Нэпал выставіў ультыматум Расеі
9- 5.12.2023, 11:36
- 15,544
Масква павінна выплаціць кампенсацыі сем'ям нэпальскіх гуркхаў.
Нэпал запатрабаваў ад Масквы не вербаваць сваіх грамадзян у расейскае войска і неадкладна вярнуць усіх нэпальскіх грамадзян пасля таго, як стала вядома, што шэсць жаўнераў, якія служылі ў расейскім войску, былі забітыя.
Пра гэта паведамляе Reuters.
Нэпальскія жаўнеры, званыя гуркхамі, служаць брытанскаму і індыйскаму войскам пасля здабыцця Індыяй незалежнасці ў 1947 году ў адпаведнасці з умовай паміж трыма краінамі.
Маленькая гімалайская краіна, заціснутая паміж Кітаем і Індыяй, не мае такой умовы з Расеяй, якая ўварвалася ва Украіну ў лютым 2022 гады і з тых часоў вядзе вайну.
Урад Нэпала паведаміў у сваёй заяве, што шэсць яго грамадзян, якія служылі ў расейскім войску, былі забітыя, не падаўшы ніякіх драбніц.
«Урад Нэпала звярнуўся да расейскага ўрада з патрабаваннем неадкладна вярнуць іхнія целы і выплаціць кампенсацыю іхнім сем'ям», — заявіла міністэрства замежных спраў.
У заяве таксама гаворыцца, што робяцца дыпламатычныя намаганні для вызвалення аднаго грамадзяніна Нэпала, які служыў у расейскім войску і трапіў у палон ва Украіне. Нэпал таксама заклікаў сваіх грамадзян не ўступаць у войска якой-небудзь краіны, якая вядзе вайну.
Ангельскамоўная газэта The Kathmandu Post працытавала Мілана Раджа Туладхара, амбасадара Нэпала ў Маскве, які паведаміў, што 150-200 нэпальцаў былі наймітамі ў расейскім войску.
Мільёны грамадзян Нэпала заняты на цывільных работах, збольшага ў якасці рабочых на прамысловых прадпрыемствах і будаўнічых пляцоўках у Паўднёвай Карэі, Малайзіі і на Блізкім Усходзе.