27 лiпеня 2024, Субота, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чым больш я сталела, тым менш хацелася вэлюм і роспіс»

12
«Чым больш я сталела, тым менш хацелася вэлюм і роспіс»

Гісторыі беларусаў і беларусак, якія пастанавілі ніколі не браць шлюб.

Журналісты tochka.by паразмаўлялі з трыма беларусамі, якія ўпэўненыя, што ніколі не паставяць свой подпіс на цырымоніі ў загсе.

Падвойныя стандарты і свабода

У шлюбе існуюць розныя чаканні ад мужчынаў і ад жанчынаў, мяркуе Алена.

«Нераўнамерна размяркоўваюцца абавязкі. Часта існуюць падвойныя стандарты ў дачыненні да сэксуальнай свабоды і вернасці. Мужчынам дазволена мець некалькі партнёраў, у той час як жанчына павінна быць вернай і абмяжоўваць свае сэксуальныя сувязі», – кажа яна.

Алена перакананая, што штамп у пашпарце не можа гарантаваць сямейнае шчасце. Хутчэй наадварот – ён накладвае шмат дадатковых «штампаў».

«Чым больш я сталела, тым менш хацелася вэлюм і роспіс. Вакол ставала наглядных прыкладаў, калі хтосьці змагаўся з безграшоўем, пхаючы мужа ў плечы на працу, перабіваліся ад крэдыту да крэдыту, хтосьці спрабаваў пераламаць сэксуальныя апетыты партнёра або трываў бясконцы кантроль праз няроўны заробак».

Да таго ж атрымаць развод жанчыне можа быць больш складана, калі ініцыятаркай гэтай пастановы выступае яна, упэўнена Алена.

«Асабліва калі шлюб не толькі заключаны юрыдычна, але і падмацаваны рэлігійнымі поглядамі і перакананнямі. Дастаткова таго, што без роспісу ў нас не вянчаюць», – звяртае ўвагу яна.

Да 47 гадоў у Алены было некалькі сур'ёзных стасункаў. У жанчыны ёсць 20-гадовы сын, які нарадзіўся ў нерэгістраваным шлюбе. З ягоным бацькам Алена рассталася, але падтрымлівае сяброўскія стасункі.

На гэты момант жанчына ўжо восем гадоў у іншых сур'ёзных стасунках. Але ніводзін з партнёраў не спяшаецца ў загс, кажа Алена. Ні яна, ні ён ніколі не былі ў шлюбе і адчуваюць сябе камфортна.

«Я не згодная з тым, што афіцыйны шлюб – гэта доказ сур'ёзных намераў. Для мяне сур'ёзнасць – гэта пра сумленнасць і павагу ў дачыненні да сябе і да чалавека, які з табой побач».

Алена запэўнівае, што ў яе шмат нежанатых знаёмых, якія жывуць поўным жыццём: яны падарожнічаюць, нехта заводзіць дзяцей, пры гэтым іх «не нясе ва ўсе цяжкія», як некаторых сямейных.

Праўда, навакольныя пазіцыю Алены не заўсёды прымаюць – дзівяцца.

«А калі даведаюцца, што ў мяне дзеці і ніводнага шлюбу, глядзяць, як на жанчыну фрывольных паводзінаў», – дадае яна.

«Навошта ажаніцца, калі потым разводзіцца?»

Максім прыняў пастанову ніколі не хадзіць у загс тры гады таму, у 24.

Паводле ягоных словаў, уступаючы ў шлюб, мы, у сутнасці, даем клятву заўсёды быць разам. Але Максім не ведае ніводнага чалавека, хто сапраўды гатовы выканаць гэтае абяцанне.

«Тады навошта ажаніцца, калі потым разводзіцца?» – задаецца пытаннем герой.

У каханне хлопец не верыць, затое верыць у прывязанасць. І пра свой погляд на шлюб партнёру расказвае з самага пачатку. Мяркуючы з гісторыі Максіма, дзяўчатаў такі расклад задавальняе, бо прычынай расстання гэта не станавілася.

Бацькі ж на кампраміс ісці не гатовыя і спрабуюць хлопца адгаварыць – хочуць унукаў. Максім, наадварот, бацькам стаць не спяшаецца.

На гэты момант самыя доўгія ягоныя стасункі доўжыліся два гады. Жаніцца ён не плануе, але ўсё ж хоча правесці з адным чалавекам усё жыццё.

«Са станоўчага ў шлюбе былі толькі дзеці»

Нездарма псіхолагі гавораць, што ўсе нашы ўстаноўкі ідуць з дзяцінства. Алеся вырасла, назіраючы за прыкладам няўдалай мадэлі сям'і: дзядуля паднімаў руку на бабулю, шмат піў.

А вось бацька і мама да гэтага часу разам, але і пра іх стасункі у дачкі не найлепшае меркаванне.

«Жывуць як котка з сабакам», – кажа жанчына.

Таму пастанова ніколі не станавіцца чыёйсьці жонкай фармавалася ў яе з ранняга дзяцінства.

«Цяпер, азіраючыся, разумею: будучы дзіцем, недаатрымала ні кахання, ні ўвагі, таму прыняла пастанову жыць для сябе», – расказвае Алеся.

Калі дзяўчыне споўнілася 18 гадоў, яна паехала з перыферыі ў Менск на вучобу. Паступіла ў прыватны інстытут і, каб аплаціць арэнду пакоя, працавала на будоўлі. У гэты перыяд жыцця сустрэла мужчыну, які «крыху дапамагаў».

«Забылася пра ўсё і, не кахаючы, мусіць, назло сваякам, выйшла замуж. Нарадзіла двух анёлкаў. На гэтым са станоўчага – усё. Праз некаторы час мы развяліся. Ён да гэтага часу жыве ў маёй кватэры, аліменты дзецям амаль не плаціў, а ім ужо 18 і 16 гадоў».

Пасля гэтага жанчына спрабавала пабудаваць іншыя стасункі, але і яны былі няўдалымі.

«Знік разам з усім нажытым, забраў нават маё адзенне», – расказвае яна.

Як прызнаецца Алеся, пасля такога яна перажыла жудасную дэпрэсію і доўгае аднаўленне. І зараклася: больш ніякага замужжа.

Цяпер у жыцці жанчыны ўсё ж ёсць сталы партнёр, але бегчы з ім у загс Алеся не плануе: «калі хтосьці бачыць у шлюбе плюсы, я бачу мінусы». Мужчыну такое становішча справаў задавальняе. Тым больш, працуе ён за мяжой, прыязджае нячаста, а Алеся «гасцявому» фармату нават радая: кажа, пасля ўсяго, што было, любіць асабістую прастору.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках