Расея перакідвае на фронт гарматы часоў Сталіна
23- 2.04.2023, 13:41
- 15,720

Састарэлую зброю заўважылі на акупаванай тэрыторыі Украіны.
Сітуацыя з дэфіцытам узбраенняў у расейскага войска працягвае пагаршацца. Апроч старажытных танкаў Т-54 у бок фронту сцягваюць супрацьтанкавыя гарматы сталінскіх часоў, паведамляе УНІАН.
Так, у Еўпаторыі мясцовыя жыхары сфатаграфавалі вайсковы грузавік, які буксіраваў супрацьтанкавую гармату Т-12. Гэтая зброя была распрацаваная яшчэ ў сталінскія часы і прынятая на ўзбраенне савецкага войска ў 1953 годзе. Ужо да 1960-х гадоў Т-12 прыкметна састарэла і ёй на змену прыйшла МТ-12 Рапіра.
Паводле адкрытых крыніц, на захоўванні ў Расеі маецца не менш за 6 тысяч гармат Т-12.

Аб сур'ёзным дэфіцыце сучаснай тэхнікі ў расейцаў стала вядома яшчэ ўвесну мінулага года, калі на фронт упершыню пачалі пастаўляць танкі Т-62 часоў Хрушчова. Праз год сітуацыя толькі пагоршылася.
У лютым упершыню былі заўважаны старадаўнія бронетранспарцёры БТР-50П, якія эшалонамі везлі ў бок Украіны. Гэтая тэхніка выпускалася з 1954 да 1970 года.
Аднак па-сапраўднаму здзіўляць расейцы пачалі ў сакавіку гэтага года, калі на шляхі ва Украіну былі заўважаныя танкі Т-54. Іх прынялі на ўзбраенне ў 1946 годзе! Таксама ёсць здымкі з танкамі ІС-3, якія паспелі прайсці парадам па разбураным Бэрліне ў верасні 1945 года. Але пакуль не зразумела, ці везлі іх у музей, ці сапраўды хочуць адправіць на фронт.