CNN: ЗША пагадзіліся на перадачу Украіне супольнікамі знішчальнікаў F-16
16- 2.02.2023, 9:33
- 8,940
Пазіцыя Пентагона наконт вайсковай дапамогі Кіеву змянілася.
ЗША не будуць блакаваць перадачу іншымі краінамі амерыканскіх знішчальнікаў F-16 Украіне, калі яны прымуць такую пастанову. Пры гэтым у Вашынгтоне мяркуюць, што для ЗША адпраўка сваіх уласных самалётаў будзе дарагім і складаным мерапрыемствам, якое, на думку амерыканскіх афіцыйных асоб, не вартае таго ў кароткатэрміновай перспектыве ў параўнанні з больш надзённымі патрэбамі Украіны ў артылерыі, ракетах і сістэмах СПА.
«ЗША не казалі супольнікам, што яны будуць супраць таго, каб іншыя краіны адпраўлялі свае F-16 ва Украіну», – піша CNN, спасылаючыся на ўласныя крыніцы.
Пры гэтым сам Пентагон таксама не выключае адпраўку знішчальнікаў Украіне. Аднак амерыканскія чыноўнікі разглядаюць гэта як доўгатэрміновую перспектыву, якая, магчыма, будзе вымярацца гадамі, а не месяцамі.
Цяпер у вайсковай дапамозе Украіне вызначаныя іншыя прыярытэты.
«Мы даем ім тое, з чым, на нашу думку, яны здольныя працаваць, абслугоўваць і падтрымліваць», – сказала намесніца прэс-сакратара Пентагона Сабрына Сінгх.
Крыніцы CNN кажуць, што пазіцыя Штатаў наконт F-16 для Украіны змянілася. Калі раней у ЗША меркавалі, што перадача УСУ гэтых знішчальнікаў справакуе Расею на эскалацыю, то зараз цяжкасці з пастаўкай самалётаў у асноўным лагістычныя. Там таксама кажуць, што F-16 - вельмі складаная сістэма.
«Чыноўнікі ЗША і краін-хаўрусніц гавораць, што самалёты будуць непрактычнымі, таму што яны патрабуюць сур'ёзнай падрыхтоўкі і таму, што ў Расеі ёсць шырокія зенітныя сістэмы, якія могуць лёгка іх збіць», - гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамляў сайт Charter97.org, кабінет міністраў Нідэрландаў разгледзіць магчымасць пастаўкі знішчальнікаў F-16 Украіне, калі пра гэта папросіць кіеўскі ўрад.