Авіяэкспэрт: З імавернасцю 99% Расея абстраляла Кіеў з тэрыторыі Беларусі
28- 15.01.2023, 16:35
- 37,230

Ёсць падазрэнне, што гэта былі іранскія ракеты.
Ударыўшыя 14 студзеня па Кіеве ракеты ляцелі з Беларусі, амаль на 100% упэўнены Валерый Раманенка, авіяэкспэрт, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея авіяцыі.
«Цікава, адкуль яны стралялі гэтымі ракетамі. Бо калі яны стралялі ракетамі з далёкасцю 200 км з расейскай тэрыторыі, нават з месца, дзе сыходзяцца межы Украіны, Расеі і Беларусі, яны б усё адно не маглі даляцець да Галасееўскага і Дарніцкага раёнаў, дзе яны ўпалі. Гэта значыць, абстрэл вёўся з тэрыторыі Беларусі, і гэта на 99%», - адзначыў у эфіры Radio NV Раманенка.
Сталіцу, са слоў экспэрта, маглі абстраляць з ЗРК С-300, С-400:
«Для Кіева гэта першы налёт зенітнымі ракетамі. <...> Па Кіеве выкарыстоўвалі больш дальнабойныя ракеты, калі сапраўды гэта зенітныя ракеты, якія ляцелі па балістычнай траекторыі. <...> Гэта ракеты 48Н6, якія не толькі больш дальнабойныя, але і нясуць цяжэйшую боегалоўку».
Таксама ён дадаў: у яго закрадаецца падазрэнне, што Расея ўпершыню магла выкарыстоўваць супраць Украіны іранскія ракеты.