Бітва за Крым: эксперт назваў два вызначальныя фактары для УСУ
4- 3.10.2023, 15:10
- 11,162
Паўвостраў можа быць вызвалены ў сціснутыя тэрміны.
Былы міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес заявіў, што цяпер можна назіраць пачатак бітвы за часова акупаваны Крым. Што дазволіла экс-міністру зрабіць такую заяву?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім вайсковым экспертам, кіраўніком Цэнтра вайскова-прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам.
- Гэта звязанае з павелічэннем інтэнсіўнасці ўдараў украінскіх сіл па аб'ектах расейскіх войскаў у Крыме. Праведзеныя даволі паспяховыя аперацыі: удары па штабе Чарнаморскага флоту РФ, па рамонтным заводзе ў Севастопалі са знішчэннем карабля і падводнай лодкі.
Агулам мы бачым, што ў Крыме ўзрасла інтэнсіўнасць і эфектыўнасць удараў, праведзеных аперацый украінскімі сіламі ў Крыме. Гэта па-першае.
Па-другое, вельмі важна, што на гэтым шляху ёсць падтрымка нашых партнёраў. Не так даўно ў Кіеве былі брытанскі і французскі міністры абароны. Да гэтага, дарэчы, брытанскі кароль Чарльз III выступаў у парламенце Францыі, дзе сказаў аб тым, што Брытанія і Францыя павінны дапамагчы Украіне перамагчы.
Дарэчы, хачу нагадаць, што менавіта войскі англа-французскай кааліцыі паспяхова тапілі Чарнаморскі флот і бралі Севастопаль у часы Крымскай вайны 1852-1856 гадоў. Гэта надта важны аспект.
Па-трэцяе, украінскія войскі вядуць контрнаступальныя дзеянні на Поўдні. Думаю, што гэта ўсё разам і дае падставы для экс-міністра Уолеса рабіць такія высновы і заявы.
- Вы згадалі нядаўні ўдар па штабе Чарнаморскага флоту РФ у Севастопалі. Як агулам разгром штаба паўплывае на каардынацыю дзеянняў акупантаў?
- Гэта дастаткова сур'ёзны дэмаралізуючы фактар. Канешне ж, парушаецца і каардынацыя. Наступны момант - наносяцца не толькі ўдары па штабах, але і непасрэдна вядзецца, скажа так, паляванне за расейскімі караблямі.
Усё гэта ў комплексе адыгрывае стратэгічна важную задачу - паслабленне патэнцыялу Чарнаморскага флоту РФ, паслабленне магчымасцяў ажыццяўлення ўсякага ўплыву Расеі ў акваторыі Чорнага мора. Гэта самае важнае.
Зразумела, што будуць кадравыя пературбацыі, новае камандаванне. Як бы тамака ні было, афіцэры зойдуць на пасты, будуць камандаваць, ажыццяўляць іншыя функцыі. Пакуль што рана казаць пра поўны калапс Чарнаморскага флоту РФ. Тым не менш Украіна выразна дэманструе, што менавіта гэта яе мэта - калапс ЧФ РФ. Праца ў гэтым кірунку працягнецца.
- Украіна стварае першы ў свеце флот марскіх дронаў. Ці можна казаць аб поўным выцясненні баявых караблёў РФ з Чорнага мора?
- Гэта стратэгічная мэта і задача – выцесніць Расею з Чорнага мора. Акурат марскія дроны - вельмі важны кампанент для нас, бо мы не можам супрацьстаяць Расеі караблямі і падводнымі лодкамі. Адпаведна, мы робім акцэнт на марскія дроны.
Думаю, што будуць і падводныя дроны плюс беспілотнікі, якія могуць наносіць удары з неба. Мэта - нанесці ворагу максімальныя страты і абмежаваць магчымасці ЧФ РФ у акваторыі Чорнага мора.
Мы бачым, што надводныя дроны сябе добра зарэкамендавалі для ўдараў па розных аб'ектах. Плюс беспілотнікі. Яны ўсе сур'ёзна працуюць у каардынацыі з авіяцыяй, паветранымі сіламі. Успомнім удары Storm Shadow і SCALP-EG. Магу сказаць, што мы ўскладаем сур'ёзныя спадзяванні на гэта.
Агулам сітуацыя з вызваленнем Крыма будзе залежаць ад двух фактараў.
- Якіх?
- Па-першае, ад таго, наколькі хутка нам удасца прасунуцца на Поўдні і разбурыць наземны калідор. Для гэтага неабходна вызваліць не толькі Такмак, але і Мелітопаль.
Па-другое, наколькі будзе павялічвацца дапамога нашых партнёраў: ці атрымаем ракеты разам з самалётамі F-16 і іншую дапамогу. Магчыма, мы ўбачым інтэрнацыянальныя легіёны (брытанскія, французскія і іншыя), якія дапамогуць нам высаджваць дэсант на Крым. Тады задача будзе развязаная ў больш сціслыя тэрміны.
Калі ж гэтага не адбудзецца, то пытанне дэакупацыі Крыма выйдзе на больш сярэднетэрміновую перспектыву.