22 лютага 2024, Чацвер, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свіслач імя Лукашэнкі

32
Свіслач імя Лукашэнкі

Другое месца на конкурсе дурняў - не прызавое.

Была ў Свіслачы гімназія імя Кастуся Каліноўскага, а стала гімназіяй імя Пашы Васіленкі. Неўзабаве, здаецца, і менскую вуліцу пераназавуць. Усё да таго ідзе.

Свіслацкія чыноўнікі з аддзела адукацыі патлумачылі, што асоба Каліноўскага на сёння не з'яўляецца такой папулярнай, вось і прынялі такую пастанову. Ну так, а папулярнасць Пашы Васіленкі б'е ўсе рэкорды - імаверна, менавіта гэта яны мелі на ўвазе.

Паша Васіленка - сапраўды гераіня-падпольшчыца Другой сусветнай вайны. Яна ўладкавалася на працу ў нямецкую сталовую і ўважліва слухала і запамінала ўсё, пра што гавораць немцы, а потым перадавала інфармацыю партызанам. Заадно яшчэ і прадукты выносіла - таксама для партызан, якім, у адрозненне ад войска, забеспячэнне не належала і даводзілася самім здабываць хлеб. Пашу Васіленку арыштавалі ў сорак трэцім, катавалі, а пасля павесілі разам з бацькам і братам. Гераічная дзяўчына, светлая ёй памяць.

Дарэчы, з памяццю пра Васіленку ў раёне ўсё ў парадку: у Свіслачы і Дабраволі - роднай вёсцы Пашы - ёсць вуліцы, названыя яе імем. І, дарэчы, школа ў Дабраволі таксама ёсць. Проста так і называецца «Вучэбна-педагагічны комплекс Дабравольскі дзіцячы садок-сярэдняя школа». Чаму б не назваць менавіта гэтую школу, у якой вучылася Пелагея Васіленка, яе імем? Гэта было б натуральна і лагічна. А гімназію ў Свіслачы Васіленка не заканчвала, затое яе скончыў Кастусь Каліноўскі. І яго імя гімназія - тады яшчэ сярэдняя школа №1 Свіслачы - атрымала зусім не ад Пазняка ці Вярхоўнага Савета 12-га склікання з моцнай фракцыяй БНФ, зусім не нейкімі таемнымі намаганнямі, а цалкам празаічнай пастановай міністэрства асветы БССР.

Гэтак жа, як вуліцу Каліноўскага, якую кожны мянчук памятае столькі ж, колькі сябе, назвалі так не Шушкевіч і не Пазняк: сваё імя новая вуліца, якая тады здавалася краем зямлі, а потым апынулася ці ледзь не ў цэнтры горада, атрымала яшчэ ў 1963 годзе. То бок, імя Каліноўскага ёй далі камуністы.

Кастусь Каліноўскі - асоба ўнікальная. Ён герой-універсал. Гэта значыць, герой для ўсіх. Для камуністаў ён быў змагаром за вызваленне сялян, і пра «Мужыцую праўду» расказвалі школьнікам на ўроках гісторыі. Для нацыянальна-арыентаваных беларусаў ён - чалавек, які змагаўся супраць Расейскай імперыі на землях Вялікага княства Літоўскага. Левы ці правы, камуніст ці кансерватар, прагрэсіст ці рэтраград - кожны ўбачыць у барацьбе Каліноўскага сваю, сацыяльна ці палітычна блізкую, грань абсалютнага гераізму. І толькі Лукашэнка вызначыўся нават тут. Толькі яму Кастусь Каліноўскі замінае самім фактам свайго існавання ў гісторыі Беларусі, толькі яго ён раздражняе і дражніць. Лукашэнка сам, добраахвотна, а зусім не паводле выраку суда, падпісаў у студзені 1996 года ўказ №26 «Аб зацвярджэнні апісання ордэнаў, медалёў і нагрудных знакаў да ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь». І ордэн Каліноўскага разам з ордэнам Скарыны, заснаваныя Вярхоўнай Радай у красавіку 1995 года, сталі дзяржаўнымі ўзнагародамі Беларусі. Прычым калі ордэн Скарыны павінен быў уручацца за заслугі ў галіне нацыянальнага адраджэння, то ордэн Каліноўскага - за подзвігі. «За самаадданы ўчынак, мужнасць і адвагу». Але ордэн гэты ні разу так і не быў уручаны, а ў 2004 годзе афіцыйна скасаваны. Напэўна таму, што Лукашэнка не можа выносіць нават вымаўлення ці напісання імя беларускага героя. А далей ужо пачынаюцца ўсялякія ініцыятывы на месцах, як у Свіслачы.

Дарэчы, у тым Свіслацкім раёне, апроч вучэбна-педагагічных комплексаў, як у вёсцы Дабраволі, ёсць тры сярэднія школы. Адна з іх носіць імя Мікалая Масонава - савецкага камандзіра дывізіі, які загінуў каля Свіслачы ў 1944 годзе. А дзве - безназоўныя. І калі ўжо так хацелася прысвоіць чаму-небудзь яшчэ імя Пашы Васіленкі, выбар у свіслацкіх чыноўнікаў быў цалкам прыстойны. Але ім трэба было не Пашу ўвекавечыць, а выкінуць імя Каліноўскага з гісторыі. Гэтак жа сама, як спрабуе гэта зрабіць Лукашэнка. Раённыя чыноўнікі - усяго толькі яго браты меншыя. І не такія хітрыя. Я б нават сказала, першародныя. Няўжо не зразумелі, што бруднымі анучамі імя героя не сцерці?

Цяпер яны напэўна чакаюць, што ініцыятыва будзе ўзнагароджаная, і ім дадуць якія-небудзь памятныя знакі з таго самага ўказа №26. А то і медаль «За працоўныя заслугі». Не дадуць. Другое месца на конкурсе дурняў - не прызавое.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках