NASA расказала пра склад астэроіда, частку якога даставілі на Зямлю
1- 11.10.2023, 21:39
- 7,494
Фрагменты астэроіда даставілі на Зямлю ў канцы верасня.
NASA апублікавала звесткі пра фрагмент астэроіда Бэну, які даставілі на Зямлю ў канцы верасня – ён багаты на вуглярод і ваду. 11 кастрычніка агенцтва правяло вэб-трансляцыю, дзе прэзентавала першыя аналізы, праведзеныя на пазаземным матэрыяле, паведамляе Space.com.
Паводле словаў чальцоў каманды місіі, гэтыя вельмі раннія навуковыя вынікі шматабяцальныя, паказваюць, што Бэну багаты як на ваду, так і на вугляродныя злучэнні.
«Узор OSIRIS-REx з'яўляецца самым багатым на вуглярод узорам астэроіда, які калі-небудзь дастаўляўся на Зямлю, ён дапаможа навукоўцам даследаваць паходжанне жыцця на нашай уласнай планеце для будучых пакаленняў», – сказаў у сённяшняй заяве адміністратар NASA Біл Нэльсан.
Місія OSIRIS-REx была запушчаная ў верасні 2016 года і прыбыла да Бэну ў снежні 2018 года. Узяцце ўзораў прайшло ў кастрычніку 2020 года. Падарожжа дадому закончылася 24 верасня 2023 г., калі капсула OSIRIS-REx прызямлілася ў пустыні на поўначы Юты. Праз дзень узор прыбыў у Касмічны цэнтр Джонсана NASA (JSC) у Х'юстане.
Місія карабля OSIRIS-REx яшчэ не скончылася. Хоць ягоная зваротная капсула цяпер вярнулася на Зямлю, зонд прадаўжае ляцець у іншы астэроід пад назвай Апофіс. Плануецца, што OSIRIS-REx прыбудзе ў гэтае нябеснае цела ў 2029 годзе і вывучыць яго зблізку ў рамках пашыранай місіі пад назовам OSIRIS-APEX.