Эксперт: Лукашэнка ліслівіць і паддобрываецца
8- 3.12.2023, 13:23
- 15,338
Трэмар галавы быў не выпадковы.
Былы дыпламат Павел Мацукевіч у «Пульсе Леніна-19» прааналізаваў стасункі Лукашэнкі і Пуціна ў кантэксце Украіны:
– Хто перад кім ліслівіць і паддобрываецца – выразна відаць няўзброеным вокам, але гэта можа быць спосабам выжывання ў гэтай спецыфічнай пары, у якой партнёры не спалучаюцца ні вагой, ні гараскопам.
Пры гэтым цяпер на від стасункі паміж Лукашэнкам і Пуціным перажываюць ідылію, якую гэтыя двое, якія ведалі розныя часы, ніколі яшчэ не перажывалі.
Нягледзячы на частыя кантакты і візіты Лукашэнкі ў Расею як на працу, кожная асабістая сустрэча з Пуціным падаецца як звышзначная і таму хвалюе амаль як самая першая.
Прычым апошняя, якая здарылася ў Менску ў фармаце сесіі АДКБ, наколькі можна меркаваць, кранула Лукашэнку да дрыжыкаў твару. «Злыя языкі» ўбачылі ў гэтым нешта медыцынскае, а не выраз трапяткога стаўлення да Уладзіміра Уладзіміравіча, якое дзяржканалы не заўважылі, зразумела, асабліва з далікатнасці.
Належнай (з нагоды саміту ў Менску) двухбаковай сустрэчы паміж імі на палях не адбылося, а толькі нефармальныя зносіны сам-насам спачатку па-сяброўску на канапе, ну, і потым у аўтамабілі па дарозе ў аэрапорт, куды Лукашэнка адправіўся праводзіць Пуціна.
Ізноў жа для «злых языкоў» адсутнасць звыклай шматгадзіннай сустрэчы стала падставай западозрыць нядобрае ў стасунках, хоць калі б яно было там, наўрад ці б Пуцін стаў дзяліць з Лукашэнкам канапу, а тым больш свой «Аўрус» у сезон усялякіх вірусаў і прастудаў.
Увогуле, у тым становішчы, у якое сябе загнаў Лукашэнка яшчэ ў 2020 годзе, ён павінен паводзіць сябе прыкладна, як Пушылін з непрызнанай «ДНР»: дзейнічаць толькі на каманду з Масквы і гнуць расейскую лінію.