19 траўня 2024, Нядзеля, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці ёсць пагроза для Запарожскай АЭС?

5
Ці ёсць пагроза для Запарожскай АЭС?

Фізік-ядзершчык расказаў, як на працы атамнай станцыі адаб'ецца выбух на Кахоўскай ГЭС.

Ці ёсць пагроза для Запарожскай АЭС пасля выбуху на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі? З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да вядомага расейскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага.

- Для працы Запарожскай АЭС выкарыстоўваўся асобны вадаём-ахаладжальнік, які, уласна кажучы, патрэбны для ахаладжэння 1-4 рэактараў, калі яны былі ў дзеянні. Гэта важна. Мы ведаем, што 1-ы і 2-і рэактары спыненыя год таму, 3-і і 4-ы ўжо даўно спыненыя. Гэта азначае, што рэшткавыя цеплавылучэнні не такія істотныя і яны меней адчувальныя да ахаладжэння.

Ёсць таксама замкнёная сістэма ахаладжэння, дадатковая, завецца пырскальныя басейны. Калі робяць фота атамных станцый, то часта любяць паказваць гэтыя фантанчыкі. Для яе падсілкоўванне важны, але не патрэбны сам вадаём-ахаладжальнік.

Дрэнная навіна ў тым, што спуск Кахоўскага вадасховішча, які праходзіць аварыйна, з жудаснымі наступствамі, - гэта непраектная сітуацыя для атамнай станцыі. Гэта значыць, што запусціць нанава першы, другі, трэці ці чацвёрты блок становіцца ўсё больш праблематычнай задачай.

Мне падаецца, што гэта да лепшага. Украіна жыве без Запарожскай АЭС прыкладна год, патрэб у спажыванні электраэнэргіі з-за таго, што краіна знаходзіцца, на жаль, пад атакай, не так шмат. І гэты небяспечны аб'ект, а я нагадаю, што гэта рэактары савецкай пабудовы, распрацоўкі 60-х і 70-х гадоў будаўніцтва, не дзейнічае. Станцыя павінна быць даўно спыненая. Паводле праекту тэрмін працы рэактараў ВВЭР-1000 - усяго 30 гадоў. А яны працуюць у паўтара раза больш, чым абяцалі праекціроўшчыкі.

Таму 1-ы і 4-ы рэактары наўрад ці будуць запушчаныя. Калі камусьці спатрэбіцца іх перазапускаць, то давядзецца працаваць без Кахоўскага вадасховішча.

Але тэхнічна гэта магчыма. Можна пабудаваць помпавую станцыю, якая будзе пампаваць ваду з Дняпра, бо ён нікуды не падзеўся. Так, за некалькі кіламетраў давядзецца закідваць ваду ў вадаём-ахаладжальнік, але поўнай забароны на працу гэтых чатырох рэактараў няма.

Пяты і шосты я вылучыў асобна, бо яны выкарыстоўваюць вежавыя выпарвальныя градзірні, падобныя да таго, што было зроблена ў Астраўцы. Там ахаладжэнне амаль не патрэбнае, патрэбна падсілкоўванне, бо велізарная колькасць вады выпараецца. Падсілкоўванне патрэбнае, але можа быць развязанае без выкарыстання вадаёма-ахаладжальніка.

Хачу звярнуць вашу ўвагу на заяву спікера МАГАТЭ Гросі нумар 161 ад учорашняга дня, дзе ён сказаў, што на працягу месяца можна будзе разглядаць пытанні з вадаёмам-ахаладжальнікам. Яшчэ раз падкрэслю, калі гэта будзе камусьці патрэбна.

Падагульняю: калі б атамная станцыя была ў працы на магутнасці, то спуск Кахоўскага вадасховішча, які прывёў бы да праблем з вадаёмам-ахаладжальнікам, быў бы сур'ёзнай падзеяй. Паколькі тыя рэактары, якія залежаць ад вадаёма-ахаладжальніка, даўно спыненыя, рэшткавае цеплавылучэнне можа здымацца праз замкнёную сістэму водазабеспячэння, якая працуе з пырскальнымі басейнамі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках