CNN паказаў відэа з турэмнай палаты Міхаіла Саакашвілі
22- 12.02.2023, 19:38
- 16,156
Ён падае з ложка і з цяжкасцю стаіць на нагах.
Тэлеканал CNN 10 лютага паказаў некалькі відэа з турэмнай палаты экс-прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. На кадрах ён з цяжкасцю стаіць на нагах і падае з ложка.
Першы ролік, паводле інфармацыі тэлеканала, зняты 6 кастрычніка. На кадрах відаць, як палітык спрабуе падысці да ложка, але падае на падлогу. Каментуючы гэтае відэа, вядоўца CNN назвала тое, што адбываецца, «міні-прыпадкам».
Другі ролік, паказаны ў эфіры тэлеканала, датуецца 4 кастрычніка. На ім відаць, як Саакашвілі падае з ложка, калі побач з ім знаходзіцца медсястра, а пазней яму на дапамогу прыходзяць некалькі чалавек.
Нагадаем, Міхаіла Саакашвілі затрымалі ў Грузіі 1 кастрычніка 2021 г. пасля таго, як ён таемна вярнуўся з Украіны. Былога прэзідэнта судзяць паводле дзвюх крымінальных справаў – аб разгоне апазіцыйнага мітынгу 7 лістапада 2007 года і аб растраце сродкаў з дзяржбюджэту. Яшчэ паводле двух абвінавачанняў, датычнасці да забойства банкіра Сандра Гіргуліяні і збіцця дэпутата Валерыя Гелашвілі, раней ён быў асуджаны завочна да трох і шасці гадоў пазбаўлення волі.
Знаходзячыся пад арыштам, Саакашвілі 50 дзён трымаў галадоўку, чаму трапляў у рэанімацыю. З траўня 2022 года ён праходзіць лекаванне ў тбіліскай клініцы Vivamedi, яго кругласутачна ахоўваюць супрацоўнікі дэпартамента выканання пакаранняў.
У апошнія месяцы стан здароўя экс-прэзідэнта крытычна пагоршыўся. Медыкі паводле вынікаў экспертызы заявілі, што ён практычна пры смерці, блізкія патрабуюць неадкладнай яго адпраўкі на лекаванне за мяжу. Ягоныя дыягназы несумяшчальныя са знаходжаннем пад вартай, падкрэсліваюць эксперты.
Сярод іншага, адвакат і блізкія Саакашвілі заявілі, што ў ягоным арганізме знойдзены мыш'як, а таксама тры таксічныя цяжкія металы – ртуць, барый і талій. Ён моцна страціў у вазе, слабее дзень ад дня, у яго не праходзіць падвышаная тэмпература. Акрамя таго, адвакат інфармаваў, што экс-прэзідэнту папярэдне дыягнаставалі дэменцыю, сухоты і яшчэ 34 захворванні.
Абарона і сваякі экс-прэзідэнта неаднаразова настойвалі на ягоным вызваленні праз стан здароўя. Але 6 лютага суддзя тбіліскага гарадскога суда не задаволіў хадайніцтва адвакатаў аб вызваленні ці адтэрміноўцы крымінальнага пакарання Саакашвілі.