Зяленскі ў парламенце Брытаніі: Расея саступае і перамога над ёй зменіць свет
6- 8.02.2023, 16:53
- 10,052

Фото: Getty Images
Прэзідэнт Украіны заклікаў перадаць УСУ самалёты.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў у парламенце Вялікай Брытаніі. Кіраўнік украінскай дзяржавы заявіў, што Расея саступіць і перамога над ёй зменіць свет.
«Мы заўсёды будзем перамагаць зло. Гэта ляжыць у аснове нашых і вашых традыцый. Але як толькі старое зло пераможана, новае спрабуе падняць галаву… Але мы ведаем: свабода – пераможа, мы ведаем, што Расея саступіць», – сказаў Зяленскі, а зала на гэтых словах пачала пляскаць у ладкі.
Ён дадаў, што перамога зменіць свет і гэта будуць змены, у якіх ён доўга меў патрэбу.
«Брытанія ідзе разам з намі да самай вялікай перамогі ў нашым жыцці. Гэта будзе перамога над самой ідэяй вайны. Пасля перамогі кожны агрэсар - вялікі ці малы - будзе ведаць, што яго чакае ў выпадку атакі на міжнародны парадак», - дадаў прэзідэнт.
Падчас сваёй прамовы прэзідэнт Украіны заклікаў перадаць УСУ авіяцыю. Зяленскі перадаў спікеру брытанскага парламента шалом украінскага лётчыка: «Ганаруся нашымі паветранымі сіламі і я прывёз падарунак у Вялікую Брытанію...На ім напісана «ў нас ёсць воля, дайце нам крылы, каб абараніць яе».


Зяленскі ўжо сустрэўся з прэм'ер-міністрам Брытаніі Рышы Сунакам. Кіраўнік брытанскага ўрада заявіў, што Лондан будзе падтрымліваць Украіну да перамогі ў вайне.
Уладзімір Зяленскі таксама правядзе сустрэчу з каралём Брытаніі Чарльзам III.
Як пісаў сайт Charter97.org, гэта другі замежны візіт Зяленскага з пачатку вайны. Папярэдні быў у ЗША, дзе ўкраінскі прэзідэнт выступіў у Кангрэсе і сустрэўся з кіраўніком Белага дома Джо Байдэнам.