23 красавiка 2024, aўторак, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін пайшоў на адчайны крок

7
Пуцін пайшоў на адчайны крок

У расейскага войска няма ніякіх шанцаў.

Цягам найбліжэйшых тыдняў войска краіны-тэрарысткі Расеі можа наступаць. Прычына - маштабныя пастаўкі заходніх узбраенняў для ўкраінскага войска, анансаваныя на «Рамштайне-8». Вораг хоча перахапіць ініцыятыву ў гэтай вайне, пакуль Украіна не ўзмацнілася настолькі, што перамагчы яе будзе ўжо немагчыма. Але ў кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна і яго войска няма ніякіх шанцаў, паколькі хаўруснікі нашай краіны сфармулявалі новую мэту: Украіна павінна не проста не саступіць, але перамагчы ў вайне з Расеяй.

Да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання, 24 лютага, Пуцін паспрабуе забяспечыць хоць нейкі поспех сваёй «спецаперацыі». Але на чарговым «Рамштайне», які прызначаны на Дзень усіх закаханых 14 лютага, украінскае войска можа атрымаць падарунак у выглядзе знішчальнікаў F-16. Такі прагноз у эксклюзіўным інтэрв'ю obozrevatel.com. агучыў ваенны экспэрт Уладзіслаў Селязнёў.

- Былы генеральны сакратар NАТО Расмусэн заявіў, што як толькі ва Украіну паступіць вайсковая дапамога, анансаваная на апошнім «Рамштайне», для расейскіх войскаў можа зачыніцца акно магчымасцяў. З гэтай прычыны менавіта зараз яны павялічваюць свой ціск. Ці згодны вы з такімі ацэнкамі? Калі так, пра які менавіта перыяд можа ісці гаворка?

- Тут я хачу адправіць вас да заявы сакратара РНБА Аляксея Данілава, які абсалютна выразна сказаў, што найбліжэйшыя 2-3 тыдні цалкам магчымая актывізацыя баявых дзеянняў на розных кірунках. Пуцінскае войска будзе спрабаваць наступаць з улікам таго, што ў перспектыве ўкраінскае войска атрымае сістэмы ўзбраення, тэхніку, боепрыпасы і, адпаведна, значна павялічыць свае магчымасці.

Тут пазіцыі Расмусэна і Данілава супадаюць, бо відавочна: калі ўкраінскае войска ўзмоцніцца праз месяц, трэба працаваць на апярэджанне. Гэта вядомая тактыка: калі жадаеш перамагчы супраціўніка, стукні першым.

Усё гэта выразна ўкладваецца ў парадыгму магчымасцяў пуцінскага войска. Генерал Буданаў называе лічбу 326 тысяч - колькасць вайскоўцаў, якіх расейскае войска задзейнічала ў сваёй «спецаперацыі».

Гэта сведчыць аб тым, што асабовы склад у Пуціна ёсць. Што да тэхнікі, узбраення і боепрыпасаў сітуацыя больш-менш стабільная, хаця мы бачым, што тэндэнцыі крыху змяніліся. Пуцін пачынае выкарыстоўваць штурмавую авіяцыю, стварае ўмовы для нанясення ракетна-бомбавых удараў па пазіцыях украінскіх Сіл абароны. Гэта вялізная рызыка, бо гэтая тэхніка вельмі часта трапляе ў зону дзеяння ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны і, адпаведна, ператвараецца ў попел.

Таму, з аднаго боку, раніцай 1 лютага Генеральны штаб УСУ заявіў, што няма сфармаваных ударных груповак расейскага войска на розных адцінках расейска-ўкраінскага фронту, а з другога боку, гэта не значыць, што такая групоўка не будзе створаная цягам найбліжэйшых 2-3 тыдняў.

Таму рыскі ёсць, вайна працягваецца. Цяпер пуцінскае войска дзейнічае паводле прынцыпу выведкі боем, спрабуе атакаваць нашы пазіцыі на чатырох адцінках фронту - Ліманскім, Аўдзееўскім, Бахмуцкім і Вуглядарскім. Пуцінскія генералы дзейнічаюць у межах сваіх кампетэнцый і магчымасцяў, гэта значыць тых рэсурсаў, якія яны маюць, і пры гэтым яны спрабуюць працаваць на апярэджанне - перахапіць ініцыятыву.

- Наколькі ім гэта ўдасца?

- Відавочна, што калі баі ў раёне Бахмута ідуць больш за чатыры месяцы без якіх-небудзь значных і бачных вынікаў для пуцінскага войска, то казаць аб тым, што сітуацыя зменіцца ў найбліжэйшай перспектыве, я б стаў з вялікай дзеллю асцярожнасці.

