4 траўня 2024, Субота, 19:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палкоўнік УСУ: Ва Украіну заходзілі змяшаныя беларуска-расейскія групоўкі

12
Палкоўнік УСУ: Ва Украіну заходзілі змяшаныя беларуска-расейскія групоўкі
Петр Черник

Беларусь фактычна знаходзіцца ў стане вайны.

Украінскія вайскоўцы стойка трымаюць Бахмут і наносяць расейцам шматлікія страты. Якая сітуацыя зараз на фронце ва Украіне? Чаго чакаць ад Лукашэнкі і Пуціна  найбліжэйшым часам?

На гэтае і іншыя пытанні сайту  Charter97.org адказаў украінскі вайсковы аналітык, палкоўнік запасу Узброеных сіл Украіны Пётр Чэрнік.

- Бахмут - аб'ектыўна стратэгічна важны горад і для нас, і для ворага. Ён мае як палітычнае, так і псіхалагічнае значэнне для апанента. Пуцін ужо аддаў ці то дзявяты, ці то дзясяты загад выходзіць на адміністрацыйныя лініі Данеччыны. Яны не могуць гэтае заданне выканаць. Косткай у горле ім стаў менавіта Бахмут.

- Чаму Бахмут стратэгічна важны з вайсковага пункту гледжання?

- Гэта ключы для патэнцыйных контрнаступальных аперацый у бок Севераданецка і Лісічанска. Бахмут - зручная вышыня для нанясення ўдараў па дэбальцаўскім чыгуначным вузле. Ад Бахмута да Дэбальцава 42 кіламетры.

Важнасць агнявога кантролю над Дэбальцавым у тым, што HIMARS працуюць на адлегласці 84 кіламетры. На сёння вайна на 95% зьяўляецца вайной артылерыі. Такімі грузавікамі, як КАМАЗ ці "Урал", боепрыпасаў з Расеі не навозішся. Патрэбна чыгунка. Дык вось, дэбальцаўскі вузел і ёсць тая самая чыгунка, па якой 60-тоннымі вагонамі ўвозяцца боепрыпасы.

Сапраўды, проста гэта нідзе не афішуецца, так і павінна быць, мы працуем, каб нанесці ўдары па гэтым вузле. Бахмут якраз і ёсць той пункт, адкуль гэты аператыўны кантроль вядзецца. Гэта па-першае.

Па-другое, калі мы сапраўды адыходзім з Бахмута, то тады наступнай лініяй абароны становіцца наступная гарадская кангламерацыя. Гэта або Часовы Яр-Канстанцінаўка, або Краматорск-Славянск. Мы разумеем, што гэтая зона таксама будзе пераўтвораная ў руіны. Таму трымаем Бахмут да таго часу, пакуль можам.

Дарэчы, Бахмут гэта такія своеасаблівыя Фермапілы 2.0. У гісторыі была такая бітва 480 года да нашай эры, калі цар Леанід спыніў каласальнае азіяцкае нашэсце на чале з Ксерксам. Нешта падобнае зараз адбываецца і пад Бахмутам.

Там перамолваецца проста вялізная колькасць расейскага падрыхтаванага асабовага складу. У першую чаргу - гэта ПВК «Вагнера», а таксама каласальная колькасць тэхнікі. Таму ёсць логіка трымаць яго датуль, пакуль Бахмут стаіць, ёсць падвоз боепрыпасаў, медыкаментаў, прадуктаў, вады і гэтак далей.

- Што будзе, калі ж украінскае камандаванне ўсё ж пастановіць сысці з Бахмута?

- Калі мы адыдзем ад Бахмута, то стратэгічнай паразы не будзе. Будзе балюча і няёмка. Як казаў вялікі Напалеон I Банапарт, можна прайграць усе бітвы, акрамя апошняй. Гэта яшчэ не апошняя бітва.

Сам Банапарт выйграў бліскучую бітву пры Барадзіно і спаліў Маскву, аднак, вайну прайграў. Вось і нам важна выйграць вайну.

На гэты момант Бахумт - гэта своеасаблівы пункт стаяння, каля якога максімальна перамолваюцца апошнія рэшткі якасных сіл РФ. Бахмут будуць трымаць роўна датуль, пакуль украінскае камандаванне прыйдзе да высновы, што час адыходзіць.

Памятаем, што да нас у дарозе вялізны бронепакет. Першыя некалькі дзясяткаў танкаў Leopard 2 ужо зайшлі. Першая бранятэхніка ўжо набліжаецца да перадавой, а Бахмут можа стаць адпраўным пунктам для далейшых контрнаступальных аперацый. Падкрэслю, што гэта аналітыка, а як будзе ў рэальнасці - прадбачыць немагчыма.

Вайна - шлях падману. У ворага ёсць яшчэ велізарны людскі патэнцыял, які мы не можам праігнараваць.

- Калі казаць аб контрнаступленні Украіны, то, на ваш погляд, які сцэнар найбольш верагодны?

- Выкажу ўласны, вельмі спецыфічны пункт гледжання. Наступная контрнаступальная аперацыя будзе ў абавязковым парадку. Тое, калі і пры якіх абставінах, трэба пакінуць у цені. Сапраўдныя сур'ёзныя аперацыі патрабуюць абсалютнай цішыні.

Асабіста я як аналітык ніколі не ўдаюся ў прагназаванне канкрэтыкі наступальных кірункаў.

- Чаму?

- Праціўнік разбірае кожнае слова. Даслоўна два тыдні таму мой аналіз разабралі на пляцоўцы ў Скабеевай (расейская тэлевядучая, прапагандыстка – заўв.) у праграме «60 хвілін». Усе там перакруцілі, пераблыталі, але яны паказалі, што сочаць за намі. І за мной персанальна. Таму я не дазволю сабе даць ворагу чарговую порцыю аналітычнага матэрыялу.

Усе патэнцыйныя накірункі контрнаступлення прадумваюцца, я на 100% давяраю нашаму Генеральнаму штабу. Яны прымуць самую правільную пастанову з усіх магчымых.

- Калі казаць пра ролю рэжыму Лукашэнкі ў гэтай вайне, то наколькі верагодны сцэнар таго, што праз нейкі час адбудзецца новы наступ на Кіеў з тэрыторыі Беларусі?

- Як я разумею, Лукашэнка цяпер адчайна змагаецца за сваё жыццё. Пуцін трымае ля ягонага горла востры НКВДшны нож. Пытанне ў тым, ці перарэжа ён гэтае горла.

Давайце будзем сумленнымі, Беларусь па факце знаходзіцца ў стане вайны з Украінай. Ракетныя ўдары па маім родным Львове рабіліся з тэрыторыі Беларусі. Вялікія групоўкі ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання, у лютым-сакавіку, зайшлі якраз у Чарнобыльскую зону. Яны былі змешаныя - беларуска-расейскія. Гэта факт.

Пытанне ў тым, ці адважыцца Лукашэнка і ці дацісне яго Пуцін на паўторную наземную аперацыю. Але ёсць нюанс. У пачатку вайны нас заспелі знянацку. Праўда, што мы не былі гатовы да такой маштабнай вайны.

На гэты момант паўночная мяжа пераўтворана ў такую спецыфічную лінію Манэргейма. Там усё замінаванае і фартыфікаванае. Поўнач украінска-беларускай мяжы - гэта лясы і балоты, а ўжо пачалася вясна, якая будзе цёплай. Нават калі яны і адважацца, то змогуць ісці толькі дарогамі ў бок Кіева ці ў бок Заходняй Украіны. Гэта ўвогуле самагубства.

Працаваць на дарогах мы навучыліся. Мы другая краіна свету па запасах FGM-148 Javelin. Усё, што там з'явіцца, мы пераб'ем, як арэхі. Падкрэслю, як арэхі.

На гэты момант у Беларусі разгорнутая наземная групоўка ў межах 15 тысяч. Гэта тры брыгады. Калі яны пойдуць у наступ, то для нас гэта будзе балюча і няёмка, але ход вайны не пераламае.

Для таго, каб нам па-сапраўднаму было балюча, патрэбна 40 тысяч асабовага складу. Гэтыя 40 тысяч патрабуюць 825 танкаў, 2,5 тысячы браніраваных машын, да 1000 ствалоў артылерыі і самае галоўнае - авіяцыйнае прыкрыццё.

Пачынаючы з красавіка месяца, расейская авіяцыя ў нашу авіяцыйную прастору не заходзіць. Мы практычна ўсё збіваем. Напрыклад, крылатыя ракеты збіваем з паказчыкам ад 70 да 90 працэнтаў. Гэта вельмі высокі паказчык. Наша супрацьпаветраная абарона ўзмацняецца не з кожным месяцам, а з кожным тыднем.

Калі беларуска-расейскія групоўкі наважаць ператварыць у металалом нейкія чарговыя авіяцыйныя комплексы, то мы не можам ім у гэтым адмовіць.

Ёсць такі рымскі мысляр Марк Цыцэрон. У яго ёсць вельмі добры выраз - «Чым бліжэй крах імперыі, тым больш шалёныя яе законы». Ці могуць яны пайсці на гэты шалёны крок - 15 тысяч людзей закапаць ва ўкраінскіх балотах поўначы? Могуць. Але на ход вайны гэта не паўплывае.

Мне падаецца, што Лукашэнка крыху разумнейшы за Пуціна. Ён крывавы дыктатар у Беларусі, але не хоча пераходзіць канчатковую мяжу. Калі наземная фаза паўнавартасна паўторна пайдзе, тое гэта ўжо будзе чорная рыса.

Магу памыляцца, але, на мой погляд, Пуцін асцярожнічае з зачысткай Лукашэнкі, бо патрэбная альтэрнатыўная фігура. Беларускі народ у 2020 годзе паказаў, што ён нацыя. Усплёск быў, дзе гарантыя, што пры змене Лукашэнкі ўсплёск не паўторыцца, а гэта ўжо будзе вельмі сур'ёзная параза Пуціна. Гэта вузел, які пакуль што не развязваецца ні ў плюс, ні ў мінус, але рана ці позна ён развяжацца.

Лёс і свабода Беларусі шчыльна звязаны з перамогай Украіны ў вайне. Гэта толькі пытанне часу.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках