19 сакавiка 2024, aўторак, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі наспявае наменклатурны пераварот

66
У Беларусі наспявае наменклатурны пераварот
Наталля Радзіна

Нас можа чакаць у недалёкай перспектыве нешта накшталт XX з'езду КПСС.

Ліст Ёсіфа Сярэдзіча выклікаў віхуру эмоцый сярод беларусаў. Каторы дзень актыўна абмяркоўваецца, ці магчымыя перамовы з дыктатарскім рэжымам і "нацыянальнае замірэнне", да якога заклікаў галоўны рэдактар найстарэйшай беларускай незалежнай газеты "Народная воля".

Абсалютная большасць мяркуе, што гэта ўтопія, і ў сённяшніх варунках ніякае замірэнне немагчымае, найперш таму, што на гэта не пойдзе сам Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу толькі з дапамогай гвалту. Аднак прыкметная тэндэнцыя: супраць актыўна выступаюць эмігранты; людзі ж, якія жывуць у Беларусі, выказваюць асцярожную надзею і гавораць аб бесперспектыўнасці эскалацыі. Пачуцці гэтых людзей зразумець можна: калі жывеш у бесперапынным страху і пад жахлівым ціскам, ліст Сярэдзіча - трэска, за якую хочацца трымацца.

Найперш трэба аддаць належнае смеласці Ёсіфа Паўлавіча. У лісце апісаная рэальная сітуацыя тэрору, які адбываецца ў Беларусі, фактычна, генацыду цэлай нацыі і шчыра гаворыцца аб фактычнай акупацыі краіны расейскімі войскамі. Такія смелыя галасы з Беларусі сёння больш не гучаць: нават за некалькі такіх слоў можна трапіць у турму на вялікі тэрмін, атрымаўшы таўро «экстрэміста», а то і «тэрарыста».

Але што напраўду стаіць за гэтым лістом, калі, здавалася б, усім відавочна, што рэжым не пойдзе на рэальныя перамовы з апазіцыяй, і прымірэнне ў сённяшніх варунках немагчымае?

Я знаю Ёсіфа Сярэдзіча з 1998 года, калі прыйшла маладой журналісткай працаваць у "Народную волю". Гэта патрыёт і прафесіянал сваёй справы, які захоўваў вернасць двум ідэалам: сваёй газеце, якую бараніў у самых цяжкіх варунках, і Беларусі, на сітуацыю ў якой спрабаваў уплываць усімі сваімі сіламі і рэсурсамі. Менавіта ў «Народнай волі» я пазнаёмілася ў 1990-я гады з лідэрамі беларускай апазіцыі Віктарам Ганчаром, Генадзем Карпенкам, Юрыем Захаранкам і зразумела, што журналістыка ў дыктатарскай краіне – нешта большае, чым проста нейтральнае апісанне рэчаіснасці.

Але пры ўсёй сваёй смеласці і нават пэўнай эпатажнасці Ёсіф Паўлавіч заўсёды быў чалавекам асцярожным і старанна абдумваў кожны свой крок. Таму калі сёння ён рызыкнуў сваёй воляй і нават жыццём, то таму, што не адзін раз узважыў усе "за" і "супраць".

І гаворка ў гэтым лісце, як мне падаецца, зусім не пра Лукашэнку і магчымасць нейкага прымірэння са звар'яцелым дыктатарам, які ўчапіўся ва ўладу здранцвелымі пальцамі. Размова аб тым, што сёння для той жа наменклатуры становіцца відавочным, што рэжым, які кіраваў у Беларусі амаль 30 гадоў, найбліжэйшым часам можа абрынуцца. Мы можам колькі хочаш гаварыць пра слабасць і амаральнасць беларускага чынавенства, якое моўчкі сядзіць пад пятой хама, але мы не можам сцвярджаць, што ўсе яны — спрэс ідыёты, якія не здатныя бачыць найблізкую перспектыву.

Наменклатуры і разважнай частцы кіраўніцтва праваахоўнымі структурамі і войска відавочная нявыкрутка, у які іх прывялі Лукашэнка і ягоны крамлёўскі гаспадар Пуцін. Расея, безумоўна, саступіць у гэтай вайне. Выдача Міжнародным крымінальным судом ордэру на арышт Пуціна пацвердзіла ахвоту краін Захаду ісці да канца ў сваёй падтрымцы Украіны і супрацьстаянні расейскай экспансіі. Крамлёўскаму памагатаму Лукашэнку ўжо не выслізнуць з пасткі - на ягоных руках кроў беларусаў і тысяч украінцаў, якія загінулі падчас наступу расейскага войска з Беларусі 24 лютага 2022 года.

Таму я разглядаю ліст Сярэдзіча як першы асцярожны крок на шляху ў падрыхтоўцы змены ўлады ў Беларусі. Я не магу сказаць дакладна, калі гэта адбудзецца, шмат што будзе залежаць ад сітуацыі ва Украіне, але наменклатурны пераварот відавочна наспявае.

Думаю, нас можа чакаць у недалёкай перспектыве нешта накшталт XX з'езда КПСС (з'езд партыі "Белая Русь" або Усебеларускі народны сход), на якім будзе асуджаны культ асобы Лукашэнкі, а тысячы палітычных вязняў будуць вызваленыя з турмаў. Іншая рэч, што гісторыя, калі паўтараецца двойчы, то немінуча фарсам. Пры такім развіцці сітуацыі ў беларусаў у кожным выпадку з'явіцца вельмі вялікі шанц на перамены. Але для таго, каб ім скарыстацца, нам трэба захоўваць моц, мужнасць і трываласць.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка сайту Charter97.org

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках