Афіцэр УСУ: У марской пяхоты на левабярэжжы Дняпра ёсць асаблівыя здольнасці
- 3.12.2023, 9:24
- 7,442
Адтуль можа пачацца новы ўкраінскі наступ.
Некалькі плацдармаў на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці занялі падраздзяленні марской пяхоты. Гэта байцы з асаблівым характарам і здольнасцямі, якія не збіраюцца здаваць заваяваныя пазіцыі. Больш за тое – пасля яны змогуць падтрымліваць асноўны наступ Сілаў абароны на гэтым кірунку або нават паспрабаваць сваімі сіламі прарваць абарону расейскага акупацыйнага войска.
На жаль, гэты будучы наступ можа адбыцца не так хутка, як хацелася б, бо вораг дагэтуль мае перавагу ў паветры, ён шчыльна замінаваў подступы да сваіх пазіцыяў і кінуў у бой велізарную колькасць жывой сілы – «мяса». Аднак сёння не поўдзень, а ўсход стаў пунктам найбольшых намаганняў акупанта, і гэты факт на руку ўкраінскім абаронцам.
Такое меркаванне ў эксклюзіўным інтэрв'ю OBOZ.UA выказаў першы намеснік старшыні Звязу афіцэраў Украіны, капітан першага рангу Яўген Лупакоў.
– Паводле звестак аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны (ISW), Расея сабрала на левабярэжжы Дняпра значныя сілы, зрэшты, украінскія абаронцы прадаўжваюць утрымліваць тут плацдарм і нават правялі шэраг нападаў. Паводле вашых ацэнак, якія перспектывы нашых Сілаў абароны менавіта на левабярэжжы, беручы да ўвагі і ўмовы надвор'я, і супраціў акупанта, і перавагу ворага ў небе?
– Перспектывы адназначныя. Калі нашыя высадзіліся на левым беразе, то гэта марская пяхота. А гэта асаблівыя ваяры, з асаблівым характарам, з асаблівымі здольнасцямі. Яны не здадуць гэты плацдарм адназначна. Больш за тое, адтуль будзе падтрымка нашага наступу, які сыдзе з поўначы. Можа, і самі прарвуць.
– Вядома, мы не можам ведаць, якая колькасць нашых вайскоўцаў на гэтым адрэзку фронту, якія сілы і сродкі ў іх ёсць. Аднак, на вашую думку, наколькі гэта доўгая гісторыя – тыя наступальныя дзеянні, пра якія вы сказалі?
– На жаль, вельмі доўгая. Таму што мы сутыкнуліся з моцнай перавагай ворага ў паветры, пра што вы сказалі, і велізарнымі міннымі і фартыфікацыйнымі загародамі ворага. Плюс з бясконцай колькасцю «мяса». Гэтыя тры чыннікі цяпер перашкаджаюць нам прабіваць абарону ворага і ісці наперад. Галоўнае для нас – прарваць абарону, далей пойдзе лягчэй.
– Якраз наконт «мяса», пра якое вы згадалі. Мы бачым, якія каласальныя страты нясе вораг. Напрыклад, за 28 лістапада было «адмінусавана» 1140 акупантаў. Аднак асноўныя сілы акупант засяроджвае на ўсходзе нашай краіны – у раёне Аўдзееўкі, Мар'інкі, Бахмута, у той час як на паўднёвым усходзе гэтага «мяса» менш. Ці думаеце вы, што Сілы абароны могуць скарыстацца сітуацыяй, калі вораг адрывае свае сілы на іншы кірунак?
– Ад той Аўдзееўкі ўжо нічога не засталося. Там каменя на камені няма. Так, нашыя трымаюцца на гэтых камянях і адрываюць увагу ворага. Але мы ведаем, што гістарычна традыцыйна ў Расеі наступы рабіліся пад пэўныя даты ці нейкую ідэю. Напрыклад, у іх была ідэя-фікс захапіць Бахмут. Захапілі. І што? Наступная ідэя-фікс – захапіць Аўдзееўку. Там засталіся толькі камяні, але яны кідаюць туды вялізную колькасць асабовага складу. Таму праблема акупанта ў тым, што падрыхтаванага «мяса» на ўсе кірункі не стае.
Ці могуць гэтым скарыстацца Сілы абароны на поўдні? Адназначна.
У марской пяхоты на левабярэжжы Дняпра ёсць асаблівыя здольнасці, адтуль можа пачацца наступ: інтэрв'ю з афіцэрам Лупаковым
– Ці думаеце вы, што пры пэўных абставінах ужо не будзе неадкладнай ваеннай неабходнасці ўтрымліваць Аўдзееўку?
