27 лiпеня 2024, Субота, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветнае даследаванне ўзроўню адукацыі паказала, што паспяховасць школьнікаў падае

16
Сусветнае даследаванне ўзроўню адукацыі паказала, што паспяховасць школьнікаў падае

Беларусь адмовілася ў ім удзельнічаць.

Паводле ацэнак экспертаў адукацыі, краіны Азіі лідары ў глабальным рэйтынгу пісьменнасці школьнікаў паводле вынікаў даследавання PISA-2022 (Міжнароднай праграмы ацэнкі навучэнцаў). У Еўропе – першае месца за Эстоніяй, піша Euronews. Беларусь адмовілася ўдзельнічаць у даследаванні.

Даследаванне PISA, якое публікуецца кожныя тры гады (але ў гэты раз адкладзенае на год пасля пандэміі каранавірусу), стала глабальным эталонам, да якога ўважліва прыглядаюцца ўрады.

У 2022 годзе ўдзел у даследаванні бралі 690000 маладых людзей у 81 краіне. У ходзе даследавання ацэньваліся навыкі чытання, матэматычная і прыродазнаўчая пісьменнасць школьнікаў. Апроч кагнітыўных абласцей ацэньвання, вывучаліся сацыяльны, эканамічны, культурны (СЭК) кантэкст, мікраклімат, сям'я ды іншыя чыннікі, якія ўплываюць на дасягненні навучэнцаў.

Лідарамі ў матэматычнай пісьменнасці сябе паказалі Сінгапур, Макаа, Тайвань, Ганконг, Японія і Паўднёвая Карэя. У чытацкіх навыках – Сінгапур, Ірландыя, Японія, Паўднёвая Карэя і Тайвань. У прыродазнаўчых навуках – Сінгапур, Японія, Макаа, Тайвань і Паўднёвая Карэя.

Ва ўсіх трох кірунках шостае месца сярод доследных краінаў і першае месца ў Еўропе заняла Эстонія.

У сярэднім паводле вынікаў PISA-2022 ва ўсіх краінах назіралася беспрэцэдэнтнае падзенне паспяховасці ва ўсіх прадметных галінах. У параўнанні з 2018 годам сярэдняя паспяховасць знізілася на 10 балаў у чытанні і амаль на 15 балаў у матэматыцы. Асноўным адмоўным чыннікам называюць пандэмію каранавірусу.

Разам з тым эксперты адзначаюць, што падзенне паказнікаў у трох вымяраных абласцях можна толькі часткова растлумачыць пандэміяй, таму што «вынікі ў чытанні і прыродазнаўчых навуках ужо зніжаліся, а негатыўныя тэндэнцыі ў матэматыцы былі прыкметныя яшчэ да 2018 года» ў некалькіх краінах, уключаючы Францыю, калі праводзілася апошняе даследаванне. Апроч Францыі самы рэзкі спад назіраўся ў Нямеччыне і Польшчы.

Беларусь і PISA

Беларусь першы і апошні раз удзельнічала ў даследаванні ў 2018 годзе. Тады наша краіна заняла 36-е месца з 79 магчымых (у чытацкай пісьменнасці – 36 месца; у матэматычнай пісьменнасці – 38 месца; у прыродазнаўчай пісьменнасці – 37 месца).

Але браць удзел у даследаванні 2022 года нашая краіна не стала. У Мінадукацыі растлумачылі: скасавалі тэставанне з ініцыятывы самой PISA. Цяпер беларусы плануюць распрацаваць уласную шкалу ацэнкі, працаваць будуць разам з расейскімі спецыялістамі.

«Мы сёлета плануем правядзенне маштабнага нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, функцыянальнай пісьменнасці школьнікаў. Яно пройдзе накшталт PISA, наша будзе называцца Ніка – нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі», – расказаў Андрэй Іванец ў студзені сёлета.

Даследаванне прайшло 29–30 лістапада.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках