Экс-прэзідэнт Казахстана Назарбаеў прызнаўся ў шматжонстве
16- 30.11.2023, 15:03
- 14,740
Палітык упершыню напісаў пра гэта ў мемуарах.
Былы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў расказаў аб наяўнасці ў яго другой сям'і. Прызнанне апублікаванае ў мемуарах палітыка, паведамляе Orda.
Са слоў Назарбаева, ён пазнаёміўся са сваёй другой жонкай Асель Ісабаевай у канцы 1990-х гадоў. Спачатку ён убачыў яе падчас паездкі ў Талдыкарган: яна была ў ліку тых, хто сустракаў яго ля трапа самалёта. «Дзяўчына, якая паднесла мне кветкі ў аэрапорце, была надзвычай прыгожая. Мне надоўга запомнілася і потым часта ўспаміналася светлатварая прыгажуня з гарачым поглядам і танюткай фігурай», - напісаў Назарбаеў.
Затым ён прачытаў у газеце, што Ісабаева здабыла Гран-пры на конкурсе "Міс Казахстан" і надумаў яе адшукаць. Гэта адбылося ў 1999 годзе, у той час ёй было 19 гадоў, а яму — 59. Са слоў Назарбаева, “і ў абліччы, і ў думках” дзяўчыны ён “убачыў шмат якасцяў, якія шукаў, а галоўнае — пазбавіўся ад душэўнай, якая цягнулася гадамі, самоты”.
У выніку яны ўзялі шлюб “згодна з мусульманскім звычаем”. Са звестак СМІ, на цырымоніі прысутнічаў і цяперашні прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, які быў адным з чатырох сведак.
Ісабаева нарадзіла Назарбаеву двух сыноў: Таўмана ў 2005 годзе і Байкена ў 2008-м. Пасля з'яўлення на свет першага сына ён надумаў пра ўсё расказаць сваёй афіцыйнай жонцы Сары, з якой узяў шлюб у 1962 годзе. Назарбаеў сцвярджае, што яна "зразумела і даравала" яму. У мемуарах ён піша, што ўдзячны Сары, якая з'яўляецца маці трох ягоных дачок Дарыгі, Дынары і Аліі, за тое, што яна "была побач у гадзіны самых цяжкіх выпрабаванняў".
“Вось так, сябры. Я выклаў перад вамі ўсю праўду. Што вы на гэта скажаце - справа ваша. Гэта жыццё. Ёсць адна праўда. Праўда аб тым, што сэрцу не загадаеш”, - сказаў на заканчэнне Назарбаеў.
Пасля Асель Ісабаева змяніла прозвішча на Курманбаева. Яна заснавала Фонд развіцця балета і нацыянальнага танца і Фонд падтрымкі і развіцця мастацкай гімнастыкі Казахстана. Цяпер з'яўляецца арт-дырэктаркай тэатра "Астана Балет". Яе імя фігуруе ў расследаванні аб афшорных схемах "Архіў Пандоры". У ім гаворыцца, што Ісабаева атрымала $30 млн ад кампаніі, якая належыць сям'і Уладзіміра Ні, які быў давераным памочнікам ейнага мужа.
Былы акім Алматы Віктар Храпуноў і былы зяць Назарбаева, цяпер нябожчык Рахат Аліеў сцвярджалі, што ў палітыка ёсць і трэцяя жонка - Гульнара Ракішава, якая пазнаёмілася з кіраўніком дзяржавы, калі працавала сцюардэсай "Беркута" - спецыяльнага авіяатрада прэзідэнта Казахстана.
Аліеў расказваў, што стасункі бортправадніцы і Назарбаева “былі асабліва шчыльнымі ў 1996 годзе” — на той момант ёй было 26 гадоў. У выніку Ракішава стала віцэ-прэзідэнткай авіякампаніі “Эйр Астана, а ейны бацька - намеснікам міністра абароны ў тылавым забеспячэнні. Пазней яна заснавала некалькі кампаній. Сярод іх – Sergio Group, якая займаецца продажам мэблі і посуду замежных брэндаў, ейны гадавы даход складае 4-6 млрд тэнге.