Амерыканскі генерал назваў дату вайны ЗША з Кітаем
26- 28.01.2023, 13:56
- 17,408
І заклікаў рыхтавацца.
Амерыканскі генерал ВПС Майк Мініхан разаслаў камандзірам службовы ліст, у якім заклікаў рыхтавацца да вайны з Кітаем у 2025 годзе.
Пра гэта паведамляе Washington Post.
Мініхан заклікаў падначаленых паскорыць падрыхтоўку да магчымага канфлікту.
«Я спадзяюся, што памыляюся. Інтуіцыя кажа мне, што мы будзем ваяваць у 2025 годзе. Сі (Цзіньпін, кіраўнік Кітая. – рэд.) забяспечыў сабе трэці тэрмін, а ў кастрычніку 2022 года прызначыў сваю ваенную раду. Выбары прэзідэнта Тайваня адбудуцца ў 2024 годзе і дадуць Сі нагоду (напасці на Тайвань. – Рэд.). Выбары прэзідэнта ЗША адбудуцца ў 2024 годзе і дадуць Сі Амерыку. Каманда, нагода, магчымасці Сі – усё арыентавана на 2025 год», – напісаў ён.
Мініхан заклікаў лётчыкаў трэніравацца ў стральбе па цэлях з адлегласці 7 метраў. «Цэльцеся ў галаву», – параіў ён.
Ён таксама рэкамендаваў падначаленым узмацніць сваю ваенную і фізічную падрыхтоўку.
Прэс-сакратар ВПС ЗША маёр Хоўп Кронін пацвердзіў сапраўднасць ліста Мініхана.
Спікер Пентагона генерал Патрык Райдэр заявіў, што стратэгія нацыянальнай абароны ЗША выразна паказвае: «Кітай з'яўляецца галоўным выклікам».
Тым часам іншы прадстаўнік Пентагона на ўмовах ананімнасці адзначыў, што каментары Мініхана «не адлюстроўваюць гледзішча Міністэрства абароны ЗША датычна Кітая».