– Як мы памятаем, у сітуацыі з Бахмутам даўно прапаноўвалі адысці на падрыхтаваныя пазіцыі, але рэч у тым, што ў нас таксама ёсць пэўныя амбіцыі. Я кажу не пра вайскоўцаў. Таму цяпер не трэба перашкаджаць вайскоўцам. Ім лепш відаць, што мэтазгодна рабіць. Перад імі актуальная мапа баявых дзеянняў, яны ведаюць ворага, ведаюць умовы.
У любым выпадку кожны дзень метр за метрам мы адваёўваем нашу зямлю. Так, раней мы адваёўвалі сотнямі кіламетраў, а цяпер гаворка ідзе пра дзясяткі і сотні метраў. Так ці інакш, уся ваенная дапамога, якая прапануецца нам хаўруснікамі, ідзе на карысць і паскарае наша прасоўванне наперад.
Аўдзееўка як такая ваеннай каштоўнасці ўжо не мае, але яна сапраўды адрывае значныя сілы акупантаў на тым кірунку. Так, іх вельмі шмат, але гэтая колькасць не бясконцая.
– Былы спецпрадстаўнік ЗША ва Украіне Курт Волкер заявіў, што сёння NATO ненаўмысна фактычна пасылае сігнал Пуціну прадаўжаць вайну ва Украіне, паколькі марудзіць з сяброўствам нашай краіны ў Альянсе. Волкер мяркуе, што Украіна як мага хутчэй павінна стаць сяброўкай NATO, і гэта ператворыць вайну Пуціна ў бязмэтную. Ці згаджаецеся вы з такімі ацэнкамі? Ці сапраўды ўдзел у Альянсе быў бы панацэяй, якая выратавала нас ад агрэсіі Расеі – сённяшняй і будучай?
– Сяброўства ў NATO павінна было выратаваць Украіну ад гэтай шырокамаштабнай вайны, але калі Украіна стане чальцом Альянсу сёння, гэта будзе азначаць абавязак NATO абараняць нашу краіну. А гэта азначае, што вайна перарасце ў Трэцюю сусветную. Праблема не толькі ў тым, што ва Украіне не пераадоленая карупцыя і ёсць іншыя праблемы. А ў тым, што нельга пераводзіць вайну дзвюх краінаў у сусветную вайну.
– Добра, цяпер NATO з аб'ектыўных прычынаў не можа прыняць Украіну. Але на адрас Альянсу часта гучаць папрокі, што ён прапануе недастатковую ваенную дапамогу Украіне. Сярод іншага, кіраўнік МЗС Літвы Ландсбергіс заявіў, што краіны NATO маюць зброю, якая можа забяспечыць «тэхналагічны прарыў» Украіны, аднак даюць яе трэцім краінам. Мы назіраем вельмі доўгую гісторыю са знішчальнікамі F-16, з ракетамі ATACMS далёкасцю не меншай за 300 кіламетраў. Калі б мы атрымалі ўсё гэта ўжо сёння, магло б гэта зрушыць сітуацыю на фронце?
– Мы ўдзячныя ўсім, хто нам дапамагае. Патрабаваць ад тых, хто можа нешта даць, у нас няма ні маральнага, ні якога-небудзь іншага права. Мы можам толькі прасіць.
Сапраўды, і ATACMS, і F-16 вельмі важныя. Важныя і машыны для размінавання, якія ўжо пайшлі ва Украіну. Калі б мы мелі ўсё, вайна набыла б іншы характар. Але не варта нахабнічаць і сварыць нас з тымі, хто нам дапамагае.
– Вяртаючыся да тэмы левабярэжжа Дняпра. Магчыма, да канца гэтага года, такім чынам, ужо праз некалькі тыдняў Украіне могуць даць першыя ўзоры F-16, да дзясятка. Ці маглі яны быць кінутыя менавіта на гэты кірунак?
– У нашага Генеральнага штаба напэўна ёсць свае планы. F-16 гэта вельмі добра, але, на жаль, сёння яны ўжо не развяжуць тых велізарных праблемаў, якія стаяць перад намі. Вядома, іх перадача будзе азначаць пэўны пазітыў, прагрэс у баявых дзеяннях. А калі іх будзе не дзесяць, а сто і больш, калі ATACMS змогуць даставаць да Масквы, то ўвогуле будзе выдатна.