3 сакавiка 2024, Нядзеля, 9:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наўздагон «Автобизнесу», што адышоў

13
Наўздагон «Автобизнесу», што адышоў

Давайце гучна.

Аўтабізнэсу больш няма. З панядзелка іхні сайт не абнаўляецца, а ў мінулую нядзелю там з'явіўся развітальны ліст. Суполка ABW.by дзякавала ўсім — чытачам, рэкламадаўцам, гандлярам, экспертам, супрацоўнікам ДАІ. Пад тэкстам ліста змясцілі песню са «Звычайнага цуду» — тую самую, знакамітую «Давайте негромко, давайте вполголоса…», якая так пасуе да ўсякага развітання.

Я памятаю газету "Автобизнес" яшчэ на самым пачатку яе выхаду, у дзевяностыя. Купляла яе ў кіёску, хоць я тады не тое што легкавіка, нават права кіравання яшчэ не мела. Але дзякуючы «Автобизнесу» я зануралася ў недаступны мне свет аўтамабілістаў, і здавалася, што дзякуючы чытанню газэты мара сесці пры стырне становіцца быццам бліжэйшай да ажыццяўлення.

Газэта ў свой час дапамагла мне зразумець, што першым самаходам для неспрактыкаванага аўтамабіліста, які кагадзе атрымаў пасведчанне, ашчаджае грошы, мае быць не прыгожанькі-гладзенькі-навюткі, а рухомае ламачча, каб не шкада было лічыць слупкі ды іншыя выгоды паркавання для пачаткоўца . Камусьці «Автобизнес» дапамог знайсці аўтамабіль мары, камусьці — прадаць абрыдлы, камусьці знайсці працу ў гэтай сфэры, а камусьці проста прабавіць час у цягніку. Гэта сапраўды быў вялікі і важны для Беларусі праект. І мне яго вельмі шкада.

Але асабліва мне шкада галоўную рэдактарку Юлію Мудрэўскую і рэдактара спецыяльных праектаў Юрыя Гладчука, які абвандраваў на матацыкле ўсю краіну. Іх затрымалі летам мінулага года за ўдзел у пратэстах і прысудзілі да турэмных тэрмінаў. А месяц таму, 28 кастрычніка, карнікі затрымалі дырэктара Віталя Палякова і, як паводзіцца, выставілі ў сваім смуродным тэлеграм-канале пакаяннае відэа, на якім Віталь на патрабаванне карнікаў гаворыць у тым ліку і пра свой заробак. Уладальнікі фірмы, якой належыць «Автобизнес», тут жа паспяшаліся адхрысціцца ад свайго супрацоўніка: на працу ён быў прыняты з выпрабавальным тэрмінам, затрыманы ў апошні дзень свайго першага працоўнага месяца, так што заробак, пра які гаворыць на камеру, ён не паспеў атрымаць, мы яму нічога не плацілі, ніякія пратэсты не фінансавалі, і ўвогуле ўсе нашы супрацоўнікі ведаюць, што «Автобизнес» — гэта не пра палітыку.

Я ўсё выдатна разумею: ім, уласнікам, напэўна, было важна захаваць прадпрыемства, якое валодае не толькі "Автобизнесам", але і рэстарацыямі, барамі, фабрыкамі-параходамі. Але чамусьці нясцерпна брыдка было чытаць гэты каментар пра тое, што ніякіх грошай Палякову ніхто не заплаціў, і ўвогуле, паміж бізнэсам і палітыкай кампанія заўсёды выбірала бізнэс, як і раіў мудры Аляксандр Рыгоравіч у адным са сваіх інтэрвію. Пасля гэты каментар з сайта знік. Але фуз застаўся, як казаў зусім не Лукашэнка, а персанаж старой показкі.

Больш за ўсё мне хацелася б памыляцца. Мне хацелася б, каб хто-небудзь заўтра затэлефанаваў і сказаў: «Ды ты проста нічога не ведаеш, уласнікі знарок публічна адхрысціліся ад сваіх супрацоўнікаў, каб увесці карнікаў у зман, а напраўду яны дапамагаюць сем'ям Юліі Мудрэўскай і Юрыя Гладчука, і Палякова яны без заробку не пакінулі, з ім усё ладам». Магчыма, падсвядома я менавіта дзеля гэтага і пішу гэты тэкст. Але нешта мне падказвае: ніхто не затэлефануе і не скажа, што памыляюся.

Вядома, вельмі хочацца вярнуцца ў 2020 год, калі бізнэс перастаў удаваць, быццам у краіне ўсё добра і правільна, і пачаў дапамагаць пратэстоўцам. Памятаеце, як аўтасэрвісы задарма рамантавалі аўтамабілі, разбітыя карнікамі? Медыцынскія цэнтры бясплатна лячылі пацярпелых ад міліцыйных дручкоў, ботаў і гумавых куль. Кавярні адчынялі дзверы для пратэстоўцаў, розныя службы таксі вазілі людзей да месца збору на чарговы марш і не бралі грошы. Думаю, кожны з нас знойдзе не адну такую гісторыю. І нам вельмі хочацца, каб гэтак было заўсёды. Але гэта ўсё адно што марыць вярнуцца ў дзяцінства — файна было, вядома, і весела, і бесклапотна, але больш ніколі не будзе. Пачалося дарослае цяжкае жыццё. Часам — зусім невыноснае, але адзінае. Уласна, 2020 год і стаўся дзяцінствам для шмат якіх беларусаў – калі ўсё першы раз: і захапленне ад уласнай смеласці, і шчасце ад знаёмства з людзьмі, якія, вядома ж, цяпер самыя-самыя блізкія сябры на ўсё жыццё, і нечаканы штурхель дручком, і страх, і ўсведамленне таго, што ты смяротны.

Але я цяпер зусім не аб тым дзіўным часе. Проста, раз ужо ўладальнікі «Автобизнесу» на развітанне так нічога і не сказалі пра сваіх арыштаваных і прысуджаных да турмы супрацоўнікаў, хачу ў якасці чытача падзякаваць Юліі Мудрэўскай і Юрыю Гладчуку. Дзякуй, спадарства, за тое, што вы рабілі выдатны праект. Дзякуй, спадарства, за тое, што выходзілі на пратэсты. Дзякуй, спадарства, што былі разам з усімі. Мы вас чакаем.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках