Мэдыі: Крым атакавала рэкордная колькасць беспілотнікаў з канца лета
1- 5.12.2023, 10:00
- 5,304
Расейцы прызналі ўдар па нафтабазе.
Уночы 5 снежня на Крым была ўчыненая самая маштабная атака дронаў з канца лета. Агулам у налёце быў ужыты 41 беспілотнік, паведамляе The Moscow Times.
Паводле Мінабароны РФ, у першай хвалі над тэрыторыяй Крыма і Азоўскім морам «былі знішчаныя» 22 дроны самалётнага тыпу, а яшчэ 13 беспілотнікаў былі перахопленыя сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы.
Пазней вайсковае міністэрства паведаміла, што над акваторыяй Азоўскага мора былі знішчаны яшчэ чатыры дроны і два перахопленыя. Аб разбурэннях і пацярпелых інфармацыі няма.
На гэтым фоне рух аўтатранспарту па Крымскім мосце было часова перацяты. «Асоб, якія знаходзяцца на мосце і ў зоне надгляду просім захоўваць спакой і пільнавацца наказаў супрацоўнікаў транспартнай бяспекі», — гаварылася ў тэлеграм-канале аперацыйнай інфармацыі. Аб аднаўленні руху пакуль не паведамлялася.
Самая масавая атака беспілотнікаў на Крым адбылася 25 жніўня гэтага года. У небе над анэксаваным Расеяй паўвостравам з'явіліся адразу 42 дроны. Усе яны былі здушаныя і збітыя, рапартавала расейскае вайсковае міністэрства.
Расейцы заявілі аб нападзе дронаў на нафтабазу ў Крыме
Расейцы сцвярджаюць, што два беспілотнікі спрабавалі атакаваць нафтабазу ў часова акупаваным Крыме раніцай 5 снежня.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на расейскія прапагандысцкія Telegram-каналы.
Як пішуць у сеціве, спроба атакі адбылася сёння пад пяць гадзін раніцы. У бок нафтабазы «Марскі нафтавы тэрмінал» нібыта ляцелі два беспілотнікі самалётнага тыпу. Расейцы традыцыйна сцвярджаюць, што «ўсе дроны збілі сілы СПА».
Як паведамляюць расейскія мэдыі, першы БЛА дэтанаваў у паветры, на тэрыторыю нафтабазы ўпалі адломкі, а другі ўпаў за 70 мэтраў ад аднаго з рэзэрвуараў. Пацярпелых, паводле звестак прапагандысцкіх рэсурсаў, няма.