Але мы таксама павінны разумець, што тыя сілы і сродкі, якія раней былі размазаны ўздоўж усёй 1300-кіламетровай лініі фронту - я маю на ўвазе люты-сакавік мінулага года - цяпер сканцэнтраваны на значна больш вузкіх адцінках фронту, адпаведна, ёсць канцэнтрацыя, ёсць перавага пуцінскага войска над украінскімі Сіламі абароны. Зноў пачала гучаць лічба аб перавазе ў артылерыі ў 6-7 разоў. І, на жаль, гэта стварае праблемы для нас.

Але відавочна, што ўкраінскае войска працуе на павелічэнне баявых магчымасцяў. І яны будуць трансфармаваны не толькі ў дзеянні абарончага характару, але і паспяховыя контрнаступальныя мерапрыемствы. Але здарыцца гэта тады, калі тэхніка, анансаваная ў рамках «Рамштайна-8», будзе намі атрыманая, будзе падрыхтаваны вайсковы персанал украінскіх Сіл абароны, які гэтую тэхніку будзе эксплуатаваць і абслугоўваць.

Думаю, тады мы станем сведкамі маштабнага контрнаступу. Але перш чым гэта адбудзецца, расейскае войска будзе атакаваць. Тры найбольш небяспечныя кірункі называў генерал Валерый Залужны. Гэта ўсход, поўдзень і кірунак на Кіеў з поўначы.

- Брытанскі прэм'ер Рышы Сунак заявіў аб тым, што зацягванне вайны ва Украіне можа пайсці на карысць толькі Расеі, даючы ёй фору на полі бою, і дапусціць гэтага нельга. Таму партнёры Украіны павінны істотна ўзмацніць падтрымку ўкраінскага войска. Як вы ацэньваеце небяспеку таго, што вайна стане зацяжной?

- Пуцін у сваіх інтэрв'ю часта заяўляе: Расейская Федэрацыя гуляе ў доўгую. Ён шчыра спадзяецца на тое, што зацяжны расейска-ўкраінскі канфлікт выкліча стомленасць у еўрапейскай супольнасці, пэўныя сацыяльныя ўзрушэнні ў краінах Еўропы, звязаныя з пагаршэннем ўзроўню жыцця, і пуцінскае войска атрымае перавагу, паколькі нашы партнёры-донары будуць пазбягаць актыўнага ўдзелу ў вайсковых тэхнічных пастаўках для ўкраінскага войска.

Ці здарыцца гэта? Я маю вялікія сумневы хаця б таму, што тыя вайсковыя злачынствы пуцінскага войска выклікаюць высокі эмацыйны ўсплёск у народаў Еўропы. Казаць пра тое, што яны гатовы мірыцца са злачынствамі дэ-факта людаедаў, думаю, не даводзіцца.

Акрамя таго, ёсць выразная кансалідаваная пазіцыя краін, якія ўваходзяць у праект «Рамштайн». Уласна, гэтая пазіцыя фармулюецца адной фразай: «мы павінны стварыць умовы і перадумовы для таго, каб Украіна перамагла ў супрацьстаянні з Расеяй». Яшчэ нядаўна гучала фраза, якая заканчваецца словамі «не саступіла».

У цяперашні час ад гэтай канцэпцыі ўжо адмовіліся і, адпаведна, у Пуціна і ягонага войска няма ніякіх шанцаў. «Рамштайн 50+» - гэта 50+ вядучых краін свету супраць расейскай эканомікі і Беларусі як краіны-сатэліта. Гэта несупастаўныя эканамічныя патэнцыялы, а цяперашняя вайна - гэта ў тым ліку і вайна рэсурсаў. Таму думаю, што перамога ў кожным выпадку будзе за Украінай.

- Вы не раз згадалі пра «Рамштайн». Зусім нядаўна адбыўся «Рамштайн-8», і вось ужо на люты прызначаны «Рамштайн-9». З чым звязана такая інтэнсіфікацыя фармату? Ці можа гэта казаць пра тое, што Захад надумаў паставіць кропку ў гэтай вайне і надаць Украіне такую дапамогу, якая забяспечыць перамогу нашай краіны?

- Мы ведаем, што Пуцін у пэўнай ступені сімваліст. Ён будзе спрабаваць да гадавіны сваёй «спецыяльнай ваеннай аперацыі» атрымаць нейкія тэрытарыяльныя ваенныя здабыткі, каб заявіць расейцам, маўляў, не дарма мы гэта ладзілі, мы дасягнулі такіх вось поспехаў.

