18 красавiка 2024, Чацвер, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіну з'ехаў узвод «Начных ваўкоў»

31
Ва Украіну з'ехаў узвод «Начных ваўкоў»

Ваяваць пагадзіўся менш за 1 адсотак прапуцінскіх байкераў.

«Начныя ваўкі», якія суправаджалі Пуціна ў Крыме ў 2014 годзе, амаль сышлі з інфармацыйнага поля, страцілі прэзідэнцкія гранты, а ў вайне ва Украіне ўдзельнічае менш за адзін адсотак чальцоў байкерскага клуба. Адзіным апекуном клуба застаўся «Раскосмас», запэўніваюць у байкерскім асяроддзі. Дзяржкарпарацыя спансуе матацыклетны ўзвод.

З пачатку ўварвання ва Украіну добраахвотнікамі на вайну сышлі некалькі дзясяткаў байкераў з клуба «Начныя ваўкі». Сябры «Начных ваўкоў» уступаюць у інтэрнацыянальную брыгаду «ДНР» «Квача». Гэтай брыгадзе «Начныя ваўкі» выпраўляюць гуманітарную дапамогу. Байкер Андрэй Мішчанка, які ваюе на Данецкім кірунку, расказаў «Рэгнуму», што ва Украіне ваюе ўзвод з «Начных ваўкоў», гэта значыць блізу 50 чалавек – усе яны ўвайшлі ў склад брыгады «Квача» ў «ДНР». На фатаграфіі матацыклетнага ўзвода «Начных ваўкоў» карэспандэнт выдання налічыў 21 чалавека.

Пры гэтым агульная колькасць клуба – блізу 5 тысячаў чалавек, гэта пацвердзілі дзве крыніцы рэдакцыі ў байкерскім асяроддзі. Паводле іх словаў, на піку папулярнасці колькасць байкераў была вышэйшая, аднак невялікая частка людзей пакінула клуб пасля канфліктаў з ягоным лідарам Аляксандрам Залдастанавым, многія адышлі ад актыўнай дзейнасці. Такім чынам, цяпер ва Украіне ваюе блізу 1% ад агульнай колькасці клуба, хоць «Начныя ваўкі» з 2014 года актыўна выступалі за «далучэнне» ўкраінскіх тэрыторый да Расеі, нават прапаноўвалі ўзяць пад ахову адміністрацыйныя будынкі ў Крыме.

Навіны пра байкерскі ўзвод не распаўсюджваюцца ў федэральных СМІ, а разыходзяцца па платформах самога клуба. Забеспячэннем экіпіяваннем і абсталяваннем узводу дапамог «Раскосмас», пра гэта паведамляюць самі байкеры, але пра маштабную падтрымку гаворкі не ідзе. Палітолаг Абас Галямаў мяркуе, што ранейшая патрыятычная актыўнасць матацыклістаў была хутчэй піярам і зарабляннем грошай, а да сур'ёзных дзеянняў большасць байкераў не гатовыя праз менталітэт.

«Байкеры – асяроддзе прынцыпова апалітычнае, і спроба іх сур'ёзна палітызаваць не магла ўвянчацца поспехам. Байкеры, якія прысягнулі ўладзе, – гэта не байкеры, а блазны», – вынікуе Галямаў.

Лідар клуба Аляксандр Залдастанаў з мянушкай Хірург сваё месцазнаходжанне не раскрывае, але, відавочна, у баявых дзеяннях удзелу не бярэ: у сваім канале ён піша, што асабіста выпраўляе байкераў на фронт і ездзіць па краіне, прадстаўляючы навагоднія казкі. У вольны час Залдастанаў піша белыя вершы і на запыт рэдакцыі пра ўдзел у баявых дзеяннях адказаў паэтычна:

«Нашы матацыклы толькі збольшага зямныя – яны яшчэ і нябесныя. Яны часам, калі мы мчым на Данбас і дапамагаем пакутнікам, ператвараюцца ў вогненныя вазы, якія ляцяць па небе наўпрост за Іллём Прарокам», – растлумачыў Аляксандр Залдастанаў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках