27 лiпеня 2024, Субота, 3:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Стала вядома яшчэ пра адно ўкраінскае дзіця, сілком вывезенае ў Беларусь пасля ранення

5
Стала вядома яшчэ пра адно ўкраінскае дзіця, сілком вывезенае ў Беларусь пасля ранення
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Новае сведчанне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі.

Расейскія вайскоўцы вывозілі ўкраінскіх дзяцей з Кіеўскай вобласці падчас яе акупацыі вясной 2022 года. Адзін хлопчык быў паранены і разам са сваёй бабуляй патрапіў у Беларусь. Гэты факт стаў вядомы падчас разгляду ўкраінскім судом справы аб усынаўленні непаўналетняга дзіцяці, перадае «Радыё Свабода».

У матэрыялах справы пазначана, што бацькі хлопчыка загінулі ў сакавіку 2022 года пры абстрэле расейскімі вайскоўцамі аўтамабіля, на якім сям'я спрабавала выехаць з зоны баявых дзеянняў. Гэта адбылося каля вёскі Здзвіжэўка Кіеўскай вобласці. Хлопчык атрымаў асколачнае раненне галаўнога мозга і страціў зрок на правае вока.

Расейцы вывезлі параненае дзіця і яго бабулю ў Беларусь.

За іх вяртанне змагаўся дзядзька хлопчыка, які зрабіў усё, каб далучыць да працэсу дыпламатаў, грамадскія і медыцынскія арганізацыі. Неўзабаве яму ўдалося вывезці сваіх маці і пляменніка з Беларусі ў Польшчу, а адтуль у Нямеччыну, дзе хлопчык атрымаў неабходнае лячэнне.

Цяпер яны жывуць у Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці. Іншыя падрабязнасці справы невядомы. Сям'я, у якой ёсць трое ўласных дзяцей, падала дакументы на ўсынаўленне хлопчыка.

У ходзе баёў за Кіеў у лютым-сакавіку 2022 года менавіта ў раёне Здзвіжоўкі расейцы стварылі найбуйнейшую ў Кіеўскай вобласці тылавую ваенную базу. Журналісты ўстанавілі, што тут размяшчаліся штаб 98-й дывізіі з Іванава і падраздзяленні Расгвардыі Сібірскай акругі.

Нагадаем, у ліпені 2022 года таксама з судовай справы стала вядома аб гвалтоўным перамяшчэнні расейскімі вайскоўцамі ўкраінскага падлетка ў Беларусь з Вышгародскага раёна Кіеўскай вобласці.

Яго разам з братам вывезлі ў аўтобусе з мяшкамі на галовах і звязанымі рукамі. Пасля праверкі на мяжы беларускія памежнікі разлучылі братоў - малодшага адправілі ў інтэрнат у Мазыр.

Пазней падлетку паведамілі, што яго перавядуць у дзіцячы дом - спецыяльны адукацыйны цэнтр у Мазыры. Аднак дырэктарка гэтай установы звязалася з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, каб знайсці бацькоў ці сваякоў хлопчыка. Іх знайшлі, і позна ўвечары 22 красавіка юнак вярнуўся дадому. Лёс старэйшага брата невядомы.

Абвінавачанні ўладаў Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей

Эксперты Ельскага ўніверсітэта на днях апублікавалі даследаванне аб тым, што пасля пачатку расейскага ўварвання больш за 2 400 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў былі вывезены ў 13 устаноў на тэрыторыі Беларусі.

Аўтары сцвярджаюць, што гэты працэс ухвалены асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, скаардынаваны паміж расейскімі і беларускімі ўладамі, а на тэрыторыі Беларусі ўкраінскія дзеці праходзілі ваенную падрыхтоўку і перавыхаванне.

17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў міжнародныя ордэры на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Пазначана, што яны, як мяркуецца, нясуць адказнасць за вайсковае злачынства - незаконную дэпартацыю дзяцей і іх незаконнае перамяшчэнне з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі.

ПАРЕ сёлета 27 красавіка прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках