27 лiпеня 2024, Субота, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі алімпійскі камітэт будзе змагацца, каб беларускія спартоўцы ўсё ж не ўдзельнічалі ў Алімпіядзе

4
Літоўскі алімпійскі камітэт будзе змагацца, каб беларускія спартоўцы ўсё ж не ўдзельнічалі ў Алімпіядзе

На думку Літвы, пастанова МАК супярэчыць усяму, што павінны падтрымліваць алімпійскія гульні.

Літоўскі нацыянальны алімпійскі камітэт (ЛНАК) указаў, што яго расчаравала пастанова Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) дапусціць атлетаў з Расеі і Беларусі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях. ЛНАК мае намер рабіць усё магчымае, каб гэтых спартоўцаў на свяце было як мага менш, паведамляе delfi.lt.

Нагадаем, што 8 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дапусціў атлетаў з Расеі і Беларусі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях у нейтральным статусе і на строгіх умовах.

«ЛНАК расчараваны гэтай пастановай. Разам з Латвійскім, Эстонскім, з нацыянальнымі камітэтамі Скандынаўскіх краін мы актыўна працавалі і заклікалі міжнародныя арганізацыі не пускаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы. Наша пазіцыя не мяняецца – мы падтрымліваем Украіну і яе спартоўцаў. Адбор падыходзіць да канца, але мы будзем раіцца з калегамі, высвятляць, што можна зрабіць, каб на алімпіяду прыехала як мага менш спартоўцаў з гэтых краін», – сказана ў прэс-рэлізе ЛНАК.

Са слоў міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса, такая пастанова супярэчыць усяму, што павінны падтрымліваць алімпійскія гульні.

- Расейцы ў гэтае войска генацыду залучаюць спартоўцаў і жанчын. Гэта не нейтральнасць, гэта супярэчыць усяму, што павінны падтрымліваць алімпійскія гульні, – пісаў міністр у Twitter.

На гэтую навіну адрэагаваў і міністр навукі, адукацыі і спорту Гінтаўтас Якштас.

- Прынятае МАК пастанова расчаравала. Пазіцыя Міністэрства навукі, адукацыі і спорту не мяняецца – спартоўцы краін-агрэсараў не павінны ўдзельнічаць у такіх міжнародных спаборніцтвах. Мы яшчэ раз збяром міжнародных партнёраў, спартыўныя арганізацыі, звернемся да кіраўнікоў горада, які прымае алімпіяду, паспрабуем зрабіць усё, каб расейскія і беларускія спартоўцы ў алімпіядзе не ўдзельнічалі.

Мы заклікаем і літоўскія федэрацыі розных відаў спорту, арганізацыі звяртацца ў свае міжнародныя арганізацыі, збіраць аднадумцаў і дамагацца, каб спартоўцы агрэсараў не ўдзельнічалі ў Парыжскай алімпіядзе, – сказаў Якштас.

Да Гульняў будуць дапушчаны спартоўцы, якія здолелі прайсці кваліфікацыю ў сваіх відах спорту. Не будуць дапушчаны да ўдзелу ў Алімпіядзе спартоўцы з Расеі і Беларусі, якія актыўна падтрымліваюць баявыя дзеянні, а таксама маюць кантракты з войскам ці з сілавымі органамі. Акрамя таго, МАК забараніў дэманстраваць на гульнях нацыянальныя флагі, сімвалы РФ і Беларусі, а таксама адмовілася запрашаць прадстаўнікоў урадаў дзвюх краін. У камандных тыпах спорту расейскія і беларускія спартоўцы дапушчаны не будуць.

Паводле звестак МАК, размова пакуль ідзе пра 11 спартоўцаў, якія могуць выступіць на Алімпіядзе. Сярод іх восем з'яўляюцца ўладальнікамі расейскіх пашпартоў, астатнія – беларускіх.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках