«Пішу, што з 2 да 22 жніўня буду ў экспедыцыі на Месяцы з праектам Ілана Маска»
6- 7.06.2023, 15:00
- 10,930
Як выкладчыкі лезуць у прыватнае жыццё беларусаў.
Чытачка сайта Charter97.org расказала, як яна здалела аджартавацца ад дакучлівых выкладчыкаў са школы, у якой вучацца ейныя дзеці:
— Нарэшце закончыўся школьны год, так ужо хочацца разняволіцца, забыцца на ўсе гэтыя хатнія заданні, выправы на лініі сталіна, хатыні, “найлепшыя песні пра вайну”, але ж не выпадае.
Тут ужо ляціць дэпеша — падаць дакладныя адрасы, дзе і з кім дзіця прабавіць лета. Усе пішуць, а я ў гэтым бачу татальны кантроль. Якая каму розніца, дзе я са сваімі дзецьмі буду ўлетку. Таму жартам пішу, што з 2 да 22 жніўня буду ў экспедыцыі на Месяцы з праектам Ілана Маска. Настаўніца раздражнёна адказвае, навошта я тут кепікі строю з яе. У адказ дасылаю «не хвалюйцеся, калі экспедыцыю перанясуць, я Вас папярэджу». Падумалі, вар’ятка, адчапіліся.
Але ж так ужо данялі з гэтым бясконцым сованнем носа ў прыватнае жыццё чалавека. Сёння беларусы ходзяць, азіраючыся, на вуліцах, баяцца словам перакінуцца, жывуць адным днём, дакладней, не днём, а гадзінамі. Кожны чакае, хто будзе ў сінім мікробусе наступны. Таму нават я, маці, дакладна самая не ведаю, дзе мае дзеці будуць заўтра: спаць ва ўтульных ложках або ляснымі сцежкамі ўцякаць ад кіпцюроў ГУБАЗіКа.