Але ўжо калі казаць пра сімвалы, гэта значыць яшчэ адзін. «Рамштайн-9» прызначаны на 14 лютага, Дзень усіх закаханых. А хто ў нас «закаханы ў неба»? Вядома, лётчыкі. Таму я магу выказаць здагадку, што падчас «Рамштайна-9» будуць разглядацца ў тым ліку і пытанні пастаўкі Украіне знішчальнікаў класа F-16, магчыма іх аналагі, брытанскія або французскія. Але тое, што гэты працэс будзе актуалізаваны і, магчыма, мы ўбачым канкрэтныя пастановы пра пастаўкі F-16, можна не сумнявацца.

Мы ведаем, што баявая платформа знішчальнікаў F-16 нават больш эфектыўная, чым усім вядомая сістэма РСЗА класа HIMARS ці іх аналагі. Таму такога варыянту выключаць нельга.

Вядома, што перыяд паміж прыняццем пастановы і непасрэднымі пастаўкамі ўзбраенняў і іх удзелу ў баявых дзеяннях звязаны з бюракратычнымі працэдурамі, з пэўнымі лагістычнымі працэсамі, а таксама з падрыхтоўкай персаналу, які можа выкарыстоўваць тэхніку і абслугоўваць яе.

Гэты праект у пілотах украінскіх Ваенна-паветраных сіл практычна рэалізаваны. Ужо некалькі месяцаў нашы пілоты на адной з авіябаз ЗША рыхтаваліся па праграме пілатавання F-16. Як толькі будзе прынятая палітычная пастанова, падрыхтаваныя экіпажы ўжо будуць. Плюс, магчыма, у самыя кароткія тэрміны будзе падрыхтаваная і неабходная лагістычная база.

- Чаму для Украіны настолькі важныя знішчальнікі F-16?

- Контрнаступ - гэта ў тым ліку і опцыя, звязаная з закрыццём неба над пазіцыямі ўкраінскіх Сіл абароны. Гэта сінхранізаваная і зладжаная праца. З аднаго боку, працуе ўкраінская артылерыя, з другога боку, актыўна выкарыстоўваецца бранятэхніка - а мы памятаем, што карабель з 60 танкамі Bradley ужо рухаецца па кірунку да Украіны. Плюс усё гэтае войска з неба затуляюць знішчальнікі, напрыклад, F-16. Гэта стварае ўсе перадумовы для таго, каб контрнаступ быў паспяховым.

Разважаючы аб нашым контрнаступе, мы павінны памятаць, што кожная аперацыя аператыўна-тактычнага ўзроўню, напрыклад, ўзроўню вызвалення Херсонскай або Харкаўскай вобласці, мае на ўвазе наяўнасць рэсурсаў на ўзроўні да 4 тыдняў актыўных баявых дзеянняў.

Вайна – гэта найперш пра рэсурсы. Контрнаступ будзе тады, калі нашы рэзервы будуць мець адпаведныя рэсурсы для вядзення актыўных баявых дзеянняў на зададзеным участку фронту на працягу чатырох тыдняў.

Прычым, размова не ідзе ў цэлым аб аперацыі аб дэакупацыі Украіны, а аб асобных аперацыях. Такіх аперацый, якія будуць накіраваны на поўнае вызваленне Украіны, можа быць пяць, шэсць ці сем.

Скажам так, вызваленне поўдня Херсонскай вобласці - гэта адна аперацыя, вызваленне поўдня Запарожскай вобласці - гэта яшчэ адна аперацыя, правядзенне контрнаступальных мерапрыемстваў на тэрыторыі Луганскай вобласці - гэта трэцяя аперацыя. Вызваленне Крыма - гэта чацвёртая аперацыя. Вызваленне Данецка - гэта пятая ці нават пятая і шостая, у залежнасці ад таго, наколькі эфектыўна яна будзе праведзеная з улікам тых магчымасцяў, тых інжынерна-фартыфікацыйных збудаванняў, якія за восем гадоў вайны паспелі панабудаваць расейскія салдаты на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.

Кожная такая аперацыя залежыць ад рэсурсаў на чатыры тыдні баявых дзеянняў. А гэта артылерыя і боепрыпасы, гэта танкі і іншыя тыпы баявых браняваных машын. Дарэчы, я раблю стаўкі не столькі на Leopard-2 і Abrams, колькі на Bradley і Marder, таму як у ходзе папярэдніх канфліктаў яны паказалі больш эфектыўныя магчымасці па знішчэнні варожых танкаў, чым выдатныя па сваёй сутнасці танкі Abrams.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках