Кітай зноў заклікаў не размяшчаць ядзерную зброю за нацыянальнымі межамі
6- 1.04.2023, 18:29
- 6,860

КНР не крытыкуе Пуціна, але выступае супраць ягонай ідэі.
Прадстаўнік Кітая не згадваў Пуціна і яго ідэю размясціць ядзерную зброю ў Беларусі, але на брыфінгу ў Радзе Бяспекі ААН 31 сакавіка выступіў супраць усякага распаўсюджвання ядзернай зброі, у тым ліку такой, якую плануе Пуцін, паведамляе «Белсат».
Намеснік сталага прадстаўніка Кітая ў ААН Гэн Шуан назваў ядзерную зброю «дамоклавым мячом, які навісае над нашымі галовамі». Ён падкрэсліў: пазіцыя Кітая сталая і дакладная з першага дня валодання ядзернай зброяй.
Кітай, кажа ён, абавязаўся не выкарыстоўваць ядзерную зброю першым, а толькі для абароны; не пагражаць ужываннем ядзернай зброі дзяржавам, якія ёй не валодаюць; бароніць дамову аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі; выступае за паэтапнае ядзернае раззбраенне і супраць размяшчэння ядзернай зброі за межамі дзяржаў, якія валодаюць ёй.
Прадстаўнік Кітая ў прамове не згадваў ні Расею, ні Беларусь, але нагадаў аб кітайскіх прапановах па ўрэгуляванні «ўкраінскага крызісу» - Кітай не называе вайну ва Украіне вайной.
Раней прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Кітая шматзначна адказала на пытанне аб планах размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі: не крытыкавала ініцыятыву, але нагадала аб ранейшай супольнай заяве дзяржаў, якія валодаюць ядзернай зброяй.
Характэрна, што Пуцін анансаваў размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі праз тыдзень пасля сустрэчы з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам. Пуцін заяўляе, што ядзерную зброю не перададуць Беларусі, а толькі размесцяць на яе тэрыторыі пад расейскім кантролем, што не парушыць абавязацельстваў Расеі па нераспаўсюджанні. Аднак Лукашэнка сцвярджае адваротнае: кажа, зброя «наша».