27 лiпеня 2024, Субота, 2:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

19.37 У ПК № 1, дзе сядзяць Віктар Бабарыка і Ігар Лосік, мяняюць кіраўніка

17
19.37 У ПК № 1, дзе сядзяць Віктар Бабарыка і Ігар Лосік, мяняюць кіраўніка
АНДРЭЙ ПАЛЬЧЫК

Андрэй Пальчык, які раней кіраваў установай, больш не займае гэтую пасаду.

У папраўчай калоніі № 1, дзе сядзяць Віктар Бабарыка, Ігар Лосік і стрыечны брат Паўла Латушкі, мяняюць кіраўніка. «Люстэрку» стала вядома, што Андрэй Пальчык, які раней кіраваў установай, больш не займае гэтую пасаду. Інфармацыю нам паведамілі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.

– У пачатку сакавіка ў чаце, дзе размаўляюць родныя асуджаных, з'явілася інфармацыя, што Пальчык хутка не будзе кіраўніком ВК № 1, – кажа сваячка аднаго са зняволеных, які знаходзіцца ў гэтай калоніі. – Пра гэта расказала адна з дзяўчатаў, муж якой там сядзіць. Ёй трэба было падпісаць у Пальчыка заяву. Калі яна да яго прыехала, у кіраўніка ішла нарада. Яна доўга чакала. І ў гэты час пагутарыла з вартаўніком. Ён сказаў: «Вы выбралі найлепшы дзень. У Пальчыка сёння апошні працоўны». Быццам бы гэта было 1 сакавіка. Пасля гэтага іншыя таксама сталі пісаць у чаце, што на спатканнях чулі ад родных пра сыход Пальчыка. Праз некалькі дзён з'явілася інфармацыя, што часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка калоніі цяпер Вячаслаў Журко. Ён быў ягоным намеснікам. Куды адчаліў Пальчык – невядома. Некаторыя пісалі, што, магчыма, яго перавялі.

Пра тое, што Андрэй Пальчык больш не кіраўнік ВК № 1, «Люстэрку» расказаў і экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў, які адбываў у гэтай установе частку тэрміну.

– Недзе месяц таму Пальчыка выправілі кіраўніком калоніі-пасялення, якая цяпер будуецца або рэканструюецца. У якім горадзе, не памятаю, – кажа Аляксандр Кабанаў. – Ёсць цікавы нюанс: усе думалі, што Пальчык пойдзе кіраўніком УДВП Віцебска (размова пра Управу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Віцебскай вобласці. – Заўв. рэд.), гэта значыць на павышэнне. А тут яго выпраўляюць у калонію-паселішча, якая рангам ніжэйшая за ВК.

Паводле словаў Аляксандра Кабанава, цяпер абавязкі кіраўніка калоніі часова выконвае Вячаслаў Журко.

– Пры Пальчыку ён быў намеснікам кіраўніка аператыўнай і рэжымнай працы, – адзначае суразмоўца.

З чым менавіта звязаны перавод Андрэя Пальчыка з ВК № 1, Аляксандр Кабанаў дакладна не ведае. Адна з ягоных здагадак: у калоніі было шмат парушэнняў і «не дзейнічаць было непрыгожа».

Што гавораць у калоніі

У прыёмнай кіраўніка ВК № 1, куды журналісты патэлефанавалі як звычайныя грамадзяне, каб запісаць на прыём да кіраўніцтва, сказалі, што прыём грамадзянаў цяпер праводзіць «выканаўца абавязкаў». Пытанне, ці працуе яшчэ Андрэй Пальчык, пакінулі без адказу.

Чым вядомая ВК № 1

У панядзелак, 20 сакавіка, стала вядома, што палітвязень Ігар Лосік, які цяпер знаходзіцца ў ВК № 1, спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Ігара выправілі ў ШІЗА. Там ён доўгі час трымаў галадоўку, а потым парэзаў сабе рукі і шыю. Яго скіравалі ў медсанчастку.

Здзейсніць суіцыд у ШІЗА гэтай установы спрабаваў і экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў. Раней у інтэрв'ю «Люстэрку» ён расказваў, што яго тройчы выпраўлялі ў штрафны ізалятар. У апошні раз умовы ў камеры былі такімі, што мужчына не вытрымаў і станком брытвы парэзаў вены. Яму наклалі 68 швоў.

– Стан быў такі: альбо выйду адсюль інвалідам, альбо не ведаю што, – успамінаў мужчына.

Пра становішча ў калоніі Аляксандр Кабанаў расказваў так:

– Яшчэ да прыезду туды разумеў, што гэта за месца. Падчас этапаў я меў зносіны з людзьмі, якія ўжо пабывалі ў калоніях. Пра «адзінку» хадзілі самыя змрочныя чуткі. Казалі, там увогуле трэшак. Які? Надта не тлумачылі. <…> Увогуле, калі я толькі туды (у ВК № 1. – Заўв. рэд.) прыехаў, на мяне адразу ж склалі акт за расшпіленыя гузікі. За ім у той самы дзень рушыў другі: нібыта колькасць фатаграфій, якія ў мяне былі, не адпавядае заяўленай у вопісе. Потым мяне паставілі мыць унітазы. Я адмовіўся – і мяне на месяц зачынілі ў ШІЗА ў адзіночцы.

Гэта не адзіныя выпадкі жорсткага абыходжання ў ВК № 1, якія сталі вядомыя. У лютым 2023-га адзін з чытачоў расказаў «Люстэрку» пра інцыдэнт з расейцам Мікалаем Хролам, які адбываў пакаранне ў гэтай установе. Паводле словаў суразмоўцы, зняволенаму зламалі ключыцу, а потым яе не лячылі. «У выніку костка не так зраслася і ўпіраецца ў горла», – казаў ён, дадаючы, што ў такім стане Мікалая прымушалі працаваць. Знаёмыя мужчыны тады выпраўлялі скаргі ў СК, МУС, Генпракуратуру і ДВП. Але на той момант адказу ад сілавых установаў не было.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках