27 красавiка 2024, Субота, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Фясенка: З'явіўся першы сімптом барацьбы за ўладу ў Расеі

12
Уладзімір Фясенка: З'явіўся першы сімптом барацьбы за ўладу ў Расеі
Уладзімір Фясенка

Задоўжанне вайны нясе для Пуціна вялікія рызыкі.

Экс-кіраўнік тэрарыстаў «ДНР», вайсковы злачынца Ігар Гіркін заявіў, што Пуцін уцячэ з Расеі, як гэта зрабіў экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. Наколькі гэта рэальны сцэнар? Сайт Charter97.org спытаў ва ўкраінскага палітолага, кіраўніка Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзіміра Фясенкі.

– Тое, што здарылася з Януковічам, было заканамерным. Пры ўсёй сваёй знешняй моцы і суровасці ён у крытычных сітуацыях заўсёды дэманстраваў слабасць. Гэта было падчас Аранжавай рэвалюцыі ў снежні 2004 года, але была і менш вядомая сітуацыя. На парламенцкіх выбарах 2012-га года, калі апазіцыя атрымала даволі шмат галасоў, нават была спроба міні-майдану каля Цэнтрвыбаркама, вось тады Януковіч знік на 10 дзён. Тое, што потым адбылося, ужо ў лютым 2014-га года, таксама паказала ягоную слабасць.

Мне падаецца, што Пуцін іншы персанаж. Пуцінскі рэжым мацнейшы, чым быў рэжым Януковіча. Самае галоўнае – у Расеі няма такой моцнай грамадзянскай супольнасці, якая няспынна змагалася б за свае правы, няма такога досведу пратэставага руху, як было ва Украіне. Таму я не экстрапаляваў бы тое, што было ва Украіне, на тое, што можа здарыцца ў Расеі. Думаю, там гэта будзе па-іншаму развівацца.

– Які тады, на ваш погляд, сцэнар дастасавальны да РФ?

– Пуціну трэба больш баяцца свайго атачэння. Дзеянняў з боку найбліжэйшых людзей, калі яны раптам адчуюць небяспеку для сябе. Я не вельмі веру ў палацавыя перавароты, але, тым не менш, думаю, што ў Расеі сітуацыя будзе развівацца не так, як гэта было ва Украіне.

– Гаворачы пра Пуціна і ягонае асяроддзе, ці шмат розных супрацьлеглых групаў вакол гаспадара Крамля сёння?

– Я не спецыяліст у барацьбе розных груповак у асяроддзі Пуціна. Там шмат нюансаў, але, зразумела, сачу за сітуацыяй. На мой погляд, па-першае, у Крамлі ёсць свая партыя вайны. Яна ёсць не толькі ў асяроддзі Пуціна, але і па-за Крамлём. Па-за Крамлём яна выяўленая мацней. Той самы Прыгожын (заснавальнік ПВК «Вагнер» – заўв.), Кадыраў (кіраўнік Чачні – заўв.). Яны частка пуцінскага рэжыму, але дзейнічаюць па-за Крамлём.

Дарэчы, з'яўленне такога феномену, як Прыгожын, на перспектыву значна больш важнае, чым проста барацьба груповак у самім Крамлі. Бо ў яго ў наяўнасці ёсць прыватная ваенная кампанія, у сутнасці – сваё войска. Сваё войска ёсць яшчэ і ў Кадырава. Гэта гульцы з уласным сілавым рэсурсам, які яны могуць выкарыстоўваць у выпадку дэстабілізацыі цэнтральнай улады ці калі нешта здарыцца з Пуціным. Гэта можа прывесці да таго, што барацьба за ўладу ўнутры Расеі можа ісці з выкарыстаннем сілавога рэсурсу. У тым ліку – рэсурсу гэтых прыватных войскаў.

Невыпадкова нядаўна стала вядома, што «Газпрам» стварае ўласную прыватную ваенную кампанію. Думаю, што і некаторыя іншыя расейскія дзяржаўныя карпарацыі гэта ўжо робяць, але не афішуюць. Вось гэта важна на перспектыву, таму што можа павесці расейскую палітыку зусім па-іншаму. Гэта будзе ўжо не проста кулуарная барацьба груповак у асяроддзі Пуціна, а бітва за ўладу з выкарыстаннем сілавых метадаў, у тым ліку – ваеннай сілы.

Вяртаючыся да атачэння Пуціна, у ім ёсць неаднародная групоўка сілавікоў. Ёсць вайскоўцы са сваімі інтарэсамі, ФСБ, Патрушаў (сакратар Рады бяспекі РФ – заўв.), які курыруе ўсе сілавыя структуры і сам з'яўляецца, можна сказаць, наймацнейшай фігурай сярод сілавікоў. Паводле розных чутак, ён прэтэндуе на тое, каб ягоны сын стаў пераемнікам Пуціна.

Лагер сілавікоў – прыхільнікі вайны супраць Украіны, супрацьстаяння з Захадам, але, падобна, нават яны разумеюць, што вайна зайшла ў тупік і трэба дзейнічаць больш рацыянальна. Пуцін жа да гэтага пакуль не гатовы.

Іншы лагер – тыя, хто раней называўся сіслібы (сістэмныя лібералы). Ён цяпер практычна перастаў існаваць. Можна казаць, што ёсць нейкі лагер даволі памяркоўных тэхнакратаў. Гэта тыя, хто сканцэнтраваныя на развязанні эканамічных пытанняў Расеі, на захаванні ўнутранай сацыяльнай, хоць бы адноснай стабільнасці, хто не ўмешваецца ў справы, звязаныя з вайной супраць Украіны.

Умоўна кажучы, гэта прэм'ер Мішусцін, мэр Масквы Сабянін, кіраўнік расейскага Ашчадбанка Герман Грэф і некаторыя іншыя. Вайна стварае ім шмат праблемаў. Мне падаецца, што была б іх воля і Пуцін пагадзіўся, то яны шукалі б кампрамісны варыянт, як выйсці з вайны.

Ёсць асобныя фігуры са сваім асяроддзем, якія таксама спрабуюць уплываць і на Пуціна, і на ўнутраную сітуацыю.

– Каго вы маеце на ўвазе?

– Ёсць там Юры Кавальчук. Гэта адзін з вельмі нямногіх людзей, якія, мяркуючы з расейскіх звестак, маюць прамы доступ да Пуціна. Ён на адной хвалі з ім у плане і вайны супраць Украіны, і варожасці да Захаду. Плюс у яго свой вельмі ўплывовы медыяхолдынг. Падкрэслю, што паводле звестак два самыя блізкія чалавекі да Пуціна за апошнія два гады – гэта Патрушаў і Кавальчук.

Самая ўплывовая фігура ў бюракратычным апараце Крамля – гэта Сяргей Кірыенка. Ён, паводле розных звестак, блізкі да Кавальчука, але гуляе сваю гульню. У 90-я ён коратка, але быў прэм'ер-міністрам. Кірыенка ўжо не першы год фармуе кадравы рэсурс для пуцінскага рэжыму. Атрымліваецца, нямала ягоных людзей ёсць на розных пасадах і ў цэнтральнай уладзе РФ, і ў рэгіёнах, і на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях. Таму яго трэба разглядаць як такога асобнага апаратнага гульца, які ўплывае на прыняцце пастановаў. Ён можа быць значнай фігурай у выпадку абвастрэння барацьбы за ўладу, калі раптам з Пуціным нешта здарыцца,

Ёсць постаці, якія традыцыйна ўваходзілі ў асяроддзе Пуціна, але адышлі на перыферыю. Ва ўсякім разе, цяпер яны не такія прыкметныя. Гэта і кіраўніцтва «Газпрама» на чале Мілерам, і Сечын, варта згадаць і Дзмітрыя Мядзведзева, які ўсё яшчэ спадзяецца чарговы раз стаць пераемнікам Пуціна. Ён страціў свой ранейшы ўплыў, але актыўна спрабуе нагадваць пра сябе ў інфармацыйнай сферы. Ягоная палітычная вага вельмі зменшылася і нават ягоную ваяўнічую рыторыку многія ўспрымаюць у Расеі з іроніяй. У ім бачаць такую рэінкарнацыю Жырыноўскага: шуму шмат, а рэальнага палітычнага ўплыву няма. Яго варта браць пад увагу, бо нейкі ўдзел ва ўнутранай барацьбе, крамлёўскіх інтрыгах, канкурэнцыі розных вежаў Крамля ён таксама бярэ.

– Якая будучыня чакае Пуціна і Расею ў цэлым?

– Пакуль рана рабіць канчатковыя высновы, таму што сцэнары могуць быць самыя розныя. Гэта і захаванне Пуціна пры ўладзе з натхненнем рэжыму, і новы глыбокі палітычны крызіс у Расеі. На мой погляд, гэта самы рэалістычны сцэнар, але не цяпер, а на далейшую перспектыву. Умоўна, сцэнар новай cмуты. Ёсць яшчэ сцэнар пераемніка, барацьбы за ўладу нават пры жывым Пуціне.

Падкрэслю, што на далейшае развіццё падзей унутры Расеі ў значнай ступені будзе ўплываць сітуацыя з вайной ва Украіне. Задоўжанне гэтай вайны, на што зрабіў стаўку Пуцін, насамрэч можа прывесці да вельмі вялікіх рызыкаў для яго.

Бо пагаршэнне ўнутранай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі праз вайну, назапашванне незадаволенасці, а калі яшчэ сюды дададуцца сур'ёзныя ваенныя паразы ва Украіне, то тады можна гаварыць і пра сцэнар Гіркіна-Стралкова, з якога мы з вамі пачалі.

Расейская сістэма вельмі моцна завязаная на Пуціне. Калі слабасць расейскага кіраўніка, ягоныя паразы стануць відавочнымі для ўсіх, то ўзнікне моцная дэлегітымізацыя і пуцінскага рэжыму, і яго самога. Міф пра чалавека, які заўсёды ва ўсім перамагаў і ўвасабляў «моц Расеі», будзе разбураны. Гэта сапраўды можа стаць вялікай небяспекай для Пуціна. Таму вайна ва Украіне – гэта тое, што будзе ўплываць на ўнутраную расейскую сітуацыю.

Стан здароўя Пуціна – таксама моцны чыннік і, вядома ж, унутраная сацыяльна-эканамічная і палітычная сітуацыя, уключаючы барацьбу за ўладу, якая ўжо пачынаецца.

Несістэмная дзейнасць Прыгожына разбурае старыя правілы гульні ў Расеі. Стваральнік ПВК «Вагнер» пагражае і генералам, і губернатарам, і спрабуе сябе паказваць як уплывовага гульца незалежна ад свайго рэальнага статусу ў пуцінскім рэжыме. Я мяркую, што гэта першы сімптом таго, што ў Расеі пры жывым Пуціну ўжо пачынаецца барацьба за ўладу.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках