Кадры з Вуглядара: Байцы УСУ паказалі, як выглядае горад цяпер
6- 28.01.2023, 11:09
- 7,396
Украінскі дрон праляцеў над жылымі кварталамі.
У сеціве апублікавалі відэа з Вуглядара – горада, які войска РФ пастанавіла ператварыць у суцэльныя руіны.
Інфармацыя апублікаваная ў Telegram-канале Анатоля Штэфана, падпалкоўніка УСУ.
Відэа доўжыцца блізу дзвюх хвілінаў. Гэтага часу стае, каб зразумець намер расейцаў – Вуглядар можа стаць такой самая пустыняй, якой стаў Салядар, а раней – Папасная.
Дрон пралятае над жылымі кварталамі і гледачы бачаць кадры знішчанага горада:
пад'езды пяці- і дзевяціпавярховых дамоў счарнелі ад сажы – усё чорнае ад першага да апошняга паверха;
ад траплянняў снарадаў абрынуліся цэлыя секцыі дамоў;
у некаторыя кватэры патрапілі зверху – выбух знёс дах і некалькі паверхаў ніжэй;
у жылым квартале няма ніводнага цэлага акна або гаўбца, усё вакол засыпанае абломкамі;
снарады знішчылі спартовую пляцоўку, на якой калісьці займаліся дзеці – можна налічыць 6 прыцэльных удараў.
Адзначым, Вуглядар (5 кв. км) плошчай амаль утрая меншы за Салядар (14 кв. км) – горад складаецца з некалькіх кампактных кварталаў. Колькасць насельніцтва аднак крыху большая – 15 тыс. супраць 11 тыс.
Каб зразумець, якім быў гэты невялікі горад у Данецкай вобласці, можна скарыстацца Google-мапамі, і параўнаць, якім горад быў да і якім стаў пасля прыходу «расейскага свету».
Як паведамляў сайт Charter97.org, войска РФ пачало штурмаваць Вуглядар некалькі дзён таму – ужо 25 студзеня населены пункт апынуўся ў зоне прамых баёў.