27 лiпеня 2024, Субота, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усе мае знаёмыя абураюцца: Няўжо няма куды грошы падзець?»

7
«Усе мае знаёмыя абураюцца: Няўжо няма куды грошы падзець?»

Віцябчук выказаўся пра планы ўсталяваць у горадзе флагшток.

У рэдакцыю сайта Charter97.org напісаў чытач Веньямін з Віцебску:

– Нядаўна мы, віцебчукі, даведаліся, што мясцовыя «ўлады» пастанавілі нас ашчаслівіць будаўніцтвам новага аб'екта. І гэта не паліклініка, не школа і нават не гандлёва-забаўляльны цэнтр. У гістарычным цэнтры горада, на плошчы Тысячагоддзя пастанавілі ўсталяваць флагшток.

Калі вы не ведаеце, што гэта за цацка такая, то я растлумачу: гэта такая высачэзная стальная палка, на якой будзе боўтацца зялёна-чырвонае палотнішча – сімвал цяперашняга рэжыму. Такую ўжо паставілі ў 2020-м годзе ў Гомелі, уляпіўшы ў гэты будынак фантастычную суму – пад 600 тысячаў еўраў.

Усе мае знаёмыя абураюцца: ну няўжо няма куды грошы падзець? Хай бы іх уклалі хоць бы ў развіццё грамадскага транспарту. Бо калі да нас прыязджаюць госці і мы хочам ім паказаць віцебскія славутасці, то нашыя аўтобусы з трамваямі мала могуць дапамагчы, бо ездзяць «гады ў рады». Балазе, цяпер можна выклікаць таксі праз мабільнае прыкладанне.

Але абурэнне, на жаль, застаецца толькі з намі, бо цяпер скардзіцца на тыя ж дзяржаўныя органы небяспечна. Могуць жа інкрымінаваць і «дыскрэдытацыю», і «распальванне варожасці». А мясцовая адміністрацыя яшчэ і страшыць на сайце: «адмова ад рэалізацыі праекту... прывядзе да адсутнасці зоны патрыятычнага ўзбагачэння...»

Ну так, здагадваемся, пра якое і чыё ўзбагачэнне тут ідзе гаворка. Гэта не нейкая атамная станцыя, усё зробяць свае фірмы. Хоць планы велізарныя! Там не толькі тычку ўваткнуць у плошчу, а яшчэ прадугледжаныя і асвятленне, і велізарныя экраны, і канструкцыя з гербам-капустай, і акустычная сістэма для прайгравання гімнаў. Марнаваць грошы – так з музыкай!

Выкажу прапанову звярнуцца да досведу ісламскіх краінаў. Аднойчы ў верасні давялося адпачываць з сям'ёй у Турцыі. Штодня ў 5.30, калі яшчэ было цёмна, нас абуджаў кліч муэдзіна з высокага мінарэта найбліжэйшай мячэці. Самога муэдзіна не было відаць, але ўсё вакол грымела ад ягонага голасу, узмоцненага магутнымі дынамікамі.

Тое самае можна зрабіць і ў нашым горадзе. Варта толькі прымацаваць да 60-метровай гаргары рэпрадуктары, і а палове на шостую будзіць прыгонны люд на працу, а вечарамі трансляваць прамовы і заклікі тутэйшага «султана». Праўда, верхавод ужо стаў стары, кволы, ажно галава трасецца. Але чым слабейшы становіцца правадыр, тым вышэй трэба ставіць флагшток, праўда?

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках