20 траўня 2024, панядзелак, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі самбіст Сцяпан Папоў: Мае рацыю і мацнейшы той, хто абараняе свой дом

1
Беларускі самбіст Сцяпан Папоў: Мае рацыю і мацнейшы той, хто абараняе свой дом
Сцяпан Папоў

Стратэгія вайны Расеі - гэта арда.

Беларускі самбіст Сцяпан Папоў у Instagram звярнуўся да расейскіх калег з заклікам не ісці ваяваць супраць Украіны пасля таго, як 21 верасня Уладзімір Пуцін абвясціў аб частковай мабілізацыі на тэрыторыі Расеі:

- Ну што, дарагія самбісты? Тып спорту, у якім максімальная колькасць людзей у пагонах і ў цудоўнай фізічнай форме. Ці гатовыя вы цяпер зрабіць нешта большае, чым ліст Пуціну з падтрымкай вайны і іншыя заклікі?

Абвешчаная мабілізацыя, і вы ў першых шэрагах паедзеце без візы ва Украіну! Калі вы верыце, што там загінула толькі 5 937 вашых землякоў (такую колькасць назваў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу 21 верасня, ацэнкі ўкраінскага боку на парадак вышэйшыя - заўв.) і што там нэанацысты, што вас хочуць заняволіць, то тады зычу вам ужо бегчы ў вайсковы камісарыят. Вас пераканае толькі тое, што вы ўбачыце [ва Украіне]. Але будзе позна ўжо.

Астатніх хачу спытаць: як вы думаеце, хто з самбістаў будзе ў шэрагах «асаблівых»? Каго не закране мабілізацыя? Можа быць, чэмпіёны свету ці ЗМС [заслужаныя майстры спорту]? А каго першымі адправяць? Маладых і неперспектыўных ці ветэранаў самба? Але залатую эліту, тых, хто падпісаў ліст Пуціну, хто праводзіць майстар-класы «Za самба», дакладна не крануць. Яны ж так шмат зрабілі для радзімы!

Ці будзеце вы рыхтавацца цяпер да чэмпіянату свету, ці зможаце пакінуць тэрыторыю Расеі - вялікае пытанне. Але пасля прамовы вашага дыктатара мне зразумела адно - што яму ўсё адно, колькі людзей памрэ ў гэтай вайне. Усе ягоныя словы - гэта нацысцкае прамыванне мазгоў свайго народа і пагрозы ядзернай вайной. Страшныя ноткі, страшныя словы і страшныя законы. Менавіта ён вас пазбаўляе шматлікіх рэчаў, якія ў вас былі да вайны. Цяпер у вас ёсць магчымасць падумаць і прааналізаваць усе падзеі, якія адбываюцца ў вашай краіне і за яе межамі. І, магчыма, зразумець праўду і рэальную сітуацыю вашай краіны і вашага войска.

Я бачыў на свае вочы, як і колькі ўкраінцаў абараняюць сваю Радзіму ад вас. Мае рацыю і мацнейшы той, хто абараняе свой дом! Цяпер ідзе вайна з ужываннем сучаснага ўзбраення, якога дастаткова ва ўкраінцаў. А стратэгія вайны Расеі - гэта арда і колькасць, якая ідзе на забой.

Улада «імператара» трымаецца толькі на падмане і вашым страху, і ёй засталося нядоўга. Лепш сказаць гучнае «не вайне», сесці ў турму і неўзабаве выйсці з яе героямі, чым быць забойцамі або згніць на полі бою як акупант з ганьбай за падман! Будучыня Расеі залежыць толькі ад вас, ад вашай смеласці і вашых дзеянняў. Не вайне, - напісаў Папоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках