на рынку цяжкавікоў і аўтобусаў Daimler Truck паказаў моцны рост даходу і асабліва прыбытку. Пры выхадзе з Расеі кампанія страціла актывы, пакінутыя ў Набярэжных Чаўнах, вартасцю 220 млн еўраў. Аднак ужо на жнівень 2022 года глабальны даход канцэрна вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 18% да 12,1 млрд еўраў, а чысты прыбытак павялічыўся нават на 56% і склаў - за тры месяцы - 946 млн еўраў. За ўвесь 2022 кампанія чакае сумарны даход у дыяпазоне ад 48 да 50 млрд еўраў.

Такія вынікі былі дасягнуты дзякуючы падвышэнню цаны цяжкавікоў, невялікаму, на 4%, росту продажу, паспяховаму развіццю сэрвіснага бізнэсу і спрыяльным валютным эфектам (нізкаму курсу еўра да даляра), бо Daimler Truck шырока прадстаўлены на рынках ЗША і Азіі.

Іншая аўтабудаўнічая кампанія Mercedes-Benz атрымала настолькі паспяховыя вынікі за другі квартал 2022 года, што павысіла прагноз на ўвесь гэты год. Прагназуецца, што даход істотна перавысіць леташні паказчык. Са свежай справаздачы групы вынікае, што глабальныя продажы знізіліся ва 2-м квартале прыкладна на 7% да 487 100 легкавых аўтамабіляў. Але даход групы павялічыўся на 7% да 36, 4 млрд еўра. Вырас і прыбытак. За квартал ён склаў амаль 3,2 млрд еўра.

У Mercedes-Benz адзначаюць, што змушана скарацілі вытворчасць у варунках працягу пільнай нястачы паўправаднікоў (гэта праблема для ўсёй сусветнай аўтапрамысловасці). Але наяўныя мікрачыпы кампанія ўбудоўвала перш за ўсё ў найболей дарагія мадэлі. І яны выдатна разыходзіліся, бо, паказвае кампанія, партфелі кантрактаў, асабліва на аўтамабілі класа люкс, поўныя ў Еўропе, Паўночнай Амэрыцы і ў Кітаі.

Дэфіцыт паўправаднікоў, а таксама праблемы дзеля лакдаўнаў у Кітаі ўдарылі і па іншых аўтавытворцах – Volkswagen і BMW. Аднак У Volkswagen даход ў параўнанні з 2-м кварталам мінулага года павялічыўся на 3,3% да 69,5 млрд еўраў, хоць у Расеі прастойвалі завод у Калузе і зборачная вытворчасць у Ніжнім Ноўгарадзе. У BMW, нягледзячы на спыненне зборкі ў Калінінградзе, абарачэнне вырасла нават на 21,6% да 34,8 млрд еўраў.

Але цяпер у Volkswagen з аптымізмам глядзяць на перспектывы бягучага 3-га квартала і ўсяго другога паўгоддзя, бо партфель заявак добра запоўнены, збыт у Кітаі пачаў расці яшчэ ў чэрвені, а ланцужкі паставак дэталяў відавочна аднаўляюцца.

Кіраўніцтва BMW у сваіх прагнозах больш стрыманае і чакае аб'ёмы продажу крыху ніжэйшыя за леташнія (яны, праўда, былі рэкорднымі), але пры гэтым грунтуецца на тым, што прыбытак да выплаты падаткаў будзе за год істотна вышэйшы, чым у 2021-м.

Вытворца моднага адзення Hugo Boss паказаў найлепшы 2-і квартал у гісторыі фірмы. На пачатку сакавіка кампанія закрыла ў РФ больш за два дзясяткі фірмовых крам і спыніла анлайн-продаж. Але неўзабаве пасля гэтага дамаглася значнага паскарэння росту даходу і прыбытку, асабліва ў Еўропе і Амэрыцы. У выніку даход вырас на 40% да 878 млн еўраў, а аперацыйны прыбытак (EBIT) павялічыўся больш як у два разы да 100 млн еўраў. Гэта дазволіла прадпрыемству больш чым кампенсаваць спісанні на суму 15 млн еўраў у сувязі з ліквідацыяй сеткі крам у Расеі.

Рэкорд паказаў і вытворца спартовага адзення кампанія Puma: мінулы 2-і квартал наогул стаў найлепшым трохмесячным перыядам у гісторыі кампаніі. Квартальны даход, павялічыўшыся на чвэрць, упершыню перавысіў 2 млрд еўраў, чысты прыбытак падскочыў больш чым на 73% да 84,3 млн еўраў. Асабліва паспяхова справы ішлі ў Амэрыцы і Еўропе, тады як у Кітаі ў фінансавыя паказчыкі праз лакдаўны пагоршыліся.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках