18 красавiка 2024, Чацвер, 22:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ракетныя ўдары па Кіеве: што чакае беларускую Зябраўку?

50
Ракетныя ўдары па Кіеве: што чакае беларускую Зябраўку?
АЛЯКСАНДР ХАРА

Вайсковыя аб'екты ў Беларусі - прыярытэтная цэль Украіны.

У суботу Расея зладзіла масаваны абстрэл Украіны. Як заявіў Генштаб Узброеных сіл Украіны, для нападу на Кіеў расейцы выкарыстоўвалі зенітныя кіраваныя ракеты С-400 (С-300) з паўночнага кірунку.

Пазней і ўкраінскі авіяэкспэрт Валерый Раманенка пацвердзіў, што з імавернасцю 99 адсоткаў Расея абстраляла Кіеў з тэрыторыі Беларусі.

Сайт Charter97.org папрасіў украінскага дыпламата і палітолага, экспэрта фонду «Майдан замежных спраў» Аляксандра Хару пракаментаваць удары па Украіне з тэрыторыі Беларусі:

- Змяняецца тактыка вядзення вайны, бо, відавочна, Суравікін (Сяргей Суравікін, экс-камандуючы аб'яднанай групоўкай расейскіх войскаў ва Украіне - заўв. Charter97.org) не справіўся са сваёй задачай, калі быў пастаўлены прыярытэт наносіць удары па крытычнай інфраструктуры Украіны, у тым ліку тыя ж ракеты, якія прызначаліся для вайны з Захадам.

Гаворка ідзе пра «Іскандэры», «Калібры», ракеты X, якія запускаюцца са стратэгічных бамбавікоў. Вось яны былі накіраваныя ў часы халоднай вайны і цяпер, для магчымага канфлікту з блокам NATO.

Думаю, што РФ вычарпала запасы, якія можна было выкарыстоўваць і пераходзіць да іншых ракет, якія ёсць. Прынамсі, ракет падвойнага прызначэння - С-400. Яны могуць быць скарыстаныя як для знішчэння сістэм супрацьпаветранай абароны, так і для ўдараў па наземных цэлях. Пры ўдарах па наземных цэлях радыус дзеяння ўдва меншы, чым па паветраных. Адпаведна, для таго, каб наносіць удары па Кіеве і іншых гарадах, якія знаходзяцца на дастатковым выдаленні ад РФ, выкарыстоўваецца як пляцоўка Беларусь.

Статус Беларусі як агрэсаркі не змяніўся з 24 лютага 2022 года, калі Лукашэнка даў тэрыторыю краіны для шырокамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Падкрэслю, што з пункту гледжання ўкраінскага заканадаўства і міжнароднага права, Беларусь - агрэсарка.

На сумленні ўрада і вайсковага кіраўніцтва Беларусі ёсць злачынствы, якія можна кваліфікаваць як вайсковыя. Знішчэнне цывільнай інфраструктуры, якая не нясе ніякай ваеннай нагрузкі - гэта тэрарызм. Вайна не касуе выкарыстанне разнастайных дзеянняў у якасці інструментаў супраць тэрарызму.

Няма ніякіх сумневаў, што рэжым Лукашэнкі крывавы, як у дачыненні да беларусаў, так і ўкраінцаў.

- Выданне Defense Express, прааналізаваўшы абломкі ракет, заявіла, што ўдар па Кіеве быў нанесены новымі ракетамі для С-400 з беларускай Зябраўкі. Як можа адрэагаваць на гэтыя ўдары Украіна?

- Я мяркую, што было б абсалютна правільным Украіне разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю. Няма сэнсу трымаць у Менску ўкраінскіх дыпламатаў, якія зусім нічога не могуць зрабіць.

Іншае пытанне датычыцца таго, ці ёсць сэнс наносіць удары па аб'ектах вайсковай інфраструктуры Беларусі, з якіх наносяцца гэтыя ўдары. Гэта і месцы, дзе стаяць ракетныя ўстаноўкі, і аэрадромы. Я думаю, што гэта не толькі легітымная цэль, але і прыярытэтная цэль для таго, каб гарантаваць бяспеку Кіева і не толькі. Такія ўдары павінны быць нанесеныя.

Тут я не бачу ніякіх момантаў, якія можна было б уважаць за небяспечныя з пункту гледжання нават таго, што Лукашэнка пастановіць не толькі даць тэрыторыю, але і паўнавартасна ўклініцца ў канфлікт. Так, гэта будзе нялёгка для Украіны, але калі Лукашэнка рызыкне жыццём беларускіх салдат у імя абсалютна бессэнсоўнай і фактычна ўжо прайгранай у стратэгічным плане вайны, то гэта будуць яго апошнія дні.

Мы памятаем аб тым, што Беларусь з'яўляецца «саюзнай дзяржавай» РФ. У апошні час паскорылася «інтэграцыя» ўзброеных сіл гэтых краін. Праводзяцца «вучэнні», перакідваецца вялікая колькасць тэхнікі, як для рамонту так і для магчымых агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да Украіны.

Ніхто не выключае паўтарэння спробы захапіць Кіеў, у тым ліку - з дапамогай прасоўвання гэтых сіл з тэрыторыі Беларусі. Пакуль іх яшчэ не назапашана дастаткова, але гэтага выключаць нельга.

Зразумела, што на тэрыторыі вайсковых аб'ектаў Беларусі знаходзяцца расейскія вайскоўцы, тэхніка, якія выкарыстоўваюцца супраць Украіны.

Напрыклад, той жа самы самалёт AWACS, які займаецца выведкай і цэленавядзеннем, выкарыстоўвае беларускі аэрадром. Таму абсалютна законна і легітымна знішчаць тэхніку, якая наносіць удары па тэрыторыі Украіны